Наступ на міграцыйным фронце


Напружанне на польска-беларускай мяжы расце. У імправізаваным лагеры мігрантаў з беларускага боку памежнага пераходу «Брузгі» застаюцца каля васьмісот чалавек – заявіла прэс-сакратар польскай памежнай службы. Новых спробаў прарваць мяжу яны не рабілі.

Мінабароны Польшчы заявіла пра гатовасць сцягнуць на мяжу дадаткова 8 тысяч жаўнераў тэрытарыяльнае абароны.

Вось так выглядаюць ваколіцы памежнага пераходу «Кузніца-Брузгі». Ад сёння ён закрыты. Ноч на двухградусным марозе на беларускім баку мяжы правялі каля тысячы чалавек. Участкі агароджы, што ўчора штурмаваліся мігрантамі, блакуюць польскія паліцыянты і памежнікі. За сітуацыяй сочаць з верталётаў і беспілотнікаў. Раніцай на мяжы пабываў прэм’ер-міністр Польшчы.

«Хто б мог падумаць два-тры месяцы таму, што мы сутыкнёмся з тактыкай «жывых шчытоў»? Рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае грамадзянскае насельніцтва як зброю для вядзення гібрыднай вайны», – кажа прэм’ер-міністр Польшчы Матэўш Маравецкі.

Каля мяжы цяпер застаюцца да чатырох тысяч мігрантаў – заявіў каардынатар спецслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын. Колькасць людзей, якія прыляцелі ў Беларусь, каб трапіць у Еўразвяз, ён ацаніў у 12 тысяч чалавек. Як рэагаваць на крызіс – абмеркавалі сёння дэпутаты Сейму, а таксама кіраўнікі сілавых міністэрстваў і прэзідэнт Польшчы.

«Мы з самага пачатку былі гатовыя дапамагчы. Мы высылалі канвоі з гуманітарнай дапамогай на беларускую мяжу, каб яе раздалі гэтым людзям. Беларускі рэжым не дазволіў гэтым канвоям заехаць. Гуманітарная дапамога па-ранейшаму застаецца ля мяжы», – нагадаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда.

Як паведаміла інфармагенцтва Delfi, уначы беларускія сілавікі прымусова вывезлі групу мігрантаў за 20 кіламетраў на поўнач – пад мяжу з Літвою.

«Тых, хто быў не ў цэнтры лагеру, пасадзілі ў вялікія машыны, усіх: дзяцей, семʼі – 500 чалавек. Загадалі садзіцца, сказалі, што павязуць у Польшчу. Людзі плакалі, прасілі нікуды іх не везці, не адрываць ад лагеру і блізкіх. Тады беларускія памежнікі сталі страляць у паветра», – працытавала агенцтва аднаго з мігрантаў.

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі заявіў, што страляніна была з польскага боку. Дзяржаўныя СМІ пачалі публікаваць фота і відэа дзяцей, якія мерзлі на мяжы, і абвінавачваць у іхных пакутах польскіх сілавікоў. Беларускія дэпутаты абвінавацілі Еўразвяз у здрадзе дэмакратычным каштоўнасцям.

Тым часам мігранты, якія трапілі ў Польшчу, у сваіх пакутах абвінавачваюць беларускіх сілавікоў. Паводле іх, памежнікі заводзяць людзей на прымежную паласу, але пайсці назад – не даюць.

«Я сустракала людзей з разбітымі тварамі, з сінякамі пад вачыма, рассечанымі бровамі, пашкоджанымі нагамі. Людзі, якія ляжалі ў шпіталі ў Гайнаўцы, расказвалі, як супраць іх выкарыстоўвалі паралізатары і тушылі аб іх цыгарэты. Адна дзяўчына ад збіцця атрымала разрыў кішкі. […] Мне таксама расказвалі, што ў памежнай зоне дзейнічаюць злачынныя групы, магчыма, звязаныя з сілавікамі, яны нападаюць на людзей, у якіх заўважаюць добрыя тэлефоны або каштоўныя рэчы», – паведаміла мясцовая валанцёрка Катажына.

Са словаў актывісткі, большасць мігрантаў, якіх яна бачыла – гэта курды з Іраку. У адрозненне ад грамадзянаў з ахопленай вайной Сірыі ці аўтарытарнага Ірану, яны амаль не маюць шанцаў атрымаць прытулак у Еўразвязе. У Беларусь, якая мяжуе з Абʼяднанаю Еўропай, іх завабліваюць падманам.

«Сацыяльныя сеткі ў арабскіх краінах заліла хваля відэа, што рэкламуе шлях праз Беларусь. Гэты маршрут рэкламуюць як лёгкі і кароткі. Рэкламы кажуць: «Шлях займае ўсяго 10 дзён! Ён у разы карацейшы за дарогу праз мора! Ты павінен быць гатовы прайсці пару дзясяткаў кіламетраў праз лес і пражыць у холадзе максімум тыдзень!» – распавяла Катажына.

Заблакаваныя на памежнай паласе людзі ў холадзе і голадзе праводзяць да паўтара месяца. Вырвацца адтуль і зʼехаць у Менск, паводле слоў Катажыны, можна толькі за хабар. Тыя ж, каму ўдалося трапіць у Польшчу – хаваюцца ў лясах, спадзеючыся, што нелегальныя перавозчыкі даставяць іх у Нямеччыну. Усё часцей польскія валанцёры знаходзяць вельмі знясіленых, хворых людзей і адвозяць іх у больніцы. Пасля лячэння большасць мігрантаў чакае дэпартацыя.

Аляксандр Папко, «Белсат»