Карупцыя «чацвёртага пакалення»


Чарговае гучнае расследаванне на «Белсаце». Гэтым разам каманда праграмы «Давайце разбірацца» дакапалася да карупцыйнае схемы пад патранажам сям’і Лукашэнкі ў галіне тэлекамунікацыйных паслугаў.

А вы не задумваліся, чаму ў Беларусі, у параўнанні з усімі нашымі суседзямі – найгоршы і адначасова найдаражэйшы мабільны інтэрнэт? Адказ – у новым расследаванні аўтараў праграмы «Давайце разбірацца» на «Белсаце».

Паводле каманды Беларускага расследвальніцкага цэнтру, якая і робіць праграму «Давайце разбірацца», яшчэ 10 гадоў таму была створаная кампанія «Беларускія воблачныя тэхналогіі», або папросту «beCloud», як раз дзеля таго, каб стварыць альтэрнатыву дзяржаўнаму манапалісту – «Белтэлекаму». Аднак тое, што на словах называлася альтэрнатывай, на справе сталася… папросту прыкрыццём для карупцыі на найвышэйшым узроўні.

«Улады, у адрозненне ад усіх нашых суседзяў, стварылі «пракладку», якой аддалі ўсе частоты 4-га пакалення – і гэтая «пракладка» ужо перапрадае потым гэта нашым мабільным аператарам, якія, у сваю чаргу, прадаюць насельніцтву з улікам нацэнкі гэтай «пракладкі», – тлумачыць кіраўнік Беларускага расследвальніцкага цэнтру Станіслаў Івашкевіч.

Аўтары расследавання скіравалі запыты ў шэраг дзяржаўных структураў, каб высветліць, з чаго раптам гэткія прывілеі нададзеныя кампаніі-пасярэдніцы і навошта наагул гэты пасярэднік патрэбны. Адказаў нашыя калегі не атрымалі. Аднак, калі расследвальнікі высветлілі, каму належыць кампанія, пытанне адпала само сабою.

«Гэтая «пракладка» называецца «beCloud». І палова яе належыць НЦААТу, падкантрольнаму ААЦ, што курыруе Віктар Лукашэнка. А другая палова належыць кіпрыёцкай «афшорцы», якая, у сваю чаргу, належыць тром іншым ананімным кампаніям, зарэгістраваным на Брытанскіх Віргінскіх Астравах, на Сэйшэльскіх Астравах і ў Белізе», – кажа Івашкевіч.

У выніку расследавання, дарэчы, усплыла яшчэ і махінацыя, якую пракруцілі высокапастаўленыя карупцыянеры.

«У суседніх краінах мабільныя аператары куплялі на конкурсе частоты 4-га пакалення і заплацілі за гэта ад соцень мільёнаў долараў (як, напрыклад, ва Украіне) да чатырох мільярдаў долараў (як, напрыклад, у Партугаліі). Улады Беларусі аддалі гэтыя частоты гэтай «афшорцы» бясплатна», – распавядае Івашкевіч.

То бок адным указам дыктатара беларускі бюджэт не далічыўся прынамсі сотняў мільёнаў долараў. Пры гэтым «афшорка» працягвае засвойваць бюджэтныя грошы не толькі на перапродажы частотаў. Таксама пад кампанію «beCloud» быў створаны Цэнтр захоўвання дадзеных, дзе абавязаныя захоўваць свае звесткі ўсе дзяржаўныя ўстановы. А з наступнага года кампанія мае засвоіць яшчэ яшчэ адзін кавалак бюджэту, дзякуючы атрыманай ад Лукашэнкі манаполіі на хостынгавыя паслугі.

«У Беларусі апошнім часам імкліва пашыраецца «афшарызацыя». І вось на фоне ўсіх размоваў пра бітву за ўраджай, пра каровак і трактары, сямʼя Лукашэнкі і Лукашэнка асабіста сваімі ўказамі працягвае расцягваць бюджэтныя даходы Беларусі па Сэйшэльскіх і Віргінскіх астравах і па розных іншых экзатычных ананімных юрысдыкцыях», – рэзюмуе Станіслаў Івашкевіч.

Цалкам расследаванне можна зірнуць на ютуб-канале «БЕЛСАТ-NEWS».

Валера Руселік, Белсат