Еўразвяз будзе працягваць ціск на беларускія ўлады з-за міграцыйнага крызісу


Менск і Масква разам будуць несці адказнасць за міграцыйны крызіс, што разгортваецца на мяжы з Еўразвязам. Як мінімум, палітычны рэжым атрымае санкцыі супраць асобаў, арганізацыяў і кампаніяў, якія завозяць мігрантаў на мяжу. Максімум – перспектыва крымінальных справаў супраць «аўтараў ідэі» стварэння міграцыйнага крызісу.

У заходніх палітыкаў усё больш прэтэнзіяў да кіраўнікоў краінаў гэтак званай Саюзнай дзяржавы і гаспадара беларускай мяжы – у прыватнасці.

Прэс-сакратар Дзярждэпу ЗША Нэд Прайс кажа:

«Пакуль Беларусь парушае свае міжнародныя абавязальніцтвы, падрываючы мір і бяспеку ў Еўропе, пакуль яна не перастане эксплуатаваць ні ў чым невінаватых людзей, якія шукаюць свабоды, мы будзем аказваць ціск на Лукашэнку, каб ён выконваў нашыя патрабаванні».

Супольна з ААН еўрапейцы шукаюць шляхі перадухілення глыбокага гуманітарнага крызісу. Актывізуюць перамовы з уладамі тых краін, з якіх бягуць мігранты, каб ім на радзіме казалі пра абстаноўку на мяжы.

На заклік прэзідэнта Еўракамісіі Уршулі фон дэр Ляен Еўразвяз імкнецца хутчэй прыняць пяты – пашыраны пакет санкцыяў супраць адказных за сітуацыю на мяжы. У пытанні санкцыйнага спісу, сярод іншых, кансультаваліся са Святланай Ціханоўскай. Яе старэйшы дарадца Франак Вячорка кажа пра ваганні еўрапалітыкаў:

«Ці павінная ў гэты спіс патрапіць, напрыклад, «Белавія», Менскі аэрапорт і службы, якія абслугоўваюць аэрапорт. Ці павінныя там быць таксама дзяржаўныя інстытуты, прадпрыемствы і банкі… Але я думаю, што пасля таго, што зрабіў Лукашэнка з гэтай правакацыяй на мяжы з удзелам лукашэнкаўскіх спецслужбаў, санкцыі будуць максімальна шырокія».

Сітуацыя адаб’ецца і на інтарэсах Расеі, якая напярэдадні гарантавала Беларусі плячо ў міграцыйным крызісе. Гаворка аб частковым або поўным спыненні гандлёвага трафіку праз заходнюю мяжу, якое абмяркоўваюць улады шэрагу еўрапейскіх краінаў. Другі рычаг – мае быць газавы – лічыць палітолаг і дыпламат з Украіны Аляксандр Хара:

«Пытанне спыненне «Паўночнай плыні-2», пакаранне Расеі за тое што яна маніпулюе коштамі на газ і намагаецца разбурыць агульную еўрапейскую энергетычную палітыку. Я маю на ўвазе разбурэнне спотавага газавага рынку, каб падпісваць доўгатэрміновыя газавыя кантракты і рабіць такім чынам больш лаяльнымі нацыянальныя ўрады».

Перашкодзіць гэтым планам Расеі трэба як мага хутчэй, лічыць і юрыст-міжнароднік Барыс Бобін. Кампанію з мігрантамі ён называе ідэнтычнаю замаху Расеі на анексію Крыму:

«Блакаванне вайсковых частак ажыццяўлялася нібыта мірным насельніцтвам, за спінаю ў якога стаялі жаўнеры Расейскай Федэрацыі. У прынцыпе, спадар Пуцін сам пра гэта казаў, што «яны нам нічога не зробяць, бо мы будзем стаяць за жанчынамі з дзецьмі і яны не стрэляць». Мы бачым сёння (на памежжы – заўв. рэд.) тую ж самую схему».

Пасля рашэння Лукашэнкі і Пуціна аб адзінай міграцыйнай палітыцы пытанні аб міграцыйным крызісе пачалі задаваць і Маскве. Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар прэзідэнта Расеі, сітуацыю бачыць так: «Напружаная, трывожная – гэта патрабуе адказных паводзінаў усіх бакоў, якія маюць да гэтага дачыненне».

У Польшчы, якая ў гэтыя хвіліны стрымлівае плынь мігрантаў, упэўненыя, што ва ўсходняга боку крызісу пакуль што няма палітычнай волі на змену паводзін.

Юлія Цяльпук, «Белсат»