«Урад прапаноўвае мадэрнізаваць фармат функцыянавання прадпрымальніцкага сегменту эканомікі»


Удасканаліць закон аб прадпрымальніцкай дзейнасці так, каб мець больш кантролю і збіраць больш падаткаў… Лукашэнка заявіў, што хоча бачыць сістэму ў галіне, у якой «конь не валяўся», і стымуляваць прадпрымальнікаў да пераходу на юрыдычны статус. Адзін з экспертаў «Белсату» назваў гэтыя дзеянні «Забойствам пад выглядам удасканалення».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Індывідуальныя прадпрымальнікі саступаюць рынак гандлёвым сеткам. Толькі шэсць цэлых сем дзясятых адсотка раздробнага таваразвароту Беларусі – прыпадае на фізічных асобаў. Вінаватая не столькі канкурэнцыя. Падае колькасць прадпрымальнікаў – прапарцыйна крокам, якія робіць дзяржава ў іх дачыненні.

«Урад прапаноўвае мадэрнізаваць фармат функцыянавання гэтага сегменту эканомікі. Ніхто не нікога не цісне. Правяраем аплату падаткаў і будзем правяраць. Эвалюцыйным шляхам трэба ствараць прадпрымальніцкае атачэнне, якое будзе адказваць запросам нашага грамадства».

Мадэрнізацыя, эвалюцыя, стварэнне – набор словаў, якія не маюць дачынення да дзеянняў рэжыму ў прадпрымальніцкім асяродку, у прыватнасці – у індывідуальным прадпрымальніцтве – кажа бізнесовец Аляксандр Кныровіч.

«Гэта план па свядомым забойстве іпэшнікаў. Давайце казаць шчыра, Лукашэнка і астатнія чыноўнікі наўпрост кажуць: “Нам іпэшнікі ў эканоміцы не патрэбныя”. Кропка»

У Беларусі не шмат і не мала – 274 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў. Кіраўнік рэжыму заявіў, што трэба стварыць стымул для іхнага пераходу ва ўнітарныя прадпрыемствы, спачатку малыя, потым – сярэднія.

Індывідуальным прадпрымальнікам хочуць цалкам адмяніць спрошчаную сістэму падаткаабкладання. У якасці асноўнага падатковага рэжыму выкарыстоўваць падаходны падатак з павелічэннем яго стаўкі з 16 да 20 % – налета, а з 2024-га году – да 25 %. Скараціць пералік відаў дзейнасці для выплаты адзінага падатку і павялічыць яго стаўкі ў 1,5-3разы. Гэта не прапановы, а ўжо законапраект.

«У нас былі ІП, была спрошчаная сістэма падаткаабкладання, нейкую колькасць адсоткаў яны плацілі і гэтага было дастаткова для іх памеру дзейнасці. Любыя спробы “давайце мы іх падоім, зробім 15-16 %” не прывядуць да таго, што гэтыя людзі сыдуць ва ўнітарныя прадпрыемствы. Гэта ілюзія».

Любая юрыдычная форма (як і ўнітарнае прадпрыемства) – гэта высокія рызыкі. Таму іпэшнікі вернуцца да працы ў ценю эканомікі, і толькі 5-7 адсоткаў – канвертуюцца ва ўнітарнае прадпрыемства, лічыць Кныровіч.

Менш зробіцца і ўласнікаў аграсядзібаў. Але з іншае прычыны. Лукашэнка заявіў, што ў гэтым бізнесе ёсць лішнія:

«Тут побач з горадам у выдатных месцах пад выглядам аграэкатурызму пабудавалі гатэлі. Я не супраць. Але плаціце падаткі як усе гасцінічныя комплексы», – заявіў ён і той жа закід кінуў да кавярняў і рэстарацыяў, зарэгістраваных як аграсядзібы.

Ільготы для гаспадароў аграсядзібаў меліся дзеяць да 2025-га году. Гэта крэдыты ПДВ памерам у дзве базавыя велічыні ў год. Але сёлета збор паднялі да 31-го рубля ў месяц. Ад новага году планавалі прапісаць, якую плошчу мае займаць аграсядзіба, увесці змены па правядзенні карпаратываў.

Ананімны суразмоўца «Белсату» – напярэдадні зачыніў аграсядзібу, якая месцілася пры трасе на Маскву і збольшага была папулярнаю для гасцей з Расеі.

«Па сутнасці – пасля пачатку вайны зусім няма турыстаў. Што да аграсядзібавага бізнесу – ён быў прывабным, пакуль дзяржава не ўмешвалася. Уласнікі сядзібаў пераймаюцца, што цяпер пачнуцца праверкі, ад якіх пацярпяць не толькі закамуфляваныя пад агратурызм аб’екты», кажа гаспадар сядзібы – Валянцін (імя змененае).

Гаспадар іншай аграсядзібы, якая месціцца на мяжы Менскай вобласці, на бязлюддзі – на колькасць гасцей не наракае. Алег таксама «ЗА» тое, каб з аграэкатурызму прыбралі неадпаведных галіне бізнесоўцаў. Што да магчымых зменаў у падаткаабкладанні. Алег (імя змененае) кажа:

«Пацягнем, добрая рэклама і добры падход да працы робяць сваю справу. Калі ўвядуць толькі 10 % падатку – можна жыць пры добрай колькасці гасцей. На гасцей з Расеі мы арыентацыю не рабілі. Іх і не было. Усе з Беларусі. Хто раней адпачываў за мяжой, у мінулыя гады адкрыў для сябе, што ў Беларусі вельмі цікава».

Гаспадар адзначыў аднак, што офісе ён зарабляў больш і працаваў менш. Але ў гэтай галіне людзей трымае тое, што ты развіваеш уласнае і захоўваеш нацыянальныя традыцыі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»