Паўночная Карэя афіцыйна ядравая. Ці чакаць рэальных дзеянняў?


Паўночная Карэя святкуе гадавіну ўтварэння, разам з гэтым катэгарычна і беззваротна абвяшчае сябе ядраваю дзяржаваю.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Галоўнае – правесці незваротную рысу, каб не было ніякіх перамоваў наконт нашай ядравай зброі. Пакуль яна застаецца на зямлі, захоўваецца імперыялізм і манеўры ЗША супраць нашай рэспублікі, нашая праца ва ўзмацненні ядравай моцы не спыніцца», – заявіў кіраўнік КНДР Кім Чэн Ын.

Дакумент абяцае, што ядравая зброя – крайняя мера супраць агрэсіі, і КНДР не будзе ўжываць яе першая. Усё ж асноўная мэта – захаваць рэжым, мяркуе прафесар Універсітэту Кукмін у Сеуле Андрэй Ланькоў:

«Абапіраючыся на тое, што Паўночная Карэя бачыла за апошнія 2-3 дзесяцігоддзі, прыйшла да высновы, што ядравая зброя – адзіная гарантыя недатыкальнасці ці то краіны, ці то рэжыму. Калі вам рэжым не падабаецца, можаце казаць, што гэта рэжым сябе абараняе. Калі ён вам чамусьці падабаецца, можаце казаць, што такім чынам мудры ўрад абараняе нацыю, яе інтарэсы. На практыцы ў гэтым выпадку адасобіць рэжым і нацыю вельмі цяжка».

Эксперт лічыць, што Кім Чэн Ын баіцца паўтарыць лёс, напрыклад, Муамара Кадафі. Лівійскі дыктатар пагадзіўся здаць ядравыя распрацоўкі за эканамічнае падтрыманне. Калі ж пачалася рэвалюцыя, краіны NATO ёй дапамаглі. У Кадафі не было ядравай зброі, каб стрымаць Захад: паўстанне перамагло, дыктатара забілі.

Гэтак, днямі Паўднёвая Карэя абяцала эканамічна дапамагчы паўночнай суседцы за адмову ад нямірнага атаму. Аднак рэжым заявіў, што ЗША ды іх хаўруснікі накладаюць санкцыі, праводзяць вайсковыя вучэнні, праз што Паўночная Карэя не верыць мірным заклікам.

Тым не менш з новаю заявай эксперт заўважае новыя амбіцыі краіны. Напрыклад, напад на Паўднёвую Карэю, але гэта далёкая перспектыва, упэўнены Андрэй Ланькоў:

«Спатрэбяцца дзесяцігоддзі, каб стварыць элементарна арсенал, дастатковы для таго, каб правесці нейкую ўдалую кампанію супраць Поўдня. Да таго ж трэба яшчэ дамагчыся, каб за Поўдзень не заступіліся ЗША, што таксама няпроста. У любым выпадку гэты варыянт рэальны, але малаверагодны».

Калі не спецыяльна, то, мабыць, выпадкова? Сістэма рэагавання на ядравую небяспеку ўжо давала збой. У 1983-ім годзе савецкая сістэма ранняга папярэджання паведаміла пра запуск ракетаў з амерыканскай базы. Прааналізаваўшы ўсю інфармацыю, падпалкоўнік Станіслаў Пятроў пастанавіў, што гэта памылка. І меў рацыю. Рэдкае супадзенне сонечнага святла са спадарожнікам магло прывесці да атамнай вайны.

Афіцыйна ў свеце 8 ядравых дзяржаў. Найбольш ракетаў у Расеі і ЗША – па некалькі тысячаў. Паўночная Карэя мае каля 20-ці боегаловак. Бомбу, магчыма, мае Ізраіль, але гэта не пацверджана.

Але ці магчымы свет без нямірнага атаму? Андрэй Ланькоў мяркуе, што, пакуль краіны хочуць захоўваць суверэнітэт, не.

«Нават калі гэты мір калісьці і ўзнікне, ніхто з тых, хто жыве на нашай планеце, уключаючы і тых, хто ходзіць у малодшую групу дзіцячага садка, гэтага не пабачыць».

Беларусі сярод ядравых краінаў няма, але ў сваім віншаванні з гадавінаю заснавання Паўночнай Карэі Лукашэнка кажа пра падабенства краіны з Беларуссю:

«Варта згадаць пра падабенства лёсаў беларускага і паўночнакарэйскага народаў, якія прынеслі вялікія ахвяры, каб здабыць і захаваць сваю незалежнасць, права на ўстойлівае развіццё суверэнных дзяржаваў».

Раней Лукашэнка заяўляў пра пераабсталяванне беларускіх самалётаў Су-24 пад ядравыя зарады. Якія яшчэ падабенствы знайшоў дыктатар? Знішчэнне грамадскай супольнасці? Эканамічная неразвітасць? Палітычныя вязні?

Яна Шэк, «Белсат»