Чарлз трэці змяніў Элізабэт другую


Па ўсёй Брытаніі сёння гучаць салюты ў гонар памерлай каралевы Элізабэт Другой. А да каралеўскай рэзідэнцыі – Бакінгэмскага палацу – і да замку Балморал у Шатландыі, дзе памерла каралева, брытанцы нясуць развітальныя кветкі. Для бальшыні з іх каралева была адзіным манархам, якога яны ведалі ў сваім жыцці.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Сёння пачалася жалоба ў Вялікай Брытаніі ды 56-ці краінах Брытанскай Садружнасці, у 14-ці з якіх кароль Вялікай Брытаніі – кіраўнік дзяржавы, між іншага гэта Аўстралія, Канада і Новая Зеландыя.

У Аўстраліі смерць каралевы ўшанавалі салютам з 96-ці залпаў – менавіта ў такім веку памерла Элізабэт Другая. Яна манарх з самым вялікім тэрмінам кіравання за ўсю гісторыю Вялікай Брытаніі, а таксама найстарэйшая кіраўніца дзяржавы ў свеце.

Элізабэт Другая ўзышла на трон у 1952-ім ва ўзросце 25-ці гадоў пасля адрачэння ад трону дзядзькі і ранняй смерці бацькі. Ейная каранацыя ва Ўэстмінстэрскім абацтве сталася першай урачыстасцю такога кшталту, што калі-кольвек транслявалася праз тэлебачанне. Паводле сайту каралеўскай сям’і, у Вялікай Брытаніі яе паглядзелі 27 мільёнаў чалавек.

Але служыць свайму народу і сваёй краіне прынцэса Элізабэт паабяцала яшчэ раней, у 21 год, упершыню выступаючы перад краінамі Садружнасці.

«Я заяўляю перад усімі вамі, што ўсё маё жыццё, доўгае ці кароткае, будзе прысвечанае служэнню вам і служэнню нашай вялікай імператарскай сямʼі, да якой мы ўсе належым», – сказала тады прынцэса Элізабэт.

На перыяд кіравання Элізабэт Другой выпала шмат вызначальных для краіны падзеяў: Брытанская імперыя была дэкаланізаваная і трансфармавалася ў Садружнасць нацыяў, Вялікая Брытанія ўвайшла ў Еўразвяз і выйшла з яго, у Паўночнай Ірландыі распаліўся этнапалітычны канфлікт, а на Фолклэндскіх выспах прайшла вайна. І праз усе дзесяцігоддзі палітычных і сацыяльных зменаў каралева заставалася сімвалам нацыянальнай стабільнасці.

Каралева Элізабэт Другая была надзвычай папулярная ў брытанскім грамадстве, асабліва апошнія гады. Паводле сёлетніх апытанняў, 86 адсоткаў брытанцаў заяўлялі, што задаволеныя тым, як каралева выконвае сваю працу.

Цяпер перад новым брытанскім каралём, 73-охгадовым Чарлзам Трэцім, стаіць складаная задача заняць месца маці – строгай, мудрай, справядлівай, натхняльнай і ўлюбёнай каралевы – для некалькіх соцень мільёнаў чалавек.

Чарлз Трэці пасля смерці каралевы стаўся каралём аўтаматычна, а спадкаемца брытанскага трону – ягоны старэйшы сын прынц Ўільям. Жонка Чарлза – Каміла Роўзмары Маўнтбэтэн-Ўіндзар – цяпер каралева-кансорт.

Чарлз Трэці вярнуўся ў Лондан з замку Балморал у Шатландыі, дзе каралеўская сямʼя сабралася перад смерцю каралевы. Ён сустрэўся з прэмʼер-міністрам Ліз Трас і выступіў са зваротам да нацыі.

Афіцыйна Чарлза абвесцяць каралём у суботу. Гэта мае адбыцца ў Сэйнт-Джэймзкім палацы ў Лондане, перад цырыманіяльным органам, які называецца Рада заняцця пасаду. Пасля гэтага ўпершыню за 70 гадоў у брытанскім гімне прагучаць словы «Божа, беражы караля», а не каралеву. Сімвалічным жа завяршэннем уступлення караля на манаршы пасад станецца афіцыйная каранацыя, якая можа адбыцца нават праз некалькі месяцаў.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»