Беларускі рэжым працягвае рэпрэсіі нават па-за межамі краіны


Рэпрэсіі супраць актывістаў і пратэстоўцаў не спыняюцца, а толькі пашыраюць свой маштаб.

Сёння суд расейскага Белгараду пастанавіў экстрадаваць берасцейца Вадзіма Дубойскага ў Беларусь, дзе паводле абвінавачання ва ўдзеле ў масавых закалотах яму пагражае да васьмі гадоў зняволення.

«Які стан можа быць у чалавека, які амаль паўгода застаецца ў зняволенні? Не вельмі добры. Але так ці інакш цяпер хаця б пачынаецца нейкі працэс», – кажа кіраўнік Маскоўскай Хельсінскай Групы Раман Кісялёў.

Затрымалі Вадзіма летась у жніўні. Моцна збітага і без дакументаў яго выпусцілі ўжо праз содні. Ён трапіў у шпіталь. Другога затрымання не чакаў, і ўвосень з’ехаў з краіны. Для Маскоўскай Хельсінкскай групы гэта восьмая падобная справа.

«На дадзены момант экстрадаваны толькі адзін. Гэта Аляксей Кудзін. Што датычыць астатніх, у нас ужо ёсць некалькі рашэнняў аб экстрадыцыі, якія мы аспрэчылі і ў аспрэчванні якіх мы не напаткалі поспеху, але пры гэтым нікога больш гэткім чынам, як Аляксея Кудзіна, не экстрадавалі», – дадае Раман Кісялёў.

Як катуюць у беларускіх турмах тых, хто праходзіць у палітычна матываваных справах, вядома. «Ты, палітычны, здохнеш», – казалі няпоўнагадоваму Мікіту Залатарову ў гомельскім СІЗА. Іншаму палітзняволенаму, Сяргею Верашчагіну, адмовілі ў шпіталізацыі – нават пасля супольнага звароту беларусаў. Ён усё гэтак жа зазнае невыносны гвалт і губляе зрок. Пра праблемы са зрокам цяпер паведамляе і Сяргей Ціханоўскі.

«Безумоўна, знаходжанне ў турэмных умовах больш за год не магло не адбіцца на зроку і агулам на стане здароўя. Таму ўласная свабода і ўсё, што суправаджае гэтую з’яву, – вельмі важная акалічнасць», – каментуе сітуацыю юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна» Павел Сапелка.

«Цяпер ужо справа ў судзе, так што хвалявацца няма за што. Далей мне ўжо ўсё зразумела», – піша ў лісце з гомельскага СІЗА Сяргей Ціханоўскі. У тым жа ізалятары судовага выраку чакае і старшыня гомельскага аддзялення «Вясны» Леанід Судаленка. Нядаўна яму пералічылі тэрмін зняволення – дзень за паўтара, і ўпершыню за 8 месяцаў далі пабачыцца з сынам.

«Упершыню за 8 месяцаў убачыў сына. Дзве гадзіны па тэлефоне праз два шкла. Тым не менш, прамень святла ў цёмным царстве», – каментуе палітзняволены Леанід Судаленка.

Пінскі крымінальны вышук прыйшоў і да праваабаронцы Веранікі Івановай. У выніку праглядзелі асабістыя запісы судовых паседжанняў і забралі тэхніку.

«Усе гэтыя вобшукі, гэтыя бясконцыя допыты, усе гэтыя затрыманні, яны абуджаюць тых, хто нават ужо, можа быць, і хацеў бы спыніцца, супакоіцца і больш не прымаць удзелу. Я скажу пра сябе: калі я ўвесь час знаходжуся ў актыўнай фазе, то людзі, якія ўжо ўхіліліся ад пратэстнага руху, з-за таго, што адбываецца са мной, вяртаюцца», – кажа праваабаронца Вераніка Іванова.

Спіс імёнаў тых, хто застаецца ў руках сілавікоў сёння папоўніўся новымі прозвішчамі. Зранку на вуліцы Прытыцкага ў Менску планаваўся марш пратэсту з удзелам 50 чалавек. Колькі сілавікі паспелі затрымаць, дакладна не вядома. Праваабаронцам удалося высветліць імёны дваіх. Гэта Дзмітрый Палякоў і Аляксей Бусел.

Надзея Бельская, «Белсат»