Як «свята дэмакратыі» пераўтварылася ў самы доўгатэрміновы пратэст у гісторыі Беларусі


«Каб гаварыць аб тым, што з заўтрашняга дня краіна будзе ўведзеная ў хаос або нейкае проціборства, супрацьстаянне… Ці краіна будзе ўведзеная ў нейкую грамадзянскую вайну… Падставаў абсалютна няма. Я вам гэта шчыра заяўляю і гарантую» – казаў Аляксандр Лукашэнка ў асноўны дзень галасавання 9 жніўня 2020 года.

Акрамя гэтага, роўна год таму Аляксандр Лукашэнка абяцаў беларусам і атмасферу свята на прэзідэнцкіх выбарах. Паводле ЦВК, свята дэмакратыі пачалося загадзя. Нібыта ажно 42 адсоткі выбарнікаў прагаласавалі датэрмінова. Але ў асноўны дзень волевыяўлення беларусы стаялі нават у кіламетровых чэргах да выбарчых участкаў. Такую сітуацыю можна было назіраць як у самой Беларусі, так і ў замежных консульствах і амбасадах.

Да асноўнага дня галасавання затрымалі 8 чальцоў каманды Святланы Ціханоўскай. Пра іхнае месца знаходжання не было вядома ні самой Святлане, ні іншым прадстаўнікам аб’яднанага штабу.

Інтэрнэт 9 жніўня з самай раніцы працаваў з перабоямі. Шмат хто скардзіўся на тое, што ў іх не адкрываюцца інфармацыйныя парталы і што яны не могуць загрузіць фотаздымкі сваіх бюлетэняў на платформы незалежных назіральнікаў. Нягледзячы на гэта, платформы «Голас» і «Зубр» змаглі сабраць дастаткова доказаў таго, што выбары былі сфальсіфікаваныя. Галоўны інжынер платформы «Зубр» кажа, што парушэнні былі зафіксаваныя амаль на кожным выбарчым участку.

«Накручвалі датэрміновае галасаванне, рабілі нейкія маніпуляцыі ў выніковы дзень галасавання. Я ведаю гісторыю: нядаўна прыязджаў у Літву назіральнік, які быў ва Уруччы. На іх старшыня проста ў дзень галасавання выклікаў АМАП, і яго ён пашкадаваў выключна таму, што ў яго была цяжарная жонка. І ён так яму і сказаў. То бок гэта паказвае, наколькі яны там у неадэкваце поўным» – сцвярджае галоўны інжынер платформы «ЗУБР» Павал Патапаў.

Пасля закрыцця выбарчых участкаў у эфіры дзяржаўных тэлеканалаў агучылі вынікі афіцыйных экзіт-полаў. Згодна з імі, Аляксандр Лукашэнка набраў амаль 80% галасоў, а Святлана Ціханоўская – менш за 7%. На знак пратэсту тысячы беларусаў выйшлі на цэнтральныя плошчы сваіх гарадоў. Праваахоўнікі сустрэлі пратэстоўцаў гумовымі кулямі, святлошумавымі гранатамі, вадамётамі і слезацечным газам.

Мікалай Бандарэнка – інвалід другой групы паводле зроку – таксама не змог застацца ўдома. На плошчу пайшоў разам з сямʼёй.

«Ніякай не было ні каардынацыі, нічога. Усё было ў адным парыве. Куды? На Стэлу. І мы таксама з усім патокам рушылі на Стэлу. І ўжо, падыходзячы да Стэлы, ужо бліжэй да 11-й гадзіны, пачуліся першыя выбухі і першыя стрэлы. Незразумела было, як страляюць, хто страляе… Баявымі, халастымі… Вядома, людзі ўсе былі ў шоку» – узгадвае падзеі 9 жніўня мінулага году Мікалай Бандарэнка.

Той ноччу затрымалі дзясяткі нашых калегаў. Каля Стэлы ў Менску працаваў і наш журналіст Арцём Лява. Вось як ён успамінае паводзіны АМАПу ў дачыненні пратэстоўцаў:

«Яны баяліся кантакту прамога з людзьмі, таму што іх была меншасць. Людзей было вельмі шмат. Яны проста кідалі наперадзе гранаты, стралялі, і проста на адлегласці ўжо людзі разыходзіліся за метраў 200–300 ад калоны АМАПу».

З вуліцаў пратэстоўцы сышлі бліжэй да раніцы. За тую ноч, як паведамляе МУС Беларусі, затрымалі больш за тры тысячы чалавек па ўсёй краіне. Але гэтая ноч была толькі пачаткам беларускай рэвалюцыі, якая не спыняецца вось ужо год.

Міхаіл Прановіч, «Белсат»