Улады Беларусі імкнуцца знішчыць свабоду слова


«Неадкладна спыніць ціск на СМІ і забяспечыць выкананне права на свабоду слова» – заклікаюць сёння беларускія і сусветныя праваабарончыя арганізацыі. Кіраўнік сілавой вертыкалі адказвае адмовай.

«Тут былі замежныя – «Белсат»… («Еўрарадыё», «Радыё Свабода» – дадае прэс-сакратарка) Вы ж усё скрывілі. Вы скрэмзалі мой народ, маю дзяржаву, я пра сябе ўжо не кажу… І вы гэта называеце медыямі? Дык я шчыра сказаў, у адрозненне ад вашых прэзідэнтаў… Мы зачысцім гэтую дрэнь. І зачысцілі. І будзем чысціць», – кажа Лукашэнка.

Цягам года і асабліва ў апошнія некалькі месяцаў за мяжу часткова ці цалкам пераехалі шэраг рэдакцыяў, асобныя журналісты і блогеры. Сярод іх – Антон Трафімовіч, які працаваў для «Радыё Свабода» падчас выбарчай кампаніі, а ў крывавыя дні 9-12-га жніўня ладзіў стрымы наўпрост з-пад Менскай Стэлы…

«Беларусь ператварылася ў самую небяспечную краіну для журналістаў прынамсі ў Еўропе. Проста пачаліся масавыя аблавы на журналістаў па ўсёй краіне. Кола тых людзей, якія трапляюць у турмы і ізалятары ўвесь час пашыраецца», – кажа Трафімовіч.

У гадавіну пасля выбараў праваабаронцы з Цэнтру «Вясна» апублікавалі несуцяшальную статыстыку… 29 беларускіх журналістаў застаюцца за кратамі паводле крымінальных справаў. Адміністратыўных арыштаў было 119. Затрыманняў – 497, таксама 68 фактаў гвалту і раненняў, 135 ператрусаў у рэдакцыях і дамах працаўнікоў медыяў.

Трывожны сігнал для журналістаў з’явіўся яшчэ летась у верасні – калі замест не чапаць асобаў у камізэльках «PRESS» сілавікі пачалі на іх паляваць.

«Жаўнер узяў ды стрэльнуў… Я не ведаю, ці ён цэліўся менавіта ў Наташу, ці ён па просту не глядзеў куды страляе… Але найгоршае адчуванне небяспекі было, калі ты сядзіш удома, у цябе ніхто не страляе. Але ты чакаеш, прыйдуць за табою ці не прыйдуць. Для мяне гэта страшней, чымся працаваць недзе на перадавой», – згадвае Вадзім Заміроўскі, фатограф TUT.BY.

Сімвалам забароны на фіксаванне журналістамі незаконных дзеянняў сілавікоў супраць грамадзянаў стаўся стрым 15 лістапада, які вялі журналісткі «Белсату» Дарʼя Чульцова і Кацярына Андрэева… Дзяўчыны паказалі зачыстку мемарыялу памяці забітаму Раману Бандарэнку. Вырак – 2 гады зняволення…

Свабоду атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю дзяржава пачала абрамляць у рамку «экстрэмізм». Чыноўнікі прынялі адмысловы закон. З ініцыятывы Пракуратуры і Следчага Камітэту Мінюст ініцыяваў праверкі матэрыялаў медыяў. Першым у спіс экстрэмісцкіх трапілі Тэлеграм-каналы каманды блогера Нехта, які пражывае ў Польшчы – пад аховаю…

«Мы тут часамі ў большай пагрозе, чым людзі, якія знаходзяцца там. Гэтыя пагрозы пакуль не бачныя, але расейскія службы завязаныя ў гэтым… Лукашэнка лічыць нас сапраўды аднымі з галоўных ворагаў – наш канал і ўвогуле ўсю незалежную медыя-супольнасць», – лічыць Сцяпан Пуціла.

Пасля разгрому беларускага медыя-гіганту парталу TUT.BY з арыштамі і крымінальнымі справамі, «зачышчальнікі» наведваліся ў найстарэйшае беларускае выданне «Наша Ніва», у «Еўрарадыё», шэраг рэгіянальных медыяў, да журналістаў фрылансераў, якія меж іншага супрацоўнічалі з «Белсатам».

«Літаральна тыдзень таму прызналі нашыя сацсеткі і «Белсат» экстрэмісцкім… Вяртанне ў Беларусь адкладаецца… Нават пры гэтым усім вельмі падтрымлівае тое, што мы патрэбныя нашым гледачам», – кажа Дзіяна Раткевіч, журналістка-фрылансерка.

… А таму выданні і блогі, якія дзяржава чысціць працягваюць працу, нагадваючы, што гэта не яны ствараюць непрыемную рэжыму інфармацыю. Яны – толькі публікуюць.

Юлія Цяльпук, «Белсат»