Што падрывае беларускую эканоміку?


Беларусы абнуляюць свае рахункі і ўвогуле з кожным месяцам нясуць у банк усё менш грошай. З красавіка па чэрвень на ўнёсках беларусаў банкі страцілі больш чым паўтара мільярда рублёў. Нацбанк бачыць у гэтым пагрозу фінансавай стабільнасці Беларусі.

«Першы фактар – безумоўна, давер, а другі фактар. – звязаны з тым, што людзі сталі менш зарабляць, і тыя людзі, якія былі плацежаздольнымі, яны з’ехалі з краіны. Я думаю, што адток амаль паўмільёна беларусаў, людзей, якія выехалі, не самыя бедныя. Ды якія сядзелі на нейкіх сацыяльных пазыках дзяржавы, яны, па-сутнасці, свае грошы забралі», – тлумачыць кіраўнік навукова-даследчага Цэнтру «Мізэса» Яраслаў Раманчук.

Паводле версіі Нацбанку, сярэднестатыстычны ўкладнік – гэта жанчына за пяцьдзясят пяць або мужчына за шэсцьдзясят гадоў. У сярэднім кожны з іх уносіць па 10–14 тысяч рублёў. Але і гэтага недастаткова для нармальнага функцыянавання фінансавай сістэмы. Паводле Нацбанку, у першы месяц лета праз валютныя дэпазіты беларусаў банкі згубілі больш за пяць з паловаю мільёнаў рублёў. То бок з 4-х мільярдаў і амаль што шасцісот шасці мільёнаў у чэрвені на першага ліпеня засталося 4 мільярды 600 мільёнаў. Увогуле ж з красавіка па чэрвень на ўнёсках беларусаў банкі страцілі больш чым паўтара мільярда рублёў.

На спад улады адрэагавалі павелічэннем лімітавых адсоткаў па ўнёсках, але, як лічыць эканаміст Зміцер Крук, позна.

«Тут нейкі дадатковы прыбытак у 3,5 ці 4 адсоткі замест 1,5–2, наўрад ці шмат у якіх выпадках будзе істотным чыннікам, каб пакінуць свае дэпазіты, ужо не кажучы пра тое, каб вярнуць, што забралі за гэтыя паўтара года», – тлумачыць эканаміст эканамічнага Цэнтру «Beroc» Зміцер Крук.

Чаму Нацбанк настолькі занепакоены і ці могуць усё ж такі беларусы падарваць эканоміку краіны? Могуць, кажа Яраслаў Раманчук, нават самі таго ня ведаючы. Усе сродкі, што паступаюць у банкі – гэта крэдытны рынак Беларусі.

«Банкі купляюць каштоўныя паперы, аблігацыі. Потым даюць пазыкі для буйных прадпрыемстваў. Так ці інакш, насельніцтва крэдытуе вось гэтыя праекты, нават, магчыма, не ведаючы, куды гэтыя грошы ідуць», – дадае Яраслаў Раманчук.

Пры тым што самі беларусы ўнутры краіны ўжо фізічна ня здольныя яе падтрымліваць, санкцыі з боку заходніх дзяржаваў забяспечваюць блакаду звонку. Напрыклад, каля траціны ўсіх беларускіх нафтапрадуктаў афармляюцца праз Вялікую Брытанію, якая сёння ўвяла санкцыі супраць Беларусі. І гэта вельмі істотная падзея, якая ў далейшым моцна паўплывае на эканоміку Беларусі, лічыць эканаміст Зміцер Крук.

«Гэта эфект такі працяглы. Ён назапашваецца ў межах даволі працяглага перыяду і раптам у любы момант гэта можа стаць такім крытычным трыгерам для ўсёй беларускай фінансавай сістэмы», – кажа Зміцер Крук.

Вялікая Брытанія стала не адзінай краінай, якая сёння ўвяла санкцыі супраць Беларусі. У гадавіну выбараў сімвалічны жэст салідарнасці зрабілі ЗША і Канада.

Надзея Бельская, «Белсат»