Зачыстка недзяржаўных медыяў 2.0


Другі дзень запар раніца ў беларускіх незалежных журналістаў пачынаецца не з кавы, а з ператрусаў. Асабліва цяжка на Берасцейшчыне. Ператрусы прайшлі ў рэдакцыі газеты «Ганцавiцкi час», у рэдакцыі і працаўнікоў «Медиа-Полесья», «Іntex-press», у рэдакцыі лунінецкага сайту «Информ-прогулка», дома ў рэдактараў сайту «Первый регион», у адміністратара «Виртуального Бреста» Андрэя Кухарчыка і ў журналіста Максіма Хлябца – і гэта яшчэ няпоўны спіс.

«Адбыўся ператрус у доме рэдактара, у рэдакцыі была вынятая тэхніка: фотаапараты, камеры, усе носьбіты, нават дыскі, якімі ніхто ўжо даўно, напэўна, не карыстаецца», – распавядае журналіст «Медиа-Полесья» Максім Гарда.

У рэдакцыі «Медиа-Полесья» пакінулі адзінае і самае галоўнае – журналістаў. Ператрусы ў працаўнікоў выдання ў Лунінцы і Пінску праводзілі ў межах крымінальнай справы «Акт тэрарызму».

«Але мы выконваем сваю працу па сумленні, бо мы кажам, што адбываецца насамрэч, і той, хто можа, той, хто хоча, ён вольны вырашаць, які бок інфармацыі яму абіраць. Цяпер гэтай інфармацыі проста не будзе», – падкрэслівае Максім Гарда.

Ператрусы з выманнем тэхнікі і носьбітаў інфармацыі адбыліся ў журналісткі «Onliner» Настассі Занько, а таксама ў журналісткі з Глыбокага Таццяны Смоткінай. Сабраць інфармацыю і прааналізаваць рэпрэсіі часткова замінае падпіска аб неразгалошванні, якую бяруць з журналістаў пасля ператрусаў ці апытанняў у межах крымінальных справаў.

«Усе формы ціску, якія ёсць у асартыменце беларускіх сілавікоў, ужываюцца ў дачыненні журналістаў, каб зачысціць медыясектар і каб альтэрнатыўная кропка гледжання прапаганды нікім не перабівалася», – тлумачыць юрыст БАЖ Алег Агееў.

Паводле «Нашай нівы», іх галоўнага рэдактара Ягора Марціновіча збівалі пры затрыманні, праз што ён атрымаў траўму галавы. Матрацы і пасцельную бялізну ў ізалятары на Акрэсціна яму не выдалі, а пакармілі толькі праз содні пасля затрымання. Жонка яшчэ аднаго затрыманага ўчора працаўніка «Нашай нівы» Андрэя Скурка распавяла пра ператрус у іхным доме.

«Такая карціна, ведаеце, я такое бачыла ў страшных фільмах пра Афрыку, калі там на джыпах едуць са зброяй, то бок бяжыць натоўп людзей, закрытыя твары, яны ў спартовай адзежы, галаўныя ўборы, і мне падаецца, што ў аднаго з іх быў вось так узняты аўтамат», – пракаментавала жонка затрыманага Андрэя Скурка Паўліна.

Не адпусцілі пасля допыту і двух журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з «Белсатам»: Віталь Скрыль і Зміцер Лупач яшчэ ўчора былі затрыманыя на 72 гадзіны ў межах крымінальнай справы. Заўтра ім павінны выставіць абвінавачванне або адпусціць.

«У любы момант можна забраць любога і пасадзіць – мы ведаем, колькі журналістаў цяпер сядзіць, у тым ліку нашыя Даша і Каця, якія ўвогуле атрымалі па 2 гады турэмнага зняволення. Ад гэтага ніхто не абаронены ў Беларусі», – лічыць намеснік дырэктара «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі.

Журналісту і блогеру Аляксандру Івуліну выставілі абвінавачванне паводле крымінальнага артыкулу за нібыта арганізацыю групавых дзеянняў, якія група парушаюць грамадскі парадак. Яму абрана мера стрымання – 2 месяцы пад вартай.

«У гэты час у межах расследавання праводзіцца шырокамаштабная аперацыя для зачысткі ад радыкальна настроеных асобаў. Праводзяцца неадкладныя следчыя дзеянні, у тым ліку ператрусы і затрыманні. У хадзе чаго спраўдзяць датычнасць кожнага ўдзельніка да здзейсненага», – заявіў прадстаўнік Следчага ўпраўлення КДБ Беларусі Канстанцін Бычак.

Тэлеграм-канал «Hrodna.Life» прызналі экстрэмісцкім. У канале выявілі паведамленні, «накіраваныя на распальванне сацыяльнай і палітычнай варожасці».

«Зараз усё валіцца пад грэбень, усе проста экстрэмісты, экстрэміст у разуменні гэтай дзяржавы – гэта кожны, хто яе не падтрымлівае. Вось і ўсё, назавем гэта такім чынам: усе там будзем», – пракаментаваў медыяэксперт Аляксей Лявончык.

За 2 дні сілавікі правялі не меней за 23 ператрусы ў журналістаў. Усяго ў няволі 32 прадстаўнікі медыя. І гэтыя лічбы павялічваюцца. Пасля абеду з санкцыяй на вобшук міліцыя прыйшла да рэдактаркі гомельскіх «Моцных навін» Ірыны Вольскай.

«Трэба вызначацца, наколькі магчыма тую працу, якую робіць журналіст ці працаўнік СМІ, – наколькі яе магчыма рабіць у Беларусі ці той жа самы пакет працы можна рабіць дыстанцыйна з бяспечнага месца. Таму кожная рэдакцыя, кожны журналіст, я лічу, павінен вырашыць для сябе з улікам усіх абставін», – лічыць Алег Агееў.

Афіцыйны прадстаўнік Еўрапейскай службы замежнапалітычнай дзейнасці Пэтэр Стана назваў рэпрэсіі ў дачыненні незалежных СМІ ў Беларусі поўнай знявагай не толькі свабоды выказвання, але і абавязкаў нашай краіны ў ААН і АБСЕ.

Ірына Карніенка, «Белсат»