Міліцыянты «пацярпелі ад гвалту»


Пад масавыя затрыманні трапілі і актывісты. Васіль Палякоў ды Ілля Міронаў у Гомлі, лекарка Анастасія Родзічава ў Менску, удзельнікі першаснай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў «Нафтану» Беларускага незалежнага прафсаюзу ў Наваполацку. Амаль усіх затрымалі на 72 гадзіны. Вядома, што Васілю Палякову ўжо выставілі крымінальны артыкул.

«Як сказаў КДБ, зараз адбываецца «зачыстка радыкальных элементаў па ўсёй краіне». Хто ў іх «радыкальныя элементы»? Гэта актывісты альбо журналісты. Верагодна, заўтра гэта будуць праваабаронцы», – кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Насуперак сцвярджэнню «ўсіх не пасадзяць» сістэма выносіць чарговыя прысуды. 3 гады «хіміі» з накіраваннем у папраўчую ўстанову суддзя Савецкага раёну Менску Алена Жуковіч прызначыла Алегу Барысаўцу. Тым самым зрабіла гэта насуперак патрабаванню пракурора Рабава, які хацеў для абвінавачанага два з паловаю гады калоніі.

Таксама Барысавец вымушаны сплаціць нібыта пацярпеламу міліцыянту Казлову 700 рублёў. Паводле следства, асуджаны ўчыніў ґвалт ці пагражаў ґвалтам сілавіку. 3 базавыя велічыні Барысавец таксама аддасць за судовыя выдаткі. Адабраныя падчас следства ноўтбук і тэлевізар міліцыя яму не вярнула.

Два гады калоніі агульнага рэжыму суддзя Цэнтральнага раёну Менску Дзмітрый Карсюк даў Данілу Ганчарову. Маладзён быў мастаком святла ў Новым драматычным тэатры. Адтуль яго звольнілі за спробу арганізаваць страйк. Цяпер жа абвінавацілі ва ўдзеле ў шасці нядзельных маршах і перасыланні інфармацыі ў «Тэлеграме».

Паводле дзяржабвінаваўцы Цімафея Нічыпарука, нібыта больш за 20 гарадскіх маршрутаў спыніліся праз дзеянні Данілы. У судзе нават прэзентавалі доказы. Праўда, відэазапісы былі з крыніцаў, прызнаных экстрэмісцкімі. Даніла сваёй віны не прызнаў. З гэткімі выракамі ці можна ўсё ж такі спадзявацца на нейкае змякчэнне з боку рэжыму?

«Былі нейкія размовы пра нібыта магчымыя вызваленні перад 3-ім ліпеня, пра нейкі там закон аб амністыі. Была сапраўды інфармацыя, што ў месцах пазбаўлення волі прапаноўвалі пісаць прашэнні аб памілаванні. Але гэта магла быць такая сітуацыйная рэакцыя перад санкцыямі. Зараз, дарэчы, нічога не чуваць ужо», – распавядае праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

У Гомлі нібыта за гвалт над міліцыянтам Шапавалавым падчас маршу 20-га верасня на 3 гады калоніі агульнага рэжыму асудзілі Паўла Ларчыка. Вырак вынесла суддзя Цэнтральнага раёну Гомля Алеся Восіпава.

«Камусьці выгадна колер нацыі прыбіраць, забіваць, саджаць. Гэта ўсё адплаціцца. Я як маці наўпрост іх праклінаю. Няхай яны некалі адчуюць гэты боль, цяжкасць, як мы, маці, як жонкі», – кажа маці асуджанага Паўла Ларчыка Ганна Ларчык.

Удалося праваабаронцам высветліць лёс палітзняволенай мадэратаркі чату «Жодино для жизни» Лідзіі Коршун. Яшчэ 7-га ліпеня жодзінскі суддзя Іван Грынкевіч даў жанчыне 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову.

У Менску ў межах «справы студэнтаў» пракуроры запатрабавалі два з паловаю гады калоніі агульнага рэжыму для адзінаццаці асобаў. Глебу Фіцнеру, які адзіны прызнаў віну, запатрабавалі 2 гады.

Надзея Бельская, «Белсат»