Літва адгароджваецца ад Беларусі калючым дротам. Маскве «смешна»


Літва адгароджваецца ад Беларусі. На мяжы з‘явіліся новыя лініі калючага дроту. Гэтак нашыя суседзі збіраюцца спыніць плынь нелегальнай міграцыі. Толькі сёлета на беларуска-літоўскай мяжы затрымалі больш за паўтары тысячы чалавек. Збольшага гэта грамадзяне Іраку. Для параўнання, за ўвесь мінулы год літоўцы зафіксавалі 81 мігранта.

Беларусь за калючым дротам. Літоўскія вайскоўцы пачалі адгароджвацца ад нашай краіны – у раёне Друскенікаў разгарнулі першае абарончае абсталяванне.

«Рэжым Лукашэнкі немагчыма прагназаваць. Ён вядзе супраць Літвы гібрыдную вайну і ваюе вельмі сур‘ёзна. (…) Літва і нашыя інстытуцыі не будуць наіўнымі гледачамі. Мы дамо сур‘ёзны адпор дзеянням рэжыму», – заявіла Агне Білатайце, міністр унутраных справаў Літвы.

Калючы дрот – гэта толькі пачатак. Цягам двух-трох месяцаў уздоўж усёй мяжы, за выняткам вадаёмаў, мае з‘явіцца плот, а потым і новая сістэма назірання.

«У суме недзе каля 70 млн еўраў. Гэтыя грошы будуць выдзяляцца нашым урадам, акрамя гэтага актыўна вядуцца перамовы з Еўрапейскім Звязам», – патлумачыў у каментары «Белсату» Рустамас Любаевас, кіраўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

Адметна, што 6 ліпеня на паседжанні ў справе санкцыяў Лукашэнка ўскосна прызнаў адказнасць за міграцыйны крызіс, заявіўшы, што будзе кантраляваць мяжу настолькі, наколькі гэта выгадна. Старшыня Еўрапейскай рады Шарль Мішэль, наведваючы Літву, заявіў, што паразмаўляе з прэзідэнтам Іраку.

«Мы ўжо ведаем пра тое, што пытанне іракскіх мігрантаў збіраюцца вырашаць пры ўдзеле Іраку. Гэта паказвае тое, што мы ведаем сітуацыю ў Іраку, ведаем, як там прыблізна выглядае жыццё, і нават у параўнанні з Беларуссю гэтыя людзі выглядаюць больш арганізаванымі і дамоваздольнымі, чым рэжым Лукашэнкі. Вось і ўсё», – зазначае Зміцер Міцкевіч, аналітык «Belarus Security Blog» i аўтар перадачы «Без акрэдытацыі».

На думку Змітра Міцкевіча, дзеля развязання праблемы Лукашэнкі Захад будзе звяртацца з патрабаваннямі ў Крэмль, і той можа не ўсцешыцца такому развіццю падзеяў. Расея ж працягвае падтрымліваць рэжым. Вось што заявіла Марыя Захарава, прэс-сакратар МЗС Расеі:

«Слухаць галашэнні Еўрапейскага Звязу, Бруселю і асобных краінаў гэтага аб’яднання пра нейкую міграцыйную пагрозу, якая паступае з Беларусі – смешна. Гэтыя заявы недарэчныя заявы, калі ўлічваць, што зрабілі заходнія краіны, арганізоўваючы кааліцыі і праводзячы крыжовыя паходы ў краіны Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі».

На думку літоўскага палітолага Віціса Юрконіса, сваімі дзеяннямі Лукашэнка толькі нагадвае Захаду, што рэжым становіцца міжнароднаю праблемай, і чарговы раз не дае свету забыцца на рэпрэсіі ўнутры Беларусі:

«Яны бачаць, што гэта далёка не ўнутранае пытанне Беларусі. Што гэта не пытанне двухбаковых адносінаў з Літвой, гэта рэгіянальная, калі не агульнаеўрапейская праблема».

Паводле экспертаў, дзеянні Лукашэнкі прынясуць больш шкоды ягонаму рэжыму, чым суседнім краінам. Карэспандэнт Радыё «Свабода» Рыкард Юзвяк паведаміў з Бруселю, што сітуацыя на мяжы можа змусіць Еўразвяз да абмеркавання новых санкцыяў яшчэ ў гэтым месяцы.

Вітаўт Сіўчык, «Белсат»