«Атрымаўшы ўзбраенне ад міжнародных партнёраў, мы ад тактычных перамогаў пяройдзем у контрнаступ»


Пуцін хоча Крэмль, хоча аб’яднаць акупаваныя тэрыторыі Украіны ў асобную федэральную акругу Расеі. Гаворка пра так званыя ЛДНР, Херсонскую і Запарожскую вобласці, – паведаміла «Медузе» крыніца ў Крамлі. Мінабароны Расеі сёння хвалілася аднаўленнем падачы вады ў Крым і наладжваннем чыгуначнага спалучэння з часова захопленых тэрыторыяў. Пакуль акупанты займаюцца расчысткаю раней учыненых руінаў, украінскае войска рыхтуецца да контрнаступу.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гэтак сёння выглядае Марыупальскі абед. У Леваберажным раёне захопленага расейцамі гораду дагэтуль жывуць людзі. Жывуць у падвалах! Дамы разбураныя, транспарт знішчаны. Эвакуацыі на непадкантрольны расейцам бок прагнуць каля ста тысяч асобаў.

Старшыня Марыупальскай раённай рады Сцяпан Масхма кажа:

«Кожны жыхар мае мець права выбару. Тут не мусіць быць прымусовай нейкай эвакуацыі. Камандаванне Расеі як не аддавала нам людзей, гэтак і не аддае. Яны не дазваляюць нам цэнтралізаванай місіяй эвакуяваць тых жыхароў, якія выяўляюць волю».

Ідуць перамовы на конт эвакуацыі людзей і – абмену абаронцаў «Азоўсталі». Стала вядома, што 2449 палонных расейцы трымаюць у следчым ізалятары Алэніўкі, што пад Данецкам. У Марыупалі ж працягваецца знос разбураных будынкаў. Унутры іх і пад заваламі – усё яшчэ застаюцца целы.

«Пяціпавярховыя дамы, якія былі пашкоджаныя, яны проста ўзрываюць і вывозяць на смеццевы палігон. Многія жыхары тэлефануюць са скаргамі, што іх не пускаюць у свае кватэры забраць нейкую маёмасць», – распавёў Сцяпан Масхма.

Паводле ацэнак украінскіх уладаў, расейцы забілі тут каля 22-юх тысячаў грамадзянскіх. Херсонскія акупанты і калабаранты вырашылі накіраваць мясцовых жыхароў на разбор завалаў у Марыупалі. У самым жа захопленым Херсоне пагоршылася гуманітарная сітуацыя. Сезоннай ежы людзям стае, але захопнікі не прапускаюць гуманітарныя ладункі з лекамі.

«З такімі медыкаментамі, як інсулін і гарманальнымі лекамі для лячэння хранічных захворванняў – папросту катастрофа. Людзі часта паміраюць з-за таго, што не могуць прыняць свой прэпарат, які прымаюць штодзённа», – кажа Сяргей Хлань, дэпутат Херсонскай абласной рады. Паводле яго, у апошнія 10 дзён украінскія войскі ў Херсонскай і Мікалаеўскай вобласцях паспяхова адбіваюць атакі. Калабарантам, якія здрадзілі свайму народу, ён прапануе рыхтавацца да турэмных тэрмінаў.

«Мы ўсе ў гэта верым і ведаем, што атрымаўшы ўзбраенне ад нашых міжнародных партнёраў, мы ад тактычных перамогаў пяройдзем у контрнаступ і ўжо да восені маем вызваліць нашую родную зямлю», – лічыць Сяргей Хлань.

Павышэнне эфектыўнасці і бяспекі на полі бою – галоўная задача ўкраінскай арміі – падкрэсліў міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў. Украіна штодзень губляе да 100 байцоў, яшчэ каля 500 атрымліваюць раненні.

На фронце бракуе соцень адзінак цяжкай бронітэхнікі, рэактыўных сістэмаў залпавага агню ўзору NATO і боепрыпасаў да іх. У спісе неабходных – сучасныя аналагі савецкім узбраенням. Агулам Украіна вітала б пастаўкі ў выглядзе цэласных падраздзяленняў, якія адразу гатовыя да выканання баявых задач.

Сёння баявыя заданні на фронце пачалі выконваць польскія гаўбіцы «Краб» 155-га калібру. Паводле Генштабу ЗСУ, найбольш цяжкія баі ў мінулыя содні вяліся ў Запарожскім, Харкаўскім, Севераданецкім напрамках.

«У Севераданецкім напрамку вораг вёў агонь супраць падраздзяленняў нашых войскаў з мінамётаў, артылерыі і рэактыўных сістэмаў залпавага агню. Абстралялі грамадзянскую інфраструктуру ў раёнах населеных пунктаў Севераданецк, Лісічанск, Прыволле, Усцінаўка, Горнае і Кацярынаўка», – паведаміў прэс сакратар Генштабу ЗСУ Аляксандр Штупун.

За мінулыя содні на Данецкім і Луганскім кірунках Украіны адбілі 7 нападаў і знішчылі агулам 9 адзінак наземнай тэхнікі ворага і 6 беспілотнікаў тыпу «арлан-10».

Юлія Цяльпук, «Белсат»