Віленскія беларусы ўшанавалі памяць бацькi беларускай незалежнасці


Іван Луцкевіч – вельмі важны зараз для беларусаў з пункту гледжання станаўлення нашай беларускасці.

Адзін з волатаў адраджэння, без якога не адбылося б незалежнай Беларусі. Постаць Івана Луцкевіча для гісторыі нашай краіны вызначальная, але разам з тым надалей таямнічая, – кажа гісторык Андрэй Чарнякевіч:

«Да сённяшняга дня няма асобнага выдання, кніжкі. Наогул ён застаецца ў цяні свайго брата. А вызначальная, таму што дзякуючы ягонай руплівасці паўстала калекцыя, якая дала пачатак музею, фактычна з’явілася беларуская нацыя і патрапіў на палітычную арэну беларускі нацыянальны рух».

Іван Луцкевіч стаяў ля вытокаў незалежнасці БНР і стварыў першую палітычную партыю Беларусі. Шлях да незалежнасці нашай краіны ён бачыў не толькі ў рэалізацыі палітычных крокаў, а перадусім у асветніцтве і адукацыі беларусаў, захаванні нашай багатай спадчыны. Ён быў адным з заснавальнікаў газеты «Наша Ніва», аўтарам працаў па гісторыі і мастацтве Беларусі, на базе ягонай калекцыі – са слуцкімі паясамі ды старажытнымі рукапісамі – паўстаў Беларускі музей у Вільні. Луцкевіч арганізоўваў беларускія школы.

«Ён разумеў, што адукацыя чалавека – вельмі важная для будучай краіны, важныя людзі адукаваныя. Падтрымліваў таленты. Хто ведае, як бы было з Купалам, калі б не Іван Луцкевіч. Можа, гэта быў бы класік іншай літаратуры, а не беларускай», – распавядае арганізатар акцыі, прадстаўніца Віленскага музею імя І. Луцкевіча Людвіка Кардзіс.

Луцкевіч пайшоў з жыцця заўчасна – у 38 гадоў. Ён хварэў на сухоты.

«Усе беларускія адраджэнцы – гэта менавіта той стрыжань, вакол якога фармуецца сучасная беларуская нацыя. Яны даюць нам моц і ўпэўненасць у тым, што іхная справа не марная, што мы будзем годна працягваць змаганне за незалежную Беларусь», – кажа праваабаронца Алена Маслюкова.

Іван Луцкевіч – інтэлігент і разам з тым змагар: менавіта ён на адной з менскіх фабрык даў гудок, які стаў сігналам да ўсеагульнай стачкі пратэсту.

Вольга Старасціна