Рэпрэсіі супраць архіепіскапа


Зняць з пасады архіепіскапа Гарадзенскага і Ваўкавыскага 8 чэрвеня вырашыў Сінод Беларускага экзархата праваслаўнай царквы. Ужо на наступны дзень на экстранным паседжанні Сінода адстаўку пацвердзіў патрыярх РПЦ Кірыл. Арцемія знялі з пасады «па стане здароўя», але афіцыйная фармулёўка выклікае сумневы.

«Архіепіскап Арцемій – адзіны з праваслаўных іерархаў, які стаў самым высокапастаўленым праваслаўным іерархам, які выступіў супраць фальсіфікацыі, гвалту і ўсяму таму, што супярэчыць хрысціянскім каштоўнасцям», – лічыць праваслаўны святар Аляксандр Шрамко.

У снежні мінулага году, пасля таго як Беларуская праваслаўная царква атрымала папярэджанне ад ураду, яе кіраўнік мітрапаліт Веньямін патрабаваў ад Гарадзенскай епархіі, цытата, «выконваць беларускае заканадаўства». Архіепіскап Арцемій у казаннях заклікаў улады пакаяцца.

«Мы кажам, што здзяйсняецца беззаконнасць! Нашыя людзі пераўтварыліся ў звяроў і раздзіраюць сваіх жа братоў. Да нас прыходзяць і са слязьмі на вачах распавядаюць: «Што з маёю дачкой робяць!» Да нас прыходзяць і распавядаюць пажылыя людзі: на лавачцы сядзелі, а іх збілі і зняважылі», – казаў у верасні архіепіскап Гарадзенскі Арцемій.

Як паведамляе афіцыйны сайт расейскай праваслаўнай царквы, менавіта мітрапаліт Веньямін выслаў у Маскву прашэнне пра адстаўку прынцыповага епіскапа.

«Рэакцыя мітрапаліта Веньяміна, на жаль, вельмі незразумелая. Як чалавек, які дэкларуе сябе айцом усіх вернікаў Беларусі, можа знаходзіцца пад такім уплывам дзяржавы? Мне падаецца, тут узнікла вельмі сур’ёзная ўнутрыцаркоўная праблема», – кажа валанцёр і праваслаўны актывіст Руслан Яроцкі.

Архіепіскап Гарадзенскі Арцемій узначальваў моладзевую працу ў беларускай праваслаўнай царкве, як універсітэцкі выкладчык выхаваў пакаленне тэолагаў. Яго адстаўка можа падарваць не толькі аўтарытэт мітрапаліта Веньяміна, але і самой праваслаўнай царквы.

«Атрымліваецца, што цяпер тым людзям, якія думаюць інакш, некуды пайсці, не да каго звярнуцца. І так нашыя храмы вельмі спусцелі са жніўня – і не з нагоды ковіда. А цяпер, як мне падаецца, усё будзе яшчэ горш», – дадае Руслан Яроцкі.

Пасля жніўня пад рэпрэсіямі апынуліся як праваслаўныя, гэтак і каталіцкія святары. У верасні за ўдзел у мірных акцыях пратэсту протаіерэй Уладзімір Драбышэўскі спачатку атрымаў 10 содняў адміністратыўнага арышту. Пасля на волю не выйшаў – яго асудзілі яшчэ на 15 содняў. У лістападзе грэка-каталіцкі святар Віталь Быстроў атрымаў 10 содняў. Ксёндз Вячаслаў Барок правёў у турме 10 содняў за тое, што паказаў на ютубе работу дызайнера Уладзіміра Цэслера са свастыкай і дзяржаўнай сімволікай Беларусі. Ціск на царкву стаў тэндэнцыяй.

«У мяне выклікае вялікае здзіўленне тое, што гэта адбылося толькі цяпер. Мабыць, гэта не так проста рэалізаваць. З мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам, груба кажучы, «разабраліся» ужо напрыканцы 2020 года, а з архіепіскапам Арцеміем – толькі цяпер», – кажа дырэктар Інстытуту Стратэгічных Даследаванняў.

Каталіцкі архіепіскап Тадэвуш Кандрусевіч сышоў у адстаўку ў студзені 2021 года. 4 месяцы ўлады забаранялі яму ўязджаць у краіну пасля таго, як у жніўні ён скрытыкаваў дзеянні АМАПу. Іерарх, які сышоў на пенсію, захаваў тытул ганаровага мітрапаліта менска-магілёўскага. У Менск выслаў ужо былога Гарадзенскага архіепіскапа і Сінод РПЦ.

Аляксандр Папко, Надзея Бельская, «Белсат»