Два гады зняволення для Паліны Шарэнды-Панасюк


Два гады зняволення і чатыры з паловаю тысячы рублёў кампенсацыі маральнай шкоды тром міліцыянтам – у судзе Маскоўскага раёну Берасця агучылі вырак Паліне Шарэндзе-Панасюк. Актывістка назвала працэс палітычна матываваным.

«Я так разумею, гэта ўсё ўзгоднена з вертыкаллю ўлады нашай. Нічога з таго, што казаў адвакат, не ўлічылі. Рашэнне суддзі засталося дакладна такім, як вырашыў пракурор», – кажа Вера Панасюк, маці актывісткі.

Суддзя Яўген Брэган прызнаў Паліну Шарэнду-Панасюк вінаватай у абразе прэзідэнта, абразе прадстаўніка ўлады і ў гвалце над працаўніком органаў унутраных справаў. Усяго пацярпелымі прызналі сем міліцыянтаў.

Забралі актывістку 3-га студзеня, выламаўшы дзверы кватэры, якія яна адмовілася адчыніць міліцыянтам. Тыя прыйшлі праводзіць ператрус, звязаны з затрыманнем ейнага мужа Андрэя.

«У кватэры было дзіця, чатырохгадовы хлопчык, ніхто пра гэта не сказаў. Што ён адчуваў?» – абураецца Вера Панасюк.

Муж Паліны Андрэй Шарэнда застаецца пад хатнім арыштам, праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Алега Краўцова, фельчара хуткай дапамогі з Ліды, асудзілі на тры гады пазбаўлення волі. Максім Філатаў прызнаў яго вінаватым у актыўных дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак, і ў наўмысным псаванні шляхоў злучэння – нібыта ён абкручваў дротам рэйкі на чыгунцы, каб заблакаваць рух цягнікоў.

Цягам адзінаццаці дзён не магла трапіць да палітвязня Рамана Пратасевіча ягоная адвакатка Інэса Аленская. Напярэдадні ж следчыя дзеянні з ім працягваліся сем гадзінаў, але распавесці падрабязнасці адвакатка не можа, бо дала падпіску аб неразгалошванні.

Амаль месяц не мог спаткацца з абаронцам і Арцём Анішчук, які адбывае пакаранне ў Магілёўскай калоніі. Праз адваката ён змог паведаміць, што ўвесь час зазнае з боку адміністрацыі фізічны і псіхалагічны ґвалт.

«Да яго ўжываліся катаванні, муж праглынуў на знак пратэсту супраць катаванняў нейкія металічныя прадметы (якія прадметы, я ня ведаю мне адвакат не паведаміў), і яго завезлі на МРТ. Зрабілі МРТ і адвезлі назад у гэты ж дзень, у калонію», – распавядае жонка зняволенага Вольга Анішчук.

Арцём Анішчук – адзін з пяцярых фігурантаў справы аб пашкоджанні аўтамабіля, які належыць жонцы міліцыянта. Яго пакаралі двума гадамі пазбаўлення волі. У калоніі на яго завялі новую крымінальную справу, паводле артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу, абвінаваціўшы ў злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі.

«Яму пагражалі расправай над роднымі, між іншага, катавалі, каб падпісаў або артыкул 411 або напад на супрацоўніка. Пад ціскам мой муж падпісаў артыкул 411, ніякіх парушэнняў у яго не было», – тлумачыць Вольга Анішчук.

Блогерку Вольгу Такарчук у Жодзінскай турме да 14-га чэрвеня змясцілі ў карцар. Яе бацькам паведамілі, што Вольга парушыла правілы ўнутранага распарадку. Маці дваіх няпоўнагадовых дзяцей, Вольгу Такарчук затрымалі 19-га траўня, на яе завялі крымінальную справу за паклёп, абразу суддзі ды арганізацыю дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»