У Літоўскім нацыянальным тэатры оперы і балету праходзяць гастролі калегаў з Харкава


З пекла вайны – на галоўную сцэну Вільні. Артысты Нацыянальнага акадэмічнага тэатру оперы і балету Харкава едуць з турнэ па тэатрах балтыйскіх краінаў. Трупа, вымушаная з’ехаць з роднага гораду, хоча паказаць украінскае мастацтва як мага большай колькасці еўрапейскіх гледачоў – і абавязкова вярнуцца на сваю сцэну.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Рэквіем » Моцарта з Харкава – на галоўную сцэну літоўскае сталіцы. У Літоўскім нацыянальным тэатры оперы і балету праходзяць гастролі Харкаўскага нацыянальнага акадэмічнага тэатру. Выступіць артыстаў з Украіны запрасілі мясцовыя калегі. За плячыма ўжо некалькі гарадоў і канцэртных пляцовак.

Ёнас Сакалаўскас, дырэктар Літоўскага тэатру оперы і балета распавядае:

«Была магчымасць прыняць, была магчымасць пазваць. Ну і мы ўсе дамовіліся, што будзем рабіць: вельмі цяжка, вельмі хутка. Нялёгка забіць і ўкраінцам і нам, але вось мы бачым ужо першыя вынікі».

На радзіме будынак тэатру пацярпеў падчас абстрэлаў. У Харкаве, паводле апошніх звестак, разбурана больш за тысячу дзвесце дамоў. У тыя ж красавіцкія дні калектыў панёс трагічную страту: у баях пры Святагорскай Лаўры загінуў Сяргей Півавараў, які працаваў у тэхнічным аддзеле тэатру.

Нягледзячы на вайну і эвакуацыю, трупа з двухсот шасцідзесяці двух актораў практычна не спыняла рэпетыцыяў. Іхны балтыйскі тур атрымаў назву «Еўрапейская дарога і гуманітарны канвой».

Алег Арышчанка, дырэктар Харкаўскага нацыянальнага акадэмічнага тэатру кажа:

«Мы разам з міністэрствам культуры Украіны стварылі такі гуманітарны канвой з артыстаў тэатру оперы і балета, чаму гуманітарны таму што мы вырашылі з самага пекла, дзе нельга працаваць».

Свае выступы ўкраінскі тэатр у першую чаргу прысвячае сваім суграмадзянам. Героям вайны, мірным украінцам, а таксама тым, хто загінуў пры нападзе расейскіх войскаў. Кожны выхад на сцэну суправаджаецца гучаннем гімнаў Украіны і Літвы. Прагучаў ён і сёння на апошнім выступе ў Вільні, у касцёле Святога Яна.

«У Харкаве тэатр не працуе і як бы тут мы можам заняцца творчасцю і працягнуць сваю працу, быць артыстамі таму што жыць без сцэны – гэта складана», – кажа акторка Іна.

Каскадзёр Аляксандр распавядае:

«Для мяне гэта магчымасць дапамагчы роднай краіне, мы тут спрабуем сабраць грошы для ўзброеных сіл Украіны.вось вядома мы артысты аўтамат як бы трымаць не прывучаны і вось мы чым можам тым і дапамагаем».

Літва – краіна з менш як трыма мільёнамі насельніцтва – прыняла больш за трыццаць шэсць тысяч уцекачоў з Украіны. Ім даюць жытло, збіраюць гуманітарную дапамогу, ахвяруюць грошы. У сваю чаргу, трупа Літоўскага нацыянальнага тэатру оперы і балету збірае сродкі на дапамогу ўкраінскай арміі.

Гавораць гледачы:

«Гэта дзівосна музычны народ да немагчымасці, гэта дзівосна, слава Украіне».

«Таму што ўвесь свет зараз падтрымлівае Украіну і вось як ніколі мы зараз усімі сэрцамі з вамі».

Галоўная задача артыстаў – працягваць выступаць. Яны ўжо рыхтуюцца да новых гастроляў у іншых еўрапейскіх краінах – такіх як Славаччына, Латвія, Эстонія і Польшча.

Паліна Еўстаф’ева, Ганна Русінава, «Белсат»