Ваенныя злачынствы Расеі ва Украіне


Пра гэта цяжка казаць, на гэта балюча глядзець, але гэта страшная праўда якую немагчыма ігнараваць: Расея здзяйсняла і працягвае здзяйсняць ваенныя злачынствы ва Украіне. Нашыя карэспандэнты пабывалі ва ўкраінскіх гарадах і вёсках, вызваленых ад акупацыйных сілаў, і на свае вочы пабачылі людское гора.

Гэта Харкаў, горад, які расейцы не змаглі захапіць. Але працягваюць абстрэльваць жылыя кварталы. Сёння расейскія ракеты трапілі ў жылы шматкватэрны дом, інфармацыю пра загінулых удакладняюць.

У Рубежным Луганскай вобласці расейскія войскі зноўку трапілі ў цыстэрну з азотнай кіслатой. Адміністрацыя вобласці просіць жыхароў зачыніць вокны і не выходзіць на двор.

А ў тых раёнах, адкуль расейскія акупанты сышлі, ратаўнікі разбіраюць завалы, а следчыя праводзяць эксгумацыю.

«Большасць целаў з агнявымі раненнямі, ёсць з агнявымі ды аскепкавымі раненнямі. Адно цела ўвогуле абгарэла так, што гэта парэшткі», – распавяла генеральная пракурорка Украіны Ірына Вэнэдзіктава.

Гэта Буча Кіеўскай вобласці, дзе перапахавалі масавую магілу каля царквы Андрэя Первазваннага. Агулам там было пад 70 чалавек. Людзей па-хуткаму пахавалі камунальнікі, калі тут яшчэ былі расейцы. Збіралі забітых па кватэрах і проста на вуліцы, і збіліся з ліку забітых.

«Ужо сабакі расцягвалі целы забітых людзей, і яны раскладаліся. Расейцы нібыта дазволілі нам збіраць целы, але два разы абстрэльвалі нашыя машыны», – распавёў бучанскі камунальнік Сяргей.

У Генпракуратуры Украіны ёсць сведчанні, што шмат хто з жыхароў Бучы быў забіты, бо проста ішоў па вуліцы па хлеб.

У Барадзянцы Кіеўскай вобласці ахвяраў яшчэ больш, чым у Бучы. Тут фугаснымі авіябомбамі расейцы разбурылі шматпавярховыя дамы, дзе ў сутарэннях хаваліся людзі.

«Яны ж цудоўна разумелі, што ў гэтых дамах жывуць людзі. Што ніхто нікуды яшчэ не зʼехаў», – кажа жыхарка Барадзянкі Вольга Карнійчук.

«Там акупанты жылі ў нашай кватэры. Нарабілі гармідару, там іхныя сухія пайкі. Яны нават запіску напісалі, што руская армія лепшая ў свеце», – прыгадвае мясцовая жыхарка Галіна.

У вёсцы Пэрэмога Кіеўскай вобласці таксама днямі прайшла эксгумацыя. Злачынствы былі задакументаваныя следчымі.

«Прыйшоў адзін такі вялікі, рускі. А другі казах. І аўтаматамі грукалі мне ў браму. Я выйшла, хоць і трэслася ўся. «Кто здесь живёт?» Кажу: «Я. А што, нельга тут жыць?» «Нет-Нет, мы спрашіваем, чтоб вас не пострелять. А што, вы прыйшлі сюды, каб мяне пастраляць?»- прыгадвае жыхарка сяла Тамара.

І пастралялі. Гэта таксама была часовая братэрская магіла для вяскоўцаў.

«Яны не былі вайскоўцамі, яны былі мясцовымі жыхарамі, якія хаваліся перад акупацыйнымі войскамі Расеі. А расейцы іх проста застрэлілі», – кажа, стоячы ля магілы, Аляксандр Варэнічэнка, кіраўнік Барышаўскай сельскай рады.

Марыя Кутнякова змагла выехаць з Марыупалю, але сама ледзь не стала ахвярай ваеннага злачынства. Кажа: расейцы наўмысна стралялі і страляюць у цывільных людзей.

«Калі мы выйшлі з дому і вырашылі, што ідзем у тэатр – шасцёра людзей у пухавіках з кашачай пераноскай. Мы бяжым па вуліцы, бачым рускі танк з літарай Z. І яны пачынаюць па нас страляць, не з аўтаматаў, не з пісталетаў, а з гарматы танка», – распавядае Марыя.

І ў драмтэатры, дзе збіраліся ўцекачы, Марыя таксама магла загінуць. Яна пайшла да дзядзькі, калі ў тэатр прыляцелі бомбы з расейскіх самалётаў.

«Яны ў той жа дзень разбамбілі басейн «Нептун», дзе таксама былі людзі. То бок яны ў пэўны момант атрымалі заданне разбамбіць усе цэнтры ўцекачоў, дзе вялікія натоўпы людзей», – тлумачыць дзяўчына.

Расейцы адмыслова выбралі не толькі дзень, але і час для бамбавання Марыупальскага тэатру – раніцай, калі там пачыналі гатаваць ежу для ўсіх, а на Тэатральнай плошчы фармаваліся калоны для выезду мірных жыхароў.

«Людзі прыходзілі да драмтэатру, бо кожны дзень чакалі эвакуацыйныя аўтобусы. І ва ўсіх паведамленнях, якія рассылала служба ДСНС (ратаўнікі) на тэлефоны, там казалі, што збор з 9 па 11 раніцы», – распавядае Марыя Кутнякова.

Чарнігаў больш за месяц пражыў у аблозе расейскіх войскаў і пад пастаяннымі абстрэламі. Людзі ў адзін момант сталі бяздомнымі.

«У доме жыць немагчыма практычна. Бо той бок цалкам выгарэў. Там няма прыкметаў кватэр», – кажа жыхарка Чарнігава Тамара.

Шматкватэрныя дамы і кардыялагічны дыспансер былі цэлямі расейскай артылерыі і авіяцыі.

«Па рознай інфармацыі, каля 50 чалавек загінула толькі тут. А пад заваламі неразабрана, там яшчэ людзі ёсць», – паказвае на адзін з дамоў жыхар Чарнігава Мікалай.

Цяпер, пасля вызвалення, чарнігаўцы разбіраюць завалы, шукаюць загінулых, спрабуюць пабудаваць нанова разбітае жыццё.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»