«Істэрыка ці спроба запоўніць вакуум думак, ідэяў, ініцыятываў дурнотаю». Справа па генацыду беларусаў


Няма ніводнай крымінальнай справы за смерці падчас паслявыбарчых пратэстаў, але ёсць справа за падзеі 75-гадовай даўніны. Генпракуратура завяла крымінальную справу па факце генацыду насельніцтва Беларусі ў ваенныя і пасляваенныя гады.

Гісторыя вельмі часта становіцца плацдармам для развязання сучасных праблемаў, нагадвае філосаф Уладзімір Мацкевіч:

«Тое, што зараз адбываецца, – гэта істэрыка ці спроба запоўніць вакуум думак, ідэяў, ініцыятываў дурнотаю».

Неадназначнае стаўленне да завядзення крымінальнай справы і ў жыхароў Віцебску:

«Адцягнуць ад тых праблемаў, што зараз ёсць, замяць іх, перавесці на іншае. Замяць тое, што генацыд ідзе цяпер».

«Сэнс заводзіць справу, калі 75 гадоў прайшло».

«Памяць будзе пра гэтых людзей, што пацярпелі, іх родныя даведаюцца».

«Наколькі я разумею, усе пытанні вырашыў Нюрнбэргскі працэс у свой час. І ўсе вынікі вайны падвялі. Нават адзначалі юбілей гэтага працэсу».

Не толькі міжнародныя арганізацыі расследавалі тэму генацыду і калабарацыі, нагадвае гісторык Ігар Мельнікаў. Пошукам ваенных злачынцаў займаліся і Савецкі Саюз пасля вайны, і Беларусь, ужо стаўшы незалежнай.

«Адна справа Антона Саланюка з Дамачава, якога ў 90-я беларускае КДБ знайшло ў Брытаніі, і была супраца са Скотлэнд-Ярдам, і ўдалося давесці гэтага чалавека да судовага працэсу», – нагадвае Ігар Мельнікаў.

Станоўчым бокам новага следства ў справе генацыду гісторык лічыць, напрыклад, магчымасць знайсці невядомыя пахаванні ахвяраў, а сам працэс мог бы паказаць беларускаму грамадству гістарычную праўду пра калабарацыю падчас Другой сусветнай вайны. Але для такога расследавання найперш трэба адкрыць службовыя архівы Міністэрства ўнутраных справаў і Камітэту дзяржаўнай бяспекі.

«Гэта хутчэй не справа сучасных пракурораў і следчых, гэта справа гісторыкаў беларускіх, і вельмі важна, каб гісторыкі былі не ангажаваныя і каб гісторыю разглядалі з беларускіх нацыянальных пазіцыяў, а не з савецкіх пазіцыяў», – перакананы Ігар Мельнікаў.

Паказаць усяму свету, што такое генацыд, паабяцаў Лукашэнка падчас мітынгу-рэквіему ў Хатыні:

«Я звяртаюся да ўсіх… хто пахваляе бчб-сцягі, пад якімі праводзіўся генацыд беларускага народу. Мы заняліся гэтай праблемай».

Развязанне праблемы прывяло да высылкі польскіх консулаў з Берасця і Горадні, а таксама беларускіх дыпламатаў з Варшавы пасля імпрэзы ў гонар «праклятых жаўнераў».

Супраць лідараў і актывістаў Саюзу палякаў Беларусі распачалі крымінальную справу. Паводле гэтага артыкулу за дзеянні, накіраваныя на рэабілітацыю нацызму, справу распачалі і супраць мастака Алеся Пушкіна і журналіста Паўла Мажэйкі.

«Зараз рэпрэсіі супраць бчб колераў майткоў, шкарпэтак, пасцілы і зефіру поўнаю хадою ідзе, дык чаго яшчэ нам баяцца?», – задае рытарычнае пытанне Уладзімір Мацкевіч.

Праваабаронцы ж сведчаць пра новы выбух гвалту і здзекаў у беларускіх турмах ды ізалятарах над затрыманымі пасля 25-га сакавіка.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»