Расейскі пасол выказаўся пра Каардынацыйную раду. Яму адказаў Латушка


«Расейская амбасада гатовая размаўляць з тымі грамадскімі сіламі, якія не вядуць працы для падрыву дзяржаўных асноваў Рэспублікі Беларусь», – казаў Дзмітрый Мезенцаў РБК.

Паводле Мезенцава, сябры Каардынацыйнай рады хацелі абмеркаваць узаемадзеянне з Расеяй. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка пацвярджае, што рада насамрэч адпраўляла Мезенцаву такі зварот у жніўні. Але абʼяднанне хацела толькі данесці сваё стаўленне да становішча ў Беларусі. Бо, на думку сябраў рады, Расея, як краіна-суседка, мусіла неяк адрэагаваць.

«Тады мы дэманстравалі гэтую пазіцыю дастаткова адназначна, што мы зыходзім праз статус-кво замежнай палітыкі. Для нас было важным данесці гэтае стаўленне, а не зняпраўджваць фэйкі, укінутыя спецслужбамі на прадмет праграмы Каардынацыйнай рады, чаго ніколі не існавала», – адказвае Мезенцаву кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Паводле Паўла Латушкі, гаворкі пра дыялог не было. Крэмль таксама не быў зацікаўлены ў такой размове, адзначае палітолаг Андрэй Казакевіч. Але Масква назірала за тым, у які бок хіснецца палітычны маятнік.

«Стаўленне да Каардынацыйнай рады было больш уважлівае. Былі некалькі заяваў ад расейскага кіраўніцтва, але пасля таго, як сітуацыя стала развівацца ўжо паводле сілавога сцэнара, з перавагай сілы на бок Аляксандра Лукашэнкі, то ў прынцыпе Каардынацыйная рада перастала разглядацца як нейкая цікавая для камунікацыяў пляцоўка», – кажа доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч.

У тым жа інтэрвʼю выданню РБК Мезанцаў падзяліўся думкамі пра стварэнне сімволікі Саюзнай дзяржавы, каб, маўляў, зменшыць уплыў Захаду. У адказ на выказванні дыпламата Павел Латушка заклікаў апублікаваць на сайце амбасады легендарныя дарожныя мапы, якія Расея прапануе падпісаць Беларусі. Іх змест дасюль невядомы.

Надзея Бельская, «Белсат»