Лукашэнка рыхтуецца да Дня Волі: ці чакаць новых затрыманняў?


Пустыя класы. Эвакуяваныя 800 асобаў – дзеці і персанал з васьмі школаў абласнога цэнтру. Сілавікі з сабакамі шукалі выбухоўку пасля атрымання дырэктарамі школ на электронныя адрасы паведамленняў аб нібыта мінаванні школ. Што думаюць жыхары Віцебску?

«Можа, пратэст нечы супраць чагосьці. Можа быць усёдазволенасць у пэўных сітуацыях».

«Магчыма што пажартавалі дзеці – гэта адзін з варыянтаў».

«Мы ніколі не даведаемся, што знаходзіцца за кулісамі, нам гэтага не скажуць, простым людзям, рабацягам. Гэта ведаюць людзі вышэй».

Учора ў Гомлі, а цягам месяца таксама ў Жодзіне і Менску неўсталяваныя асобы таксама паведамлялі пра ілжэмінаванне школ. Выбуховых рэчываў не знойдзена. Мінёры ў вышуку. Дзеці на занятках. Але, як кажуць, асадак застаўся.

«Калі чарговы раз чулі такую інфармацыю, рэакцыя была «ну, зноў!» Зноў нехта ці пажартаваў, ці выконвае свае іншыя задачы, адцягваючы ўвагу ад таго, што цяпер больш важнае для беларусаў», – каментуе палітолаг Вольга Харламава.

Магчыма, таму найчасцей не знаходзяць вінаватых у падобных здзеках над грамадзянамі, і не заўжды знаходзяць сапраўдных злачынцаў. Затое не прапускаюць аніводнай пагрозы сваёй сістэме.

Адказныя за крымінальную і нацыянальную бяспеку разам з Аляксандрам Лукашэнкам рыхтуюцца да святкавання Дня Волі. Непрызнаны легітымным прэзідэнт сёння прымаў справаздачы кіраўнікоў адразу шэрагу ведамстваў, адказных за стабільнасць улады – ад кіраўніка сваімі справамі Віктара Шэймана да старшыні КДБ Івана Церцеля, які заявіў:

«Дакладзена пра канкрэтных асобаў і пра планы па дэстабілізацыі сітуацыі ў бліжэйшы час. Мы кажам пра перыяд 25-27-га сакавіка. Важна, што Камітэт дзяржбяспекі паводле кампетэнцыі адзначае рост тэрарыстычных пагрозаў. На жаль яны прыходзяць з тэрыторыі нашых суседзяў, як правіла, сумежных дзяржаваў».

Для грамадзянскай супольнасці гэта сігнал – святкаванне Дня Волі ва ўгодкі Беларускай Народнай Рэспублікі будзе азмрочанае асобамі, якія маюць, як сказаў Церцель, «дастаткова сілаў і сродкаў на рэагаванне на рознага кшталту пагрозы». Таму, магчыма, арганізатарам святкавання варта чакаць прэвентыўных затрыманняў. Шукаць пагрозу трэба не ў шэрагах ахвочых адзначыць Дзень абвяшчэння беларускай дзяржаўнасці, лічыць палітолаг Вольга Харламава:

«Самая вялікая пагроза нацыянальнай бяспецы – гэта сусед з усходу. Усё астатняе ў параўнанні з гэтаю пагрозаю – гэта, па вялікім рахунку, дробязь».

У інфармацыйным шуме кшталту навінаў пра нібыта мінаванне робіцца менш гучнаю інфармацыя пра тыя ж ваенныя вучэнні, якія сёння маюць пачацца, пра таемныя эканамічныя дамоўленасці з Лукашэнкі і Пуціна, ці пачатак перавалкі нафтапрадуктаў праз расейскія парты.

Юлія Цяльпук, «Белсат»