Калеснікава і Знак застануцца за кратамі


Сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады юрыста Максіма Знака пакінулі пад вартай яшчэ на два месяцы – да 9 траўня. Рашэнне следства абарона лічыць беспадстаўным і збіраецца яго абскардзіць.

«Не таму, што мы маем давер да судовай сістэмы. Трэба разумець, што мы даволі дасведчаныя ў гэтай галіне. Але кожны раз мы павінныя выкарыстоўваць гэтыя магчымасці, каб паказаць, што, выбачайце, але наш падабаронны застаецца пад вартаю насуперак праву», – кажа адвакат Знака Дзмітрый Лаеўскі.

Юрыст Максім Знак працаваў у камандзе ўдзельніка прэзідэнцкай гонкі Віктара Бабарыкі і быў ягоным адвакатам. Пасля стварэння Каардынацыйнай рады для мірнай перадачы ўлады ён увайшоў у яе прэзідыум. Затрымалі Знака летась 9 верасня. З таго часу ён за кратамі.

«Ён трымаецца добра. Я думаю, адна з галоўных прычынаў таго, што чалавек разумее: ён не здзяйсняў ніякіх злачынстваў. І ягоная грамадская актыўнасць стала прычынаю ягонага перабывання там», – мяркуе Лаеўскі.

Улады маюць іншае меркаванне. Палітычнага вязня Максіма Знака вінавацяць у закліках да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы, а таксама – у змове з мэтаю захапіць дзяржаўную ўладу. Гэткія ж абвінавачанні выстаўленыя яшчэ аднаму сябру прэзідыуму Каардынацыйнай рады – Марыі Калеснікавай. Тэрмін утрымання пад вартаю ёй таксама працягнулі на 2 месяцы – да 8 траўня. Тым часам Дзяржаўны дэпартамент ЗША завочна ўзнагародзіў палітзняволеную Марыю Калеснікаву Міжнароднаю жаночай прэміяй за адвагу.

«Марыя Калеснікава ўзнагароджваецца за тое, што падтрымлівае дэмакратычны рух унутры Беларусі і служыць крыніцаю натхнення ўсім, хто імкнецца заваяваць свабоду для сябе і сваіх краінаў», – зазначыў Дзярждэпартамент ЗША.

Падчас онлайн-цырымоніі дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен падкрэсліў, што Злучаныя Штаты працягнуць дабівацца вызвалення Марыі Калеснікавай, а таксама ўсіх палітычных вязняў у Беларусі. А ці памятаюць пра палітвязняў беларусы? Жыхары Менску кажуць:

«Я памятаю гэтых дзеячаў палітычных, Марыю Калеснікаву і Максіма Знака. Яны цяпер у вязніцы. На іх заведзеная крымінальная справа».

«Вельмі сумна, што яны ў засценках. Вельмі сумная гісторыя».

«Вядома, хачу, каб яны апынуліся на свабодзе, не павінныя такія людзі ў турме сядзець».

«Гэта вельмі негатыўна. Але краіна ў нас такая».

«Нешта памятаю. Пісьменнікі».

Марыя Калеснікава была адною з лідарак прэзідэнцкай кампаніі Віктара Бабарыкі ды аб’яднанага штабу. Пасля выбараў яна ўвайшла ў прэзідыум Каардынацыйнай рады. Затрымалі Калеснікаву летась у верасні, пасля таго як яна адмовілася пакідаць краіну і на мяжы парвала пашпарт. З таго часу, цягам паўгода, Калеснікава – за кратамі.

Анастасія Русецкая, «Белсат»