Сёння адзначаюць Дзень салідарнасці з журналістамі


Сёння – паўтара года з дня апошніх прэзідэнцкіх выбараў у нашае краіне, калі беларусы адчулі сваё адзінства, але і пабачылі крывавы твар палітычнага рэжыму, які не жадае аддаваць уладу. Лік палітвязняў паводле Дысідэнт бай – 1277 чалавек, 33 з іх – прадстаўнікі медыяў. Згодна з прапановаю Святланы Ціханоўскай 9 лютага адзначаецца Дзень салідарнасці з журналістамі.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Працаваў для беларусаў у незалежных медыях, вырошчваў кветкі і рабіў неверагодныя мадэлі караблёў.

Прыблізна 2 гады сыходзіла на кожны. Журналіста «Радыё Свабода» Алега Груздзіловіча затрымалі летась 23 снежня. Жонка Мар’яна – пакінула святочныя дэкарацыі, каб пасля вызвалення Алег адчуў навагоднюю атмасферу. Лісты ад мужа чытае паміж радкоў.

«Я ж разумею і ўсе разумеюць, калі камера 2х3 метры і ў ёй 8 чалавек, пашыхтаваныя ў 2 ярусы. Ён піша – прабач мяне за почырк, таму што я пішу скручыўчыся на другім паверсе (нараў, а столік унізе малы і ён заўжды заняты», – распавяла Марʼяна Груздзіловіч.

Алегу Груздзіловічу 63 гады. Па вяртанні на гэты бок ён так ці інакш вернецца і ў журналістыку. А пакуль – малюе – пра побыт у ізалятары часовага ўтрымання: дворык, дзе шпацыруюць вязні з небам у кратку.

«Радыё Свабода», «Белсат», «Наша Ніва», «Тут.бай» у выглядзе Zerkalo.io і не толькі… працягваюць працу з замежжа, у чаканні вызвалення часткі сваіх калегаў. Каманда kuku.org пазбегла сурʼёзных выракаў, але сайт заблакавалі, журналісты – прынялі цяжкае рашэнне – пакінуць родны край дзеля прафесіі. У кожнага цяпер уласны «офіс» – па месцы пражывання ці ў кавярні.

«Дадае складанасці, канешне, што мы не знаходзімся ў Беларусі. Таму даводзіцца бегчы яшчэ хутчэй і быць яшчэ больш крэатыўнымі», кажа дырэктарка «КУКУ» Саша Раманава.

Да пераезду «KYKY.ORG» мела 5 мільёнаў праглядаў у месяц. Цяпер…

«Некалькі соцень тысяч праглядаў. Улічваючы ўсе гэтыя абставіны мы працягваем працаваць. Бо разумеем важнасць і неабходнасць таго, што робяць незалежныя медыі», – кажа Раманава.

Аглядальнасць Магілёўскага парталу 6tv.by у эміграцыі наадварот расце – кажуць у рэдакцыі, якая месціцца ў польскім Беластоку. Частка журналістаў аднак працуюць з Беларусі і частка – з Грузіі.

«Для мяне няма падпісчыкаў. Ёсць аднадумцы, сябры гледачы. Мы сёння, ведаеце, «абвгдэйка» для беларусаў. Многія вучацца, робяць першыя крокі ў палітычным жыцці», – кажа вядоўца медыя Вячаслаў Сікора.

Геаграфія экспертаў «6tv.by» ад ЗША на захадзе – да Сібіры на ўсходзе. Фокус – на навіны магілёўскага рэгіёну. Адтуль і асноўная аўдыторыя. Ад пачатку выбарчых пратэстаў журналісты тэлевізіі правялі за кратамі агулам паў гады.

9-га лютага – Дзень салідарнасці з журналістамі – з ініцыятывы офісу Святланы Ціханоўскай. Адбылася дыскусія з прадстаўнікамі медыяў.

«Наша вельмі вялікая задача, каб нашыя СМІ вытрымалі такую сітуацыю, калі няма поля для дзейнасці, але яны пераадольваюць усе складанасці і працуюць, працуюць, працуюць для будучыні Беларусі», – заявіла Святлана Ціханоўская.

Кацярына Андрэева і Дарʼя Чульцова з нашага тэлеканалу – былі першымі зняволенымі пад час пратэстаў журналістамі і гэта на той момант выклікала рэзананс у свеце. Важна, каб тэма заставалася на паверхні – кажа віцэ-дырэктар «Белсату» Аляксей Дзікавіцкі:

«Важна таксама, каб на ўсіх міжнародных сустрэчах, у якіх бярэ ўдзел Святлана Ціханоўская, яна магла дакладна патлумачыць, у якой сітуацыі знаходзяцца СМІ ў Беларусі».

Каб памяталі, насуперак чаканням рэжыму… акцыі салідарнасці ладзілі сёння і беларускія эмігранты.

«Яны за сваю працу паплаціліся і зараз сядзяць у няволі. Свабоду журналістам!», – скандуе ўдзельніца акцыі.

Зняволеныя 33 працаўнікі беларускіх медыяў. Падтрымаць іх можна, даслаўшы ліст аб бандэроль з прыемнымі дробязямі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»