Паўгода пратэстаў: беспрэцэдэнтныя ня толькі пратэсты, але і рэпрэсіі з боку ўладаў


У верасні актывістка Вольга Павук з пасёлку Акцябрскі на Гомельшчыне была вымушаная з дваімі дзецьмі пераехаць у Літву. Жыць у Беларусі стала небяспечна пасля ўдзелу ў паслявыбарчых акцыях пратэсту.

«Я б ніколі не адмовілася ад пратэсту і калі б я магла гэта паўтарыць, я б толькі лепш рыхтавалася да гэтага, больш блізка размаўляла з людзьмі і даводзіла б да іх, чаму гэта так важна. Тут стаіць пытанне вайны: мы змагаемся за сваю свабоду ці прымаем такое халопскае стаўленне дзяржавы», – кажа Вольга.

9-га жніўня, як і Вольга, на вуліцы выйшлі тысячы беларусаў, нязгодных з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. Пратэст з дапамогаю спецсродкаў і тэхнікі разагналі ўлады, затрыманых жорстка збілі ў РАУСАх ды ізалятарах.

Але бязмежжа сілавікоў выклікала яшчэ большую хвалю грамадскай нязгоды. Пратэст агарнуў усе слаі. З кветкамі і плакатамі на акцыі супраць гвалту пачалі выходзіць жанчыны, маршы салідарнасці праводзілі медыкі, студэнты, дзеячы культуры. Пачаліся стачкі на заводах. Нядзельныя маршы зрабіліся самымі маштабнымі акцыямі пратэсту ў гісторыі краіны, збіраючы да двухсот тысяч асобаў.

«У паліталогіі ёсць такое паняцце – негвалтоўныя метады. І іх своеасаблівасць у тым, што яны даволі марудныя. І чакаць таго, што мы перамаглі б у жніўні, верасні і нават праз паўгода, было б даволі наіўна» – кажа палітолаг Вольга Харламава.

Беспрэцэдэнтнымі ў гэтыя паўгода сталіся ня толькі пратэсты, але і рэпрэсіі з боку ўладаў. Дзясяткі тысячаў затрыманых, тысячы збітых, ня менш за 6 забітых. Супраць пратэстоўцаў за гэтыя паўгода распачалі каля васьмісот крымінальных справаў. 239 чалавек прызнаныя палітычнымі вязнямі. Краіна апынулася ў стане прававога дэфолту, кажа праваабаронца Алег Гулак:

«Дзяржава адмовілася выконваць свае законы, ну ці, скажам так, ужывае законы толькі ў адзін бок і так, як яна іх разумее. А на практыцы гэта азначае, што грамадзяне ад гэтай дзяржавы не абароненыя»

Не засталіся беларускія пратэсты і без увагі міжнароднай супольнасці. Традыцыйнымі сталіся акцыі салідарнасці беларусаў замежжа. А штабу Святланы Ціханоўскай, якая яшчэ ў верасні была вымушаная пакінуць Беларусь, удалося заручыцца падтрыманнем лідараў большасці заходніх краінаў.

«Салідарнасць. Салідарнасць усяго свету, і Святлана змагла гэта арганізаваць. Больш за 40 краінаў свету аб’ядналіся ў адзіным жаданні дапамагчы Беларусі стаць на шлях дэмакратычнага развіцця. Яны не прызналі Лукашэнкі. Ягоная дэлегітымізацыя праведзеная цалкам. Пры гэтым Святлана – прызнаны лідар», – кажа прэс-сакратар Святланы Ціханоўскай Ганна Красуліна.

У другое паўгоддзе беларускі пратэст уваходзіць у фармаце дваравых акцыяў і з вялікім міжнародным падтрыманнем, а ўлады Беларусі – з еўрапейскімі санкцыямі і надзеямі на сілавікоў.

Аляксандр Баразенка, «Белсат»