«У Беларусі затрыманыя 34 тысячы чалавек». ЕЗ мусіць узмацніць дапамогу Беларусі


Адказам на рэпрэсіі мусіць быць павелічэнне падтрымкі беларускага народу, а таксама ўзмацненне санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. Такое рашэнне паўстала на сустрэчы ў польскім Сенаце.

У сустрэчы ўдзельнічалі прадстаўнікі адмысловай парламенцкай камісіі па справах Беларусі, а таксама Каардынацыйнай рады, Беларускага дому ў Варшаве, тэлеканалу «Белсат». Сенатар Марцін Басацкі падвёў сумныя вынікі паў гадовай барацьбы беларусаў:

«У Беларусі затрыманыя 34 тысячы чалавек, у краіне, якая ў чатыры разы меншая за Польшчу. 1800 чалавек моцна пабітыя альбо катаваныя».

Ня велічэзную хвалю рэпрэсіяў вольная Еўропа мусіць адказаць узмацненнем санкцыяў супраць беларускага рэжыму, упэўнены дэпутат польскага Сейму Роберт Тышкевіч:

«Гэта абсалютна не лішне даслаць да Менску сігнал, што Еўропа не пагаджаецца і ніколі не прызнае нармальным такое абыходжанне з уласным грамадствам каля брамы Еўропы, бо гэта пагражае не толькі Беларусі. Гэта пагражае нашаму рэгіёну ў Еўропе і ўсей Еўропе».

«Вельмі важна, што мы акрэслілі неабходнасць больш актыўных дзеянняў з боку Еўразвязу ў падтрымцы беларусаў і Беларусі праз выкарыстанне тых інструментаў, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі Еўразвязу. Гэта санкцыйныя інструменты персанальныя да тых асобаў, якія вінаватыя альбо падазраюцца ў здзяйсненні злачынстваў у адносінах да беларусаў, якія адказваюць за палітычныя рашэнні», – адзначыў прадстаўнік Каардынацыйнай рады Павел Латушка.

Асобная тэма сустрэчы – рэпрэсіі супраць журналістаў. Намеснік дырэктара тэлеканалу «Белсат» Аляксей Дзікавіцкі ўзгадаў пра суд над журналісткамі каналу Кацярынай Андрэевай і Дар’яй Чульцовай.

«Я таксама расказаў, пра тое, што для нас чорны дзень сёння, бо адбываецца працэс над Дашай і Кацяй. Папрасіў памятаць пра гэта, пра салідарнасць», – паведаміў Аляксей Дзікавіцкі.

Па выніках сустрэчы бакі дамовіліся ўзмацніць салідарную падтрымку беларускаму народу, і ў якасці аднаго з першых крокаў польскія парламентарыі прапанавалі запрасіць Святлану Ціханоўскую выступіць на паседжанні польскага парламенту.

Ігар Станкевіч, «Белсат»