Марфа Рабкова: «Уклала ўчора ў ліст запіску цэнзару»


Галоўнага рэдактара інтэрнэт-выдання «Ежедневник» Сяргея Сацука пасля ператрусу забралі ў Следчы камітэт. Сайт выдання заблакавалі.

«За некалькі дзён да таго «Ежедневник» пачаў праект пра беларускіх «тэрарыстаў». Магчыма, новы ціск на партал звязаны менавіта з гэтым. А магчыма, проста прыйшла чарга», – лічыць брат Сяргея Сацука Аляксандр.

Стала вядома таксама пра затрыманне былога кіраўніка менскай філіі «Маладога фронту» і карэспандэнта радыё «Рацыя» Змітра Хведарука. Родныя пацвярджаюць затрыманне былога палітвязня і шукаюць для яго адваката.

У спісах затрыманых з’явілася прозвішча праграміста, сузаснавальніка і распрацоўніка праекту «WiFi Map» Дзмітрыя Плашчынскага.

«Раней быў падпісаны на тэлеграм-каналы якія цяпер прызнаныя дэструктыўнымі і экстрэмісцкімі. Ад тэлеграм-каналаў гэтых я адпісаўся. Раней удзельнічаў у размове з Антонам Матолькам», – кажа ў так званым «пакаянным відэа» Дзмітрый Плашчынскі, які з’яўляецца грамадзянінам Ізраілю.

Кадравую чыстку зладзіла Акадэмія мастацтваў. Паводле інфармацыі тэлеграм-каналу «By_culture», з установы звольнілі больш за два дзясяткі выкладчыкаў, якія год таму адмовіліся падпісваць праўладныя лісты. Сярод звольненых – прарэктар па навучальнай працы Алена Бохан, якая не падпісала загаду пра адлічэнне студэнтаў-пратэстоўцаў.

У палітзняволенай Валерыі Касцюговай, якую ўжо больш за пяць месяцаў утрымліваюць у следчым ізалятары на Валадарскага, памёр бацька. Дачка Валерыі Касцюговай Настасся піша пра гэта ў сваім «Тўітэры»:

«Сёння памёр мой дзядуля, і ў яго фактычна няма сваякоў, якія могуць яго пахаваць. Маці ў турме, я на эміграцыі, бабуля памерла, ягоны сын, мой дзядзька, таксама памёр даўно. Мой бацька памірае ад раку, і ў мяне пачынаюць заканчвацца сваякі, з якімі я магу пагаварыць».

Палітзняволенай праваабаронцы Марфе Рабковай у следчым ізалятары не даюць прайсці медычнае абследаванне, а таксама вяртаюць лісты, у якіх яна піша пра колькасць выстаўленых ёй крымінальных артыкулаў ці пералічвае іх.

«Уклала ўчора ў ліст запіску цэнзару, дзе распісала, што няма такіх прававых нормаў, паводле якіх я не магу напісаць артыкулы. Я ж не пішу пра сутнасць абвінавачвання, у чым канкрэтна мяне абвінавачваюць», – піша палітзняволеная.

Марфу Рабкову абвінавачваюць паводле адзінаццаці артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Ёй пагражае да дваццаці гадоў зняволення.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»