30 гадоў без СССР і чарговая «халодная» вайна


«СССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць перастае існаваць» – адзіны ў белавежскім пагадненні радок, які трыццаць гадоў таму адразу ўзгаднілі кіраўнікі колішніх савецкіх рэспублік Расеі, Беларусі і Украіны. Сёння палітолагі кажуць пра непазбежнасць распаду Савецкага Саюзу і канстатуюць, што залежнасць Беларусі ад Расеі ўсцяж застаецца моцнаю.

Нарадзіўся ў СССР – у год ягонага распаду – 1991-ы. Жыў – у фармальна незалежнай Беларусі. Зміцер Кулакоў кажа, што ягоныя бацькі не былі прыхільнікамі перамен:

«Турма народаў распалася, а яны шкадавалі аб гэтым. Вось так. Бацька мой ваяваў у Афганістане і ў прынцыпе не разумее… Я, напрыклад, не бачу, за што хлапцоў гэтых палажылі. Ні за што».

Што такое злачынства супраць свайго народу – Зміцер адчуў у 2020-ым годзе, калі атрымаў тры з паловаю гады «хіміі» за палітычныя погляды і ўцёк за мяжу. Параўноўвае метады сілавікоў з тэрорам, уласцівымі савецкаму НКВД.

Калі Зміцер нарадзіўся – 30 гадоў гадоў таму, Савецкі Саюз перастаў існаваць. Але не знянадску. Увосень 1991-га года ўсе рэспублікі СССР ужо прынялі дэкларацыі аб суверэнітэце, і многія з іх прагаласавалі за незалежнасць. Сілавой спробаю захаваць саюз быў жнівеньскі путч ГКЧП. І мірнаю – ужо пасля правалу путчу – стаў праект новай саюзнай дамовы аб захаванні дэмакратычна абноўленага саюзу.

«Праблема ў тым, што Савецкі Саюз мог існаваць толькі як таталітарная імперыя. (…) Імперыя і камуністычны рэжым былі вельмі моцна звязаныя адно з другім, пераплеценыя. Крах камуністычнай сістэмы аўтаматычна вёў да краху імперыі», – кажа палітолаг Валерый Карбалевіч.

Але крызіс трэба было вырашаць, таму Барыс Ельцын прыняў прапанову старшыні Вярхоўнага Савету Рэспублікі Беларусь Станіслава Шушкевіча прыехаць на перамовы. На аэрадром пад колішнім ваенным гарадком Засімавічы на Пружаншчыне расейская дэлегацыя таемна прыбыла 7-га снежня. Адтуль – у белавежскую рэзідэнцыю Віскулі.

Ад Украіны – Леанід Краўчук – ужо абраны першым прэзідэнтам краіны. Станіслаў Шушкевіч і прэм’ер Вячаслаў Кебіч – ад Беларусі і колішні кіраўнік Расеі неспадзявана выпрацавалі заяву аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаваў і ўзгаднілі фармулёўку: «СССР як субʼект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць перастае існаваць».

Праз 18 дзён Савецкі Саюз афіцыйна распаўся. Што было б, калі б саюз захаваўся, кажуць жыхары Расеі:

«Так бы і жылі разам – адзінаю дзяржаваю».

«Было б напэўна лепей, чым цяпер. Значна. А так – нарабілі справаў не падумаўшы»

«Не было б ні Расеі, ні Украіны, ні Беларусі, быў бы адзіны савецкі народ».

Жыхары меншых рэспублік, якія разам з развалам імперыі атрымалі незалежнасць, разважаюць інакш.

Жыхары Украіны:

«Знікла б украінская мова. Беларуская прападае ўжо амаль цалкам. Уплыў Масквы на Прыбалтыку быў бы мацнейшы».

«Мы згубілі шмат людзей, згубілі частку тэрыторыі. Я лічу, што не варта было рэзка адмяжоўвацца ад Расеі. Трэба было неяк супрацоўнічаць».

«Украіна хутчэй за ўсё перабывала б у тых самых тэрытарыяльных межах, але на сённяшні дзей быў бы ніжэйшы ўзровень жыцця ў тых рэспубліках, быў бы таталітарызм і дыктатура».

Уплыў Расеі дагэтуль застаецца моцным у большасці БЫЛЫХ рэспублік. На думку палітолага Валера Карбалевіча, наймацнейшы ён у Арменіі, а за ёю цвёрда ўмацавалася Беларусь. У юбілейны год распаду СССР межы Беларусі і Расеі абцягваюць калючым дротам.

«Тое супрацьстаянне, якое раней існавала пад час халоднай вайны, цяпер аднаўляецца ўжо не паміж Савецкім Саюзам і Захадам, а паміж Расеяй і Захадам. І Расея ў гэтую халодную вайну змагла прыцягнуць толькі адну былую постсавецкую краіну. Гэта Беларусь», – канстатуе Валерый Карбалевіч.

Нязменная ўлада – нязменны курс. Каму не падабаецца – турма ці эміграцыя… Гэтак Даніла Гаркавы, які нарадзіўся ў канцы лістапада 91-га года, лічы пад час распаду СССР, з усталяванымі Лукашэнкам правіламі гульні пазнаёміўся толькі летась, пасля чаго эміграваў.

«Я ўсё роўна жыву ў кантэксце таго, што вярнуся ў Беларусь. Зразумела, што гэта будзе не заўтра і не праз месяц», – кажа мужчына.

Данііл Гаркавы, як тысячы беларусаў у эміграцыі, грамадскі актывіст, які набліжае дзень незалежнасці Беларусі ад лукашэнкаўскай і крамлёўскай палітыкі.

Юлія Цяльпук, «Белсат»