«З будаўнічага сектару можна браць за ўзор тое, як можна змагацца з пастановамі аб непавышэнні цэнаў»


Чарга з тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, дасталася сучаснай Беларусі ў спадчыну ад Савецкага Саюзу. «Сёння ў гэтай дзіўнай чарзе знаходзяцца каля 600 000 беларускіх сем’яў, – адзначыў бізнесовец і блогер Аляксандр Кныровіч. – Пры гэтым паляпшаюць жыллёвыя ўмовы каля 20 000 семʼяў за год. Проста палічыць: 30 гадоў – гэта той самы тэрмін, у які палепшаць жыллёвыя ўмовы тыя, хто сёння ўстае ў «хвост».

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

У развітых краінах асоба, якая мае пастаянны даход, прыстойную крэдытную гісторыю і жаданне, бярэ іпатэчны крэдыт і развязвае сваю жыллёвую праблему. Але ў беларускай рэчаіснасці ўсё не так проста. Колькасць будаваных жыллёвых «квадратаў» не здольная задаволіць попыт, а кошты на гэтыя «квадраты» растуць. Галоўная прычына – інфляцыя ў Беларусі ды агульны рост цэнаў. І нават «жэстачайшы» загад спыніць падвышэнне коштаў не даў эфекту.

«Асобныя будаўнічыя матэрыялы чамусьці катаюцца з Менску ў Смаленск і назад. Таму што на гэтым шляху не забаронена падвышаць кошты! Таму нашыя матэрыялы любяць наведаць старажытны горад Смаленск, – іранізуе Аляксандр Кныровіч. – Напэўна, з гэтага сектару можна браць за ўзор тое, як можна змагацца з пастановамі аб непавышэнні цэнаў».

Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэдні даход дваіх працоўных у сям’і пасля выплаты падаткаў – каля 3900 беларускіх рублёў. Калі не шыкаваць і хаця б палову штомесяц адкладваць (паводле даўняй беларускай завядзёнкі – у валюце), то за 4 гады атрымаецца назбіраць на першы ўзнос на будаўніцтва. А на астатняе ўзяць у банку крэдыт. Але той жа Белстат прызнаў, што на пачатак гэтага года меней за пятую частку грамадзянаў краіны мелі так званы сярэднедушавы рэсурс, большы за тысячу рублёў на месяц. На будаўніцтва, пэўна, не хопіць. Што зусім не спрыяе ўсёй будаўнічай індустрыі. Між тым, як падкрэсліў эканаміст Аляксей Харкевіч, гэта вельмі важная галіна. Ад яе ўвогуле залежыць эканамічны рост у краіне. І ў крызісныя моманты яна цярпіць першая. А ў нас крызіс – гэта перманентная зʼява. І мы ўвесь час падтрымліваем у сувязі з гэтым будаўнічую галіну.

Тым не менш дамы ў краіне растуць, і людзі спраўляюць наваселле. Хто ж гэтыя людзі? Тыя, чыя зарплата дазваляе купіць сабе новенькія «квадраты» або ўзяць камерцыйны крэдыт у банку, і так званыя «льготнікі». Апошніх дзяржава падтрымлівае ў іхным жаданні пераехаць у новае жытло. Але і тут не ўсё так проста. Лімітны кошт квадратнага метра жытла, якое будуюць з дзяржаўным падтрыманнем, дагэтуль дапасоўваўся да ўзроўню сярэдняй зарплаты ў кожным з рэгіёнаў Беларусі. Але цяпер пастанавілі прывязаць гэты паказнік да сярэдняга заробку па ўсёй краіне. Віцэ-прем’ер Анатоль Сівак днямі патлумачыў, што калі кошт квадратнага метра роўны сярэднямесячнай зарплаце, то каэфіцыент – 1. «У нас будуць паказнікі дзесьці ў раёне 0,8. Гэта значыць, квадратны метр будзе каштаваць на 20% менш за памер сярэднямесячнага заробку».

Сярэдні налічаны заробак у Беларусі сёлета ў жніўні афіцыйна складаў 1 665,5 беларускіх рублёў, а квадратны метр у тыпавых дамах эканом-класу без дзяржаўнага падтрымання – ці не ўдвая даражэйшы.

І што ж рабіць простаму беларусу?

Напрыклад, папоўніць шэрагі льготнікаў. Іх у Беларусі нямала: ад дзяцей-сіротаў, шматдзетных сем’яў, некаторых асобаў з інваліднасцю да так званых сілавікоў, пракурораў і суддзяў. Яны маюць права на дзяржаўнае падтрыманне, у тым ліку, у справе будоўлі. Адныя атрымліваюць сацыяльнае жытло, за іншых значную частку даплочвае дзяржава. Хаця, як казала некалі легендарная брытанская прэм’ерка Маргарэт Тэтчэр, не існуе ніякіх дзяржаўных сродкаў, а ёсць толькі грошы падаткаплатнікаў.

На думку навуковага працаўніка BEROC у Кіеве Алега Мазаля, варта было б пакінуць ільготы для самых безабаронных. А здаровыя і нябедныя маглі б зарабляць на жыллё на агульных умовах.

«Гэта сем’і, у якіх ёсць дзеці з інваліднасцю, або хатнія гаспадаркі, якія цалкам складаюцца з людзей з інваліднасцю, шматдзетныя семʼі або дзеці-сіроты, – лічыць ён. – А прадастаўленне бясплатнага жылля сілавікам або дзяржслужбоўцам – гэта папросту набыццё іх лаяльнасці беларускаму рэжыму».

Каб іпатэка сталася даступнаю для ўсіх, трэба маштабныя эканамічныя рэформы, кажа Алег Мазоль. Неабходны развіты фінансавы рынак, фінансава ўстойлівы будаўнічы сектар ды ўвогуле развітая фінансавая сістэма. І для гэтага ўмовы вядомыя:

«Змяненне дзейснага палітычнага рэжыму, пачатак маштабных эканамічных рэформаў, стабільная грашова-крэдытная сістэма. Гэта ўсё будзе складаць падмурак для таго, каб карыстацца той жа іпатэчнай сістэмай».

Больш за 4 мільёны 300 тысяч квадратных метраў жытла штогод у сярэднім будуецца ў Беларусі. 70% гэтых плошчаў грамадзянам прапануюць будаваць за свае грошы або з дапамогаю камерцыйных крэдытаў, пад дзевятнаццаць з паловай адсоткаў гадавых. Таму пакуль, відавочна, большасці грамадзянаў Беларусі хуткае наваселле не пагражае.

Марына Яновіч, «Белсат»