Справа Ягора Лебядка: рэжым узмацняе ціск на незалежныя медыі


Менскі абласны суд збіраецца разглядаць крымінальную справу супраць жыхара Смалявіцкага раёну. Пад неназваным грамадзянінам лёгка можна пазнаць вайсковага эксперта Ягора Лебядка, якога затрымалі яшчэ 12-га ліпеня. Яго вінавацяць у «спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці». Нагодаю сталася інтэрв’ю Лебядка беларускаму выданню адносна вайны Расеі з Украінаю. Прычым гэтае медыя і яго кантэнт былі прызнаныя «экстрэмісцкімі» толькі праз месяц пасля размовы з Лебядком.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Калі падыходзіць з такой вось пазіцыі, дык давайце прыцягнем да адказнасці Алега Гайдукевіча, які неаднаразова даваў інтэрвʼю “Еўрарадыё”, калі яно не было экстрэмісцкім СМІ», – рэагуе журналіст Зміцер Лукашук.

Гайдукевіч, прынамсі пакуль, можа спаць спакойна. У адрозненні ад іншых беларусаў. Выпадак Ягора Лебядка – на жаль, не адзіны кейс завядзення крымінальнай справы за інтэрвʼю або каментар. Праваабаронцу Насту Лойку ГУБАЗіК таксама вінаваціць у спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці. А супраць Дарʼі Лосік паводле таго ж артыкулу пачалі крымінальную справу за каментар «Белсату». На думку намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага, такім чынам працягваецца атака на незалежныя медыі:

«Мэта ўладаў – адарваць медыі ад рэальнасці, ад жывых спікераў, ад інфармацыйнай павесткі, каб людзі баяліся ўсяляк камунікаваць з выданнямі. Баяліся расказваць пра палітвязняў, пра падзеі ў Беларусі».

Сёння трапіць пад адміністратыўны або крымінальны пераслед рызыкуе чалавек, які распаўсюджвае, захоўвае, перавозіць з мэтаю распаўсюду «экстрэмісцкія матэрыялы», кажа праваабаронца Раман Кісляк. Дадамо сюды каментары або інтэрвʼю тым сродкам масавай інфармацыі, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі». Але што наконт ужывання кантэнту незалежных выданняў?

«Практыка мяняецца», – лічыць эксперт.

«Яна ўвесь час пашыраецца ў бок павелічэння магчымасцяў для рэпрэсіяў супраць грамадзянаў. Такое вольнае тлумачэнне робіць артыкулы Крымінальнага кодэксу гумовымі, калі ў іх можна ўсё больш дзеянняў уключаць, тлумачыць усё шырэй і шырэй».

Як засцерагчыся ад пераследу, акрамя таго, як выдаліць гісторыю свайго браўзера? На думку эксперта ў сферы бяспекі Мікалая Кванталіяні, лепш каб уліковы запіс у «Тэлеграме» быў зарэгістраваны на замежную сім-карту. «Кіберпартызаны» ж заклікаюць выдаляць чат-боты экстрэмісцкіх каналаў з дапамогай адмысловай інструкцыі.

Інструкцыя «Кіберпартызанаў»:

1.Разблакуйце ў чорным спісе ўсіх ботаў.

2. Увядзіце слова «bot» у радку пошуку Telegram.

3. Абярыце бот, які трэба выдаліць. У акне дыялогу з ім знайдзіце тры вертыкальныя кропкі і націсніце «Ачысціць гісторыю».

4. Зноў увядзіце слова «bot» у радку пошуку Telegram. Націсніце на той жа самы бот правай кнопкай мышы і абярыце «Выдаліць чат».

5. Пачакайце содні. Пры гэтым не шукайце ботаў у радку пошуку.

Пасля гэтага ён мусіць канчаткова выдаліцца.

Незалежныя медыі таксама спрабуюць засцерагчы людзей. Асабліва тых, якія даюць каментар, застаючыся ў Беларусі.

«Мы адмыслова не называем яго імя і робім усё магчымае, каб яго немагчыма было ідэнтыфікаваць. Таму што бяспека людзей для нас больш важная, чым нейкі хайп».

Рэжым працягвае запалохваць грамадства і абмяжоўваць доступ да інфармацыі. Беларусам, якіх вінавацяць «у спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці», сёння пагражае ажно да сямі гадоў зняволення.

Ян Федаровіч, «Белсат»