Стартаваў Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва ў Беларусі


Мерапрыемства ў рамках Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва пройдзе онлайн. На ім будуць казаць, як знайсці рэсурсы і развіць бізнес ва ўмовах, якія хутка змяняюцца – такіх як пандэмія ці палітычны крызіс…

Арганізатары пэўныя, што, нягледзячы на цяжкасці, у беларускага бізнесу застаецца жаданне развівацца як унутры краіны, так і за мяжою. Пра тое, як жывуць беларускія прадпрымальнікі, што мусілі з‘ехаць з краіны?

Таццяна Красоўская паводле прафесіі – архітэктар. Але цяпер яна – уладальніца кандытэрыі ў Варшаве, дзе сама робіць зефір.

«Калі мы пераехалі, мне хацелася ўсіх накарміць зефірам, бо вельмі шмат людзей, якія сумавалі па зефіры – тут няма такога прадукту», – распавядае Таццяна.

Знайсці сваю нішу ў чужой краіне няпроста. Яшчэ складаней заняць сваё месца ў інфармацыйным полі. Як кажа муж Таццяны Пётр, нават жыхары найбліжэйшых да кандытэрыі дамоў сталі прыходзіць да іх толькі праз год пасля адкрыцця.

«Калі мы выстаўляем рэкламу, пішам слова «зефір», заходзяць толькі нашыя. Кажуць: «Што, праўда – зефір?», – кажа Таццяна.

Але Пётр і Таццяна аднадушныя ў тым, што распачаць у Польшчы сваю справу сталася значна прасцей, чым у Беларусі. Дома аб кандытэрыі давялося забыць пасля размовы з санстанцыяй.

«Адкрыць сваю справу аказалася вельмі складана. Мы пачыналі з санстанцыяў і пасля доўгай гутаркі зразумелі, што гэта гады (не месяцы, а рэальна гады), каб выканаць усе патрабаванні. Чаго не скажаш пра ўмовы тут».

Зэфір Бар Квятэк Ваніліі – адзін з пунктаў на карце, створанай Цэнтрам беларускай салідарнасці. Гэта карта паслугаў ад беларусаў для беларусаў, вымушаных заставацца за межамі Радзімы. На ёй пазначаныя месцы, дзе можна знайсці аўтасэрвіс, кавярню або цырульню, што стварылі беларусы.

Аліна Коўшык, Цэнтр беларускай салідарнасці:

«Тысячы беларусаў былі вымушаныя з’ехаць за межы, пакінуць усё сваё жыццё, якое было: працу, хаты, бізнесы – у кожнага свая гісторыя. Яны трапляюць на новыя месцы, яны не ведаюць ніякіх рэаліяў, не маюць ніякіх кантактаў, не маюць блізкіх, сяброў. І вось у Цэнтры беларускай салідарнасці мы стараемся таксама даваць людзям такую пляцоўку для знаёмства, для кантактаў. І вось беларуская мапа бізнесу – гэта адна з магчымасцяў, як гэта можна зрабіць».

Са словаў ініцыятаркі праекту Аліны Коўшык, гэты праект – адказ на попыт беларусаў, якія звярталіся па кантакты землякоў у Польшчы. Каб неяк сістэматызаваць інфармацыю, прыдумалі стварыць карту. Пачалі з Польшчы і Грузіі. Але цяпер шмат запытаў ад беларускіх дыяспараў з розных краінаў, нават з Ісландыі, з просьбамі дадаць іх каардынаты.

«Мэта гэтай карты – стварэнне супольнасці. Супольнасці беларусаў за мяжой. Каб беларусы не губляліся, а падтрымлівалі адно аднаго. Гэтыя сувязі абсалютна гарызантальныя. Гэтая карта проста дапамагае нам знаходзіць нашых людзей, замаўляць у іх нешта, або прапаноўваць свае паслугі. І такім чынам гэта ўзмацняе нашую дыяспару, узмацняе нашае нацыянальнае самавызначэнне – і мы яшчэ мацней адчуваем сябе беларусамі. У беларусаў цяпер вельмі моцны запыт на такі бізнес-патрыятызм. Мы хочам працаваць. Працаваць з беларусамі, замаўляць у беларусаў. І, мне здаецца, гэта вельмі класная звязка», – распавядае Аліна Коўшык.

У планах ня толькі пашырыць тэрыторыю ахопу, але і дадаць прома-коды і нават стварыць біржу працы, дзе беларусы будуць шукаць на працу беларусаў.

Ніка Несцярэнка, «Белсат»