Спроба прарыву мяжы ня ўдалася. Ці ўдасца заўтра?


Вельмі небяспечныя рэчы адбываюцца цяпер у Гарадзенскай вобласці на мяжы з Польшчай. Каля дзвюх тысяч мігрантаў сёння спрабавалі штурмаваць памежны пераход Брузгі-Кузніца і памежную агароджу побач.

Пад апекай беларускіх сілавікоў яны выкарыстоўвалі кусачкі, бярвенне і сапёрныя лапаткі, каб прабрацца на тэрыторыю Еўразвязу.

Цяпер у памежнай зоне з боку Беларусі паўстаў лагер нелегальных мігрантаў з намётамі і вогнішчамі. Беларускія блогеры паведамляюць пра стрэлы ў паветра з боку сілавікоў, верных Аляксандру Лукашэнку. А ў Дзяржаўным памежным камітэце абвінавачваюць у страляніне палякаў.

Раніцаю больш за тысячу мігрантаў выйшлі з лесу і рушылі ў бок памежнага пераходу Брузгі-Кузніца. Іх кантралявалі беларускія сілавікі з сабакамі. Не дайшоўшы да пераходу, калона збочыла ў лес. Турысты, як называе іх афіцыйны Менск, з дапамогаю бярвення і кавалкам паспрабавалі прарваць агароджу і прайсці ў Польшчу, аднак сустрэлі адпор з выкарыстаннем слезацечнага газу.

Беларускі памежны камітэт абвінаваціў у эскалацыі канфлікту Варшаву і заявіў, што – цытата – «на падобны крок роспачы бежанцаў падштурхнула абыякавасць і бесчалавечнае стаўленне польскіх уладаў».

«Паводле аповедаў саміх бежанцаў, яны самаарганізаваліся ў такую шматлікую групу, каб выключыць гвалтоўнае выцясненне польскім бокам, а таксама прыцягнуць увагу міжнароднай супольнасці да дзеянняў Польшчы ў частцы невыканання правоў чалавека», – заявілі ў Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі.

Тым часам прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда склікаў тэрміновую нараду з удзелам прэм’ер-міністра і кіраўнікоў сілавых органаў у сувязі з сітуацыяй на мяжы.

«Мы мусім падтрымаць намаганні, якія перадухіляць гэтыя дзеянні. Ключавым ёсць тое, што пры траплянні якой-небудзь групы на тэрыторыю Еўрапейскага Звязу – а мяжа Польшчы гэта ж мяжа Еўразвязу – сітуацыя відавочна паўторыцца дзесяць разоў», – прэс-сакратар ураду Польшчы Пётр Мюлер.

Да беларуска-польскай мяжы сцягнутыя каля дванаццаці тысяч вайскоўцаў і паліцыі. Прыкладна пад пятнаццатую гадзіну паводле менскага часу польскае МУС заявіла, што перадухіліла сілавую спробу прарыву мяжы. Літва накіравала падмацаванне польскім памежнікам, а таксама ўзмацніла ахову сваіх межаў.

«Мы сурʼёзна рыхтаваліся да сітуацыі, якая цяпер адбываецца на мяжы з Польшчай. Мы гэты працэс пачалі 2-3 тыдні таму, калі зʼявіліся першыя паведамленні пра спробы прарыву нелегальных мігрантаў на тэрыторыю Польскай Рэспублікі», – адзначыў кіраўнік Службы аховы мяжы Літвы Рустамас Любаевас.

Літоўскі МУС прапанаваў увесці надзвычайнае становішча на памежных тэрыторыях.

«Гэта зменіць сітуацыю. У такім выпадку зʼяўляюцца пэўныя абмежаванні, якія можна ўвесці. Сёння я яшчэ не магу дэталізаваць, што было б у гэтым праекце, бо пастанову мусіць прыняць як урад, так і Сойм», – адзначыла міністарка ўнутраных справаў Літвы Агне Білатайце.

На думку палітолага Валерыя Карбалевіча, з дапамогай міграцыйнага крызісу рэжым Лукашэнкі помсціць суседзям за санкцыі і спрабуе прымусіць Еўразвяз да дыялогу наконт іх скасавання: «Еўразвяз не мае моцнай палітычнай волі для жорсткага адказу. Міграцыйны крызіс цягнецца некалькі месяцаў. А пяты пакет санкцыяў да гэтага часу не прыняты. Я чую меркаванні ў Еўропе, што трэба пачынаць перамовы з Лукашэнкам».

Галоўная мэта мігрантаў – не Літва і Польшча, а Нямеччына. Пакуль жа Менск рыхтуецца да двухразовага павелічэння рэйсаў з Блізкага Усходу. Цяпер, паводле дадзеных нямецкага штотыднёвіка «Welt am Sonntag», у сталіцу Беларусі штодня прыбывае ад васьмісот да тысячы мігрантаў. А памежны камітэт заявіў, што цяпер на мяжы застаюцца каля дзвюх тысяч уцекачоў.

Антон Каменскі, «Белсат»