Рэжым адмяняе контрсанкцыі ў галіне перавозаў


З 10 кастрычніка аўтамабільныя перавознікі, зарэгістраваныя ў Еўрапейскім Звязе, змогуць афармляць дазвол на міжнароднае транспартаванне грузаў праз тэрыторыю Беларусі. Адпаведную інфармацыю апублікавала Міністэрства транспарту і камунікацыяў. То бок ідзецца пра адмену контрсанкцыяў, якія рэжым Лукашэнкі ўвёў супраць краінаў Аб’яднанае Еўропы. У чым прычына?..

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

«Расея ўсе больш становіцца падобнай на «Тытанік» і прайграе вайну, сённяшнія навіны з Крымскім мастом – добрае гэтаму сведчанне. І на гэтым фоне Беларусь шукае, як бы хаця б не аднавіць, бо ў стратэгічным сэнсе гэта немагчыма, але хоць нейкія палітычныя крокі зрабіць, каб на патэнцыйных кулуарных перамовах сказаць: вось, глядзіце, мы свае контрсанкцыі фактычна ўжо адмяняем. А давайце, вы цяпер нешта зробіце», – кажа палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

А пачалося ўсе 24 лютага 2022 года. Поўнамаштабнае ўварванне Расеі ва Украіну. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі надае тэрыторыю Беларусі расейскім войскам для нападу на Кіеў. Па Украіне з Беларусі запускаюць ракеты, а ў шпіталях Гомельскай вобласці беларускія дактары лечаць параненых расейцаў.

Еўразвяз уводзіць супраць рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі санкцыі. Сярод іншага, і транспартавыя. У красавіку беларускім перавознікам забаранілі ездзіць у еўрапейскія краіны.

«Калі афіцыйны Менск прымаў так званыя контрсанкцыі, то яны былі, канечне, паводле прынцыпу «на зло маме вушы адмарожу». Гэта былі контрсанкцыі, якія больш прыносілі шкоду Беларусі. І калі параўнаць эканамічны патэнцыял Беларусі і Еўрапейскага Звязу, то тое, што не дазволілі еўрапейскім грузам праязджаць, гэта была рэакцыя паводле прынцыпу, што мы павінны неяк адрэагаваць», – мяркуе Цыганкоў.

Эканаміст Аляксей Харкевіч таксама схіляецца да таго, што для рэжыму Лукашэнкі адмена контрсанкцыяў – гэта сігнал Захаду аб гатовасці весці перамовы, а не спроба зарабіць, напрыклад, на платных дарогах і зборах. Паводле эканаміста, ні ад санкцыяў, ні ад контрсанкцыяў эканомікі Беларусі ды Еўрапейскага Звязу не пацярпелі. Бо перавознікі абодвух бакоў знайшлі наступную схему:

«Міжнародныя перавознікі з Захаду заязджаюць на тэрыторыю Беларусі, плацяць уязное мыта, і тут жа ля мяжы ёсць склады, на якія яны адпраўляюцца. У сваю чаргу расейскія перавозчыкі, беларускія перавозчыкі, Казахстан перасякаюць усю тэрыторыю Беларусі, выгружаюцца на гэтых складах, тут жа загружаюцца фуры з Еўразвязу. Перавалка на месцы ажыццяўляецца. І наогул, як працавалі раней, так і працягнулі працаваць», – распавёў Аляксей Харкевіч.

Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі паведамляе, што кошт дазволу транспартавай інспекцыі складае 480 беларускіх рублёў. Адметна, што скасаванне так званых контрсанкцыяў у галіне перавозаў адбываецца на фоне паведамленняў розных крыніцаў пра тое, што людзі Аляксандра Лукашэнкі спрабуюць дамовіцца з Захадам. У тым ліку, у кулуарах ААН.

Руслан Ігнатовіч, «Белсат»