Новы зліў BYPOL

Ледзь не кожны другі міліцыянт гатовы пастаўляць інфармацыю BYPOL. Гэткая думка, паводле новага зліву арганізацыі былых сілавікоў, гучыць у размове двух кіраўнікоў аддзелаў міністэрства ўнураных справаў.

– А што тут гляджу Нік і Майк зноў выклалі запіс з АЛМІ?

– Ну выклалі, б*. Ведаеш такіх п*лаў? Адзін быў у НОНе, другі ў УБОПе, б*. Здраднікі, б*.

– Я табе скажу, такіх яшчэ б*, ведаеш колькі ў міліцыі, б*? Х* хто знойдзе б*. Цяпер кожны другі, б*. Гэта ж мы з табой старыя баявыя афіцэры.

Гэта гавораць субяседнікі ў тэлефоннай размове.Доля праўды ў гэтай размове вялікая, лічыць удзельнік BYPOL Мацвей Курэйчык, бо цяпер сістэма пачынае жэрці сама сябе.

«Можам заўважыць, што галоўнае ўпраўленне ўласнай бяспекі праслухоўвае практычна кожнага начальніка, стараецца закрануць праслухоўваннем як мага больш працаўнікоў розных сілавых ведамстваў. І кожны працаўнік цяпер не можа быць перакананы ў тым, што потым гэтае праслухоўванне не сыграе супраць яго», – кажа Мацвей Курэйчык.

«ByPol» каментуе забойства Андрэя Зельцара. Спецвыданне студыі «Белсат»

На сілавыя структуры Лукашэнка зрабіў стаўку пасля выбараў і па-ранейшаму можа на іх абапірацца, лічыць аглядальнік Віталь Цыганкоў.

«У Беларусі аўтарытарная сістэма, і сілавікі пасля шматгадовай негатыўнай селекцыі нават не задумваюцца пра пераварот ці павелічэнне сваёй палітычнай ролі, яны тупа выконваюць загады вышэйшага палітычнага кіраўніцтва, у прыватнасці загады аднаго чалавека, і не задумваюцца пра сваю асаблівую ролю», – кажа Віталь Цыганкоў.

Працаўнікі сілавых структураў застаюцца ў Беларусі ў прывілеяваным стане, – у іх вышэйшыя заробкі, больш ранняя пенсія, набыць ці пабудаваць жытло ім значна прасцей, чым іншым грамадзянам. Але адначасова гэта й звязвае ім рукі.

«Кожны працаўнік, што працуе ў сістэме, цяпер баіцца не толькі за сябе, а і за сям’ю. Магчыма, ён мае крэдыты, напрыклад, на жытло. Таксама, калі працаўнік малады, нядаўна выпусціўся з акадэміі МУС, яму трэба будзе плаціць вялікія сумы за навучанне. Кожны баіцца, што яму не будзе дзе працаваць», – кажа Мацвей Курэйчык.

Супраць тых, хто спрабуе хаця б выказацца супраць сістэмы, дзеюць жорстка.

«Помста сілавікам нават больш жорсткая, чым удзельнікам акцыяў пратэсту, калі мы бачым, што сілавікоў хапалі не толькі ўдзельнікаў, а нават тых, хто заявіў, што сыходзіць, ці заявіў пра нейкую нязгоду, рэакцыя была жорсткая. Мы бачым дзясяткі выпадкаў, калі людзей хапалі на содні ці крымінальныя справы, калі нават яны не ўдзельнічалі ў адкрытых акцыях», – падкрэслівае Віталь Цыганкоў.

Сёння ж суддзя Цэнтральнага раёну Менску Дзмітрый Карсюк за ўдзел у двух маршах пакараў былога следчага, палітвязня Ягора Вяршыніна, двума гадамі калоніі.

Былога следчага Ягора Вяршыніна асудзілі на два гады калоніі за ўдзел у двух маршах

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама