Нобэлеўская прэмія міру – для журналістаў


Нобэлеўскую прэмію міру за 2021 год сёння атрымалі журналісты. Гэта галоўны рэдактар расейскай «Новой газеты» Дзмітрый Муратаў і кіраўніца сайту «Rappler» Марыя Рэса з Філіпінаў.

Паводле камітэту, узнагарода прысуджаная за «высілкі ў абароне свабоды слова, якая ёсць умоваю для дэмакратыі й захавання міру». Сёлетняя прэмія праз беларускую прызму – у матэрыяле Валеры Руселіка.

Іхная адважная праца выклікала гнеў у кіраўнікоў Філіпінаў ды Расеі і адначасова знайшла водгук у сэрцах тых, каму блізкія ідэалы свабодаў і правоў чалавека.

«Нарвежскі нобэлеўскі камітэт пастанавіў уручыць Нобэлеўскую прэмію міру за 2021 год Марыі Рэсе і Дзмітрыю Муратаву за (й)іхныя намаганні ў абароне свабоды выказвання меркаванняў, якія ёсць неабходнай умоваю дэмакратыі і трывалага міру», – агучыла ў часе ўрачыстае цырымоніі старшыня Нобэлеўскага камітэту Бэрыт Райс-Аннэрсэн.

Хто ж яны, сёлетнія лаўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру? Журналістка й кіраўніца выдання «Rappler» Марыя Рэса вядомая найперш дзякуючы сваім расследаванням злачынстваў прэзідэнта Філіпінаў Радрыго Дутэртэ. Дзмітрый Муратаў – галоўны рэдактар гэтак нелюбімай Уладзімірам Пуціным расейскай «Новой газеты».

Hавiны
Нобэлеўскую прэмію міру атрымалі журналісты Марыя Рэса і Дзмітрый Муратаў
2021.10.08 13:15

«На маю думку, гэта толькі паказвае, што камітэт Нобэлеўскай прэміі міру зразумеў, што свет без фактаў азначае свет без праўды й даверу. І калі ў вас няма нічога з гэтага, вы, напэўна, не зможаце перамагчы ані каронавірус, ані змяненняў клімату», – заявіла лаўрэатка Нобэлеўскай прэміі міру-2021 Марыя Рэса.

«Калі б я быў у Нобэлеўскім камітэце міру, я б прагаласаваў за таго чалавека, на каторага ставілі букмэйкеры. Аднак я лічу, што ў гэтага чалавека яшчэ ўсё наперадзе – і маю на ўвазе Аляксея Навальнага», – адзначыў лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру-2021 Дзмітрый Муратаў.

Уважліва сачылі за сённяшняй цырымоніяй у нарвежскай сталіцы і беларусы. І не дзіва. Сёлета сярод намінантаў на прэмію былі й нашыя суайчынніцы: Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава, а таксама Святлана Ціханоўская адзінаасобна. Лідарка дэмакратычнай Беларусі пры гэтым уваходзіла ў лік найбольш імаверных прэтэндэнтаў на ўзнагароду.

«Я радая, што Нобэлеўскую прэмію атрымалі журналісты. Насамрэч журналісты, якія змагаюцца за свабоду слова ў розных краінах. І я пэўная, што кожны журналіст у Беларусі, які і быў на перадавой, і цяпер на перадавой, таксама заслугоўвае гэтай прэміі. Бо сёння Беларусь лічыцца самай небяспечнай краінай для незалежнай і свабоднай журналістыкі. То бок гэтая прэмія адлюстроўвае праблемы многіх краінаў, у тым ліку і беларускую», – падзялілася эмоцыямі з «Белсатам» Святлана Ціханоўская.

Hавiны
Палітыкі, пісьменнікі і навукоўцы. У жылах каго з набэліятаў цячэ беларуская кроў
2021.10.07 12:30

Што б азначала прэмія Нобэля для ўсіх нас, беларусаў, каб яе ўсё-ткі атрымала Святлана Ціханоўская? «Белсат» запытаў у лідара польскай «Салідарнасці» і таксама нобэлеўскага лаўрэата Леха Валэнсы.

«Гэта азначае найцяжэйшыя метады змагання, бо ўзнагарода Нобэля выдаецца за дасягненні, але часам і каб працягнуць гэтае змаганне, з’яднаць дасягненні з працягам. Спадарыня Ціханоўская не мае гэтых дасягненняў, бо папросту не магла іх мець. Але другі чыннік актуальны – заахвочваць да мірных (мірных, яшчэ раз паўтару!) метадаў змагання незалежна ад цяжкасцяў. З гэтага пункту гледжання Нобэлеўская прэмія прыдалася б Беларусі і спадарыні Ціханоўскай таксама», – распавёў у размове з «Белсатам» лаўрэат Нобэлеўскай прэміі міру-1983 Лех Валэнса.

Hавiны
За што апошнімі гадамі давалі Нобэлеўскую прэмію міру?
2021.10.08 10:10

Задаём тое ж пытанне і самой Святлане Ціханоўскай.

«Вядома ж, мы былі б радыя: гэта падвысіла б цікаўнасць да Беларусі як да краіны, да парушэнняў правоў чалавека, да палітзняволеных, да таго, як шмат людзей сёння пакутуе толькі за тое, што хочуць змяніць нашую краіну да лепшага. Але атрыманне або неатрыманне прэміі, па вялікім рахунку, не ўплывае на нашае змаганне, акрамя падвышэння цікаўнасці, бо гэта штодзённая цяжкая праца. І мы рухаемся далей да сваёй мэты! Будуць яшчэ ўзнагароды!» – упэўненая лідарка дэмакратычнай Беларусі.

Дарэчы, беларускі след можна знайсці і ў сёлетніх нобэлеўскіх лаўрэатаў. І Марыя Рэса, і Дзмітрый Муратаў горача падтрымлівалі беларускія пратэсты супраць узурпацыі ўлады ў краіне ад самага (й)іх пачатку. Галоўны рэдактар «Новой газеты» быў таксама і адным з падпісантаў адкрытага ліста супраць ґвалту ды рэпрэсіяў у Беларусі і ў падтрыманне беларускай грамадзянскай супольнасці.

Hавiны
На Нобэлеўскую прэмію міру наміноўвалі Бяляцкага, Шушкевіча і Ярмошыну. Як ім гэта ўдалося?
2021.10.07 13:00

Валера Руселік, Белсат