Лукашэнка набліжаецца да суду


Сітуацыя з правамі беларусаў унутры краіны пагаршаюцца, рэжым Лукашэнкі парушае міжнароднае заканадаўства. Беларускае пытанне гучала ў Радзе бяспекі ААН. Паралельна краіны Захаду дапамагаюць рэпрэсаваным.

Варшаўскае бюро «Kопец і Забароўскі» бясплатна дапамогуць пакараць сілавікоў, адказных за гвалт і катаванні беларусаў, якія працягваюцца больш як год.

Пацярпелыя і ахвяры бязмежжа беларускіх сілавікоў могуць бясплатна атрымаць юрыдычную дапамогу высокага ўзроўню. Народнае антыкрызіснае ўпраўленне падпісала дамову з варшаўскаю прэстыжнаю адвакацкай канторай «Kопец і Забароўскі» і перадала туды першыя тры справы.

«Мы з іхнаю дапамогаю хочам выклікаць людзей, якія абазнаныя, маюць дачыненне да гвалту на тэрыторыі Беларусі. Хочам дамагчыся, каб выклікаць іх у следчыя органы Польшчы дзеля дачы тлумачэнняў. А калі яны не прыедуць, будзе падстава размаўляць ужо і пра міжнародны вышук і Інтэрпол», – пракаментаваў Міхаіл Кірылюк, адказны ў справе міжнароднай юстыцыі НАУ.

Гаворка пра так званую ўніверсальную юрысдыкцыю. Прозвішчы беларусаў, справамі якіх ужо заняліся і ў Варшаве, стануць вядомыя толькі пасля перадачы матэрыялаў у польскі суд.

Затрыманы летась 10-га жніўня мянчук Валерый Саламазаў распавядае пра сваю справу яшчэ да пачатку працэсу. Ягоныя сведчанні нямецкім юрыстам перадалі прадстаўнікі тамтэйшай дыяспары.

«Мяне проста спынілі, акружылі, скруцілі, звязалі, збілі. Потым катавалі. Зараз з’явіліся відэазапісы пра катаванні ў калоніях Расеі. Магу сказаць, што мне кіраўнік РАУС Завадскога раёну Менску Кіслоў Кірыл Станіслававіч прапаноўваў такое самае катаванне. Ён мне сказаў: «Я засуну табе палку ў ж***, пасажу цябе да «зэкаў» у камеру, яны цябе «апусцяць»», – узгадвае Валерый пагрозы, якіх не можа прабачыць.

Еўрапарламент напярэдадні прыняў рэзалюцыю адносна Беларусі з двума заклікамі: Тэрміновага прыняцця пятага пакету санкцыяў супраць рэжыму, разгляду справы Беларусі ў Міжнародным судзе ААН.

Эстонія тэрмінова склікала нефармальную нараду ў Радзе бяспекі ААН. Прамаўлялі кіраўнікі і намеснікі міністраў замежных справаў Эстоніі, Латвіі, Літвы. А таксама палітолагі, кіраўнікі праваабарончых арганізацыяў.

Енс Модвіг, кіраўнік Міжнароднай платформы падсправаздачнасці для Беларусі, прамовіў:

«Нашая платформа ў справе Беларусі была створаная для збору, кансалідацыі і захавання інфармацыі і доказаў грубых парушэнняў правоў чалавека, якія зʼяўляюцца злачынствамі ў плашчыні міжнароднага права. Гэта паспрыяе крымінальным расследаванням і крымінальнаму судаводства ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права».

Спікеры падкрэслівалі, што ўсе віды рэпрэсіяў маюць арганізаваны характар. Пра гэта 6-га кастрычніка вялося і ў Еўрапарламенце, пасля чаго прагучала прапанова паставіць спадара Лукашэнку перад міжнародным трыбуналам.

Пра сістэмнасць рэпрэсіяў кажа і Валерый Саламазаў, справу якога сярод сотні падобных расследуе пракуратура ў Нямеччыне. Ейная мэта – пакараць вінаватых і прызнаць Аляксандра Лукашэнку тэрарыстам, кажа ён:

«Ня гледзячы на тое, што ўсе гісторыі розныя, у іх праглядаецца агульны патэрн, што ўсё гэта рабілася паводле адной інструкцыі, ня гледзячы на тое, што адбывалася ў розных месцах і ў розны час – ва ўсіх назіраецца падобны патэрн. Гэта прыкмета цэнтралізаванага кіравання, цэнтралізаванага гвалту. І гэта будуць разглядаць як гвалт супраць свайго народу».

Таго ж на міжнародным узроўні дамагаецца Народнае антыкрызіснае ўпраўленне. Офіс Ціханоўскай – просіць прызнаць рэжым нелегітымным і злачынным. Спадзеў прыхільнікаў пераменаў на тое, што крок наперад зроблены. А таксама, што да расследавання справаў гвалту ў Беларусі далучацца чарговыя заходнія краіны.

Юлія Цяльпук, «Белсат»