У Львове зʼявіцца медыяхаб для беларускіх журналістаў


Пра новы медыяхаб для беларускіх журналістаў Святлана Ціханоўская дамовілася з мэрам Львова Андрэем Садавым у польскім Карпачы.

Гэтымі днямі тут праходзіць Міжнародны эканамічны форум. Сёння Беларусь была на парадку дня дыскусіяў і панэльных сустрэчаў. Пра што яшчэ вялася гаворка, ведае наш карэспандэнт Ігар Кулей.

Другі дзень форуму ў польскім Карпачы надзяліў значна больш увагі беларускаму пытанню, а беларускія спікеры мелі лепшыя, чым учора магчымасці распавесці пра сітуацыю ў нашай краіне, у тым ліку падчас дыскусіяў не абавязкова звязанымі з Беларуссю.

Роўна год таму сюды, у Карпач прыехала Святлана Ціханоўская, мінуў месяц пасля прэзідэнцкіх выбараў і пратэсты на менскіх вуліцах былі ўсцяж вельмі масавымі. Тады, выступаючы на форуме, дэмакратычная лідарка казала пра барацьбу беларусаў за лепшую будучыню і пра рэпрэсіі супраць тых, хто адважыўся за яе змагацца. Мы запыталіся Святлану Ціханоўскую пра сёлетнюю павестку, з якой яна прыехала на гэтую прадстаўнічую імпрэзу.

«Мы працягваем казаць пра Беларусь. Натуральна. Мы кажам, як мяняецца сітуацыя, мяняецца сітуацыя ў рэжыме і ў грамадзянскай супольнасці, але ўжо крыху іншыя ўмовы. Але інтарэс гэткі ж, як і год таму, калі не больш, бо ў нас дастаткова шмат панэляў тут, у якіх удзельнічаюць прадстаўнікі дэмсілаў», – кажа Святлана Ціханоўская.

Але каштоўнасць пляцоўкі ў Карпачы не толькі ў публічных выступах, а і ў часамі незапланаваных прыватных кантактах.

Гэтак сталася ўчора, калі мэр Львова Андрэй Садавы заўважыў спадарыню Ціханоўскую падчас вячэры. Тут жа на выхадзе з рэстарану адбылася 10- хвілінная размова, і адразу дамоўленасці, якія дапамогуць беларусам, што знайшлі прытулак ад пераследу ў Львове:

«Мы адчынім для беларускіх журналістаў лакацыю, дзе яны змогуць працаваць. Гэта будзе ў найбліжэйшы час. Вельмі шмат людзей прыязджае. Гэта важна, важна падтрымліваць у складаны час», – удакладняе мэр Львова Андрэй Садавы.

Нягледзячы на сваю важнасць, дзясяткі падобных сустрэчаў, што тычацца Беларусі, застаюцца па-за аб’ектывамі камераў.

Кіраўнік народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка выступіў толькі на адной панэльнай дыскусіі а пазней да самага вечара меў распісаныя сустрэчы.

У каментары «Белсату» палітык прынёс прабачэнні за сваю працу ў польскім эканамічным форуме ў часе, калі быў амбасадарам Беларусі ў Польшчы.

«Прабачце, гэта была ілюзія падману. Пад гэтай ілюзіяй падману я жыў, думаючы, што высокія кіраўнікі Беларусі, прымаючы ўдзел у міжнародных форумах палітычных, эканамічных, будуць уцягвацца ў працэс рэформаў дэмакратыі краіны. Праблема заключаецца ў іншым. На чале дзяржавы стаіць дыктатар, які не разумее патрэбы, ён разумее толькі адну патрэбу захавання ўлады», – сказаў кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка.

Пачатак верасня гэта яшчэ і час, калі ў Польшчы ідзе актыўная падрыхтоўка да студэнцкага навучальнага году. Другі год запар у калідорах эканамічнага форуму мы размаўляем з дырэктарам стыпендыяльнай праграмы Каліноўскага, на якую трапляюць рэпрэсаваныя па палітычных матывах беларусы.

«Мы павінныя былі зрабіць вельмі важнае пераразмеркаванне бюджэту, у выніку чаго мне ўжо ўдалося падпісаць тыдзень таму амаль 150 пазітыўных рашэнняў аб прыняцці на праграму Каліноўскага на 2021–2022 акадэмічны год», – распавёў дырэктар Стыпендыяльнай праграмы імя Каліноўскага Ян Маліцкі.

Заўтра нас чакае яшчэ адзін дзень працы форуму, і, магчыма, адзін з сюрпрызаў сёлетняй імпрэзы – Юры Васкрасенскі, чалавек, які сваімі перакананнямі прадстаўляе рэжым Аляксандра Лукашэнкі абяцае выступіць на адной з дыскусійных панэляў.

Ігар Кулей, спецыяльна для Аб’ектыву