Старшыню хакейнай федэрацыі Баскава дыскваліфікавалі


Да 10 верасня 2026 года – на пяць гадоў – Дзмітрыя Баскава адхілілі ад нацыянальнай і міжнароднай дзейнасці ў хакеі.

Дысцыплінарная камісія Міжнароднай федэрацыі хакею пасля 10-месячнага расследавання вызначыла, што кіраўнік Федэрацыі хакею Беларусі Дзмітрый Баскаў парушае кодэкс міжнароднай арганізацыі.

«Ёсць дастатковыя доказы таго, што Баскаў спрабаваў паўплываць на іншых, каб падтрымаць урад, пагражаў і дыскрымінаваў беларускіх спартоўцаў за іхныя палітычныя погляды, і што ён злоўжываў сваім становішчам прадстаўніка хакею з мэтаю падтрымання Лукашэнкі, парушыўшы арт. 5 Алімпійскай хартыі», – гаворыцца ў рашэнні Міжнароднай федэрацыі хакею.

А вось дастатковых доказаў датычнасці Баскава да інцыдэнту, што прывёў да смерці Рамана Бандарэнкі, дысцыплінарная калегія Міжнароднай федэрацыі хакею не знайшла. Расследавання гэтай падзеі патрабавалі беларускія незалежныя спартоўцы.

«Яны вельмі акуратна выказваюцца на гэты конт, бо гучна заяўляць, калі няма важкіх доказаў, было б дзіўна для такой сур’ёзнай арганізацыі. Тое, што сказалі яны, для мяне даволі зразумела і апраўдана. Але тое, што адбываецца ў нас у рамках расследавання, гэта для мяне больш незразумела», – каментуе рашэнне камісіі сястра Рамана Бандарэнкі Вольга Кучарэнка.

Дыскваліфікацыя Дзмітрыя Баскава азначае, што ён не зможа ні ўдзельнічаць ні прысутнічаць на спартовых падзеях не толькі ў свеце, але і ў Беларусі.

«Гэта незалежная дысцыплінарная камісія. Наракаць на тое, што Еўразвяз ці хто іншы перашкаджае, не выпадае, бо ўзначальвае мижнародную федэрацыю Рэнэ Фазэль, які нейтральна ставіцца і нават з сімпатыяй да Лукашэнкі», – кажа спартовы журналіст Сяргей Южык.

Атрымаць каментар ад Дзмітрыя Баскава не ўдалося – ён не бярэ слухаўкі. У афіцыйным жа паведамленні на сайце Беларускай федэрацыі хакею гаворыцца, што арганізацыя разглядае магчымасць абскардзіць дыскваліфікацыю:

«На дадзены момант функцыянер працягне працу для развіцця хакею ў Рэспубліцы Беларусь на займанай ім пасадзе старшыні Федэрацыі хакею Беларусі».

Такое рашэнне нацыянальнай федэрацыі вядзе да абвастрэння канфлікту з міжнародным хакейным аб’яднаннем, адзначае Сяргей Южык:

«Гэта можа скончыцца вельмі кепска, дыскваліфікацыяй усёй федэрацыі хакею, тым больш калі з пасады сыдзе Фазэль і прыйдзе іншы чалавек, які не будзе такім добразычлівым. Наступны крок – могуць зборную адхіліць ад спаборніцтваў, клубы адхіліць ад спаборніцтваў, да гэтага можа дайсці».

Адмяніць жа рашэнне пра дыскваліфікацыю ў Беларускай федэрацыі хакею шанцаў няма, бо доказаў палітычнай дзейнасці Дзмітрыя Баскава дастаткова, лічыць Сяргей Южык.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»