Слава Воршы ўжо не горша! 8 верасня – Дзень вайсковай славы


8 верасня беларусы адзначаюць Дзень вайсковай славы – напамін пра перамогу ліцвінаў над маскавітамі ў знакамітай бітве пад Воршай. На жаль, не абышлося без сумных навінаў.

Аршанскія ўлады асудзілі на 10 содняў трох удзельнікаў традыцыйнага фестывалю, прысвечанага бітве 1514 года. Пра значэнне перамогі пад Воршай – у матэрыяле Валерыя Руселіка.

«Слава Воршы ўжо не горша! Слаўся, князь Астрожскі!» – словы, бадай, самай вядомай песні каля самай вядомай карціны, прысвечаных адной і той сама найвыбітнейшай старонцы з беларускай і агульнаеўрапейскай вайсковай гісторыі, Бітве пад Воршай.

8 верасня 1514 года ля ракі Крапіўна, што за 5 кіламетраў ад Воршы, адбылася адна з найбуйнейшых бітваў на тэрыторыі тагачаснай Еўропы. З аднаго боку – ваяры Вялікага Княства Літоўскага, з супрацьлеглага – захопнікі з Маскоўскага княства. Гісторыкі ўсцяж спрачаюцца наконт дакладнай колькасці ўдзельнікаў бітвы, аднак нават агучаныя лічбы 30 тысяч ліцвінаў, якія разбілі ўшчэнт 80-тысячнае войска маскавітаў, не могуць не ўражваць і сведчаць пра маштаб падзеі.

«Цікава, што пра бітву пад Воршай, пра перамогу Вялікага Княства Літоўскага пад Воршай даведаліся даволі хутка розныя краіны Еўропы. І гэтая бітва вывучалася потым як адзін з узораў, адзін з прыкладаў таго, як трэба перамагаць, калі вас мала, а ворагаў многа», – адзначае пісьменнік Аляксей Шэін.

Акрамя ваярскага поспеху не меншы, а можа і большы эфект бітва пад Воршай дала пераможцам у палітычным плане. Нашыя продкі ўмела выкарысталі разгром усходняга агрэсара дзеля антымаскоўскай рыторыкі на міжнароднай арэне.

Неацэннае значэнне Аршанская бітва мела ўжо і ў наш час – дзеля адбудовы незалежнай Беларусі пасля вызвалення з савецкага палону. Напачатку 1990-х угодкі знакамітай бітвы адзначалі з дзяржаўным размахам. Гэтак, 8-га верасня 1992 года ў часе першага святкавання Дня беларускай вайсковай славы па ўсёй краіне вайскоўцы ўрачыста складалі прысягу на вернасць беларускаму народу. У Менску ў акцыі, арганізаванай Беларускім згуртаваннем вайскоўцаў на чале з падпалкоўнікам Міколам Статкевічам узялі ўдзел 12 афіцэраў і 3000 жаўнераў.

Сёння ж Дзень беларускай вайсковай славы застаецца пад негалоснаю забаронаю рэжыму Лукашэнкі, які зацята змагаецца з усім нацыянальным. А таму не дзіва, што сярод тысяч палітвязняў лукашызму неаднаразова быў і сёння зноўку ёсць уласна Мікола Статкевіч.

«Ён пісаў яшчэ дзесяцігоддзе, мабыць, таму, знаходзячыся ў магілёўскай турме і ўзгадваючы Дзень беларускай вайсковай славы, што Аршанская бітва можа ўратаваць нас яшчэ раз: не даць нам цалкам страціць гістарычную памяць і не даць нам паставіць нашую дзяржаву пад пагрозу знішчэння – менавіта тое, што зараз робяць афіцыйныя ўлады», – узгадвае жонка палітвязня Марына Адамовіч.

А значыць, як больш за пяць стагоддзяў таму, сёння мы, нашчадкі свабодалюбівых ліцвінаў, стаім перад падобнымі выклікамі.

«Перамога нашых дзядоў натхняе нас на тое, каб любіць сваю краіну, каб ахвяравацца за яе. І нават тады, калі, здавалася б, няма шанцаў, каб перамагчы – змагацца і перамагаць!» – падкрэслівае Аляксей Шэін.

Бо толькі той перамагае, хто змагаецца.

А для гэтага ўжо сёння кожны з нас можа зрабіць уласны і вельмі важны ўнёсак: размаўляць па-беларуску, знаёміцца з нашай цудоўнай культурай і гераічнай гісторыяй, падтрымліваць адзін аднаго і ў бядзе, і ў радасці, быць разам. І мы абавязкова пераможам!

Валера Руселік, Белсат