Цыганкоў: «Ідзе спроба ў лукашыстаў намацаць нейкія новыя рысы ідэалогіі»


Выглядае на тое, што ў Беларусі працягваецца і нават набірае тэмпы вайна з польскімі могілкамі. Ашмяны, Багданы, Бабровічы, Іўе, Дындылішкі, Ёдкавічы, Мікулішкі, а цяпер вось Качычы і Ваўкавыск. Гэта ўсё мясціны, дзе апошнімі днямі апаганілі ці цалкам зруйнавалі пахаванні польскіх жаўнераў. Што да апошніх зафіксаваных інцыдэнтаў, то ў Качычах былі пахаваныя 89 чалавек, якія загінулі ў бітве з войскамі НКВД у студзені 1945 года, на магіле знішчылі крыжы. У Ваўкавыску ж цалкам знік помнік некалькім палеглым польскім жаўнерам.

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў каментуе гэта так:

«Яны не могуць адпомсціць палякам якімі-небудзь санкцыямі ў адказ, якімі-небудзь палітычнымі праблемамі. Ужо ўсіх, каго можна, затрымалі, усе, хто мог, з’ехаў. Ну вось вырашаюць, што далей рабіць… І вось перайшлі на магілы».

Напярэдадні ж акрамя невядомых вандалаў адзначыліся і так званыя беларускія дыпламаты. У лукашэнкаўскае Міністэрства замежных справаў выклікалі часовага паверанага ў справах Польшчы ў Беларусі Марціна Вайцяхоўскага. Беларускі бок выказаў здзіўленне, чаму зруйнаванае месца пахавання ў вёсцы Мікулішкі называюць у польскіх медыях брацкай магілай польскіх жаўнераў. Рэакцыю ж польскага боку назвалі «нематываванай занепакоенасцю» і заявілі, увага, што на згаданай тэрыторыі «воінскіх пахаванняў і пахаванняў замежных вайскоўцаў не зарэгістравана». Гісторык Анджэй Новак кажа:

«Я думаю, мы павінныя разглядаць гэтыя зверствы ў кантэксце як знявагі памяці пахаваных, так і катаванняў жывых людзей. Гэта два элементы адной агрэсіі. Агрэсіі супраць гуманізму, гуманістычных каштоўнасцяў. Так у кантэксце пуцінскай вайны супраць Украіны гэты канкрэтны акт лукашэнкаўскага рэжыму мусіць разглядацца».

Адметна і тое, што ў МЗС звярнулі ўвагу Марціна Вайцяхоўскага на, цытата, «бесперспектыўнасць любога ціску на Беларусь і неабходнасць уважлівага стаўлення да беларускіх законаў».

Узнікаюць пытанні, што тут найперш: дзіўная, з якога боку ні зірні, спроба рэжыму выгадаць сабе нейкія прэферэнцыі ці свядомае абвастрэнне адносінаў? І каму яшчэ гэта можа быць выгадна?

Адказвае палітолаг Пётр Касцінскі:

«Пагаршэнне адносінаў з Польшчай, якое можа прывесці да разарвання дыпламатычных стасункаў, азначае яшчэ мацнейшае звужэнне поля для манеўраў Лукашэнкі ды беларускіх уладаў. Калі цяпер яшчэ ён можа спрабаваць рабіць нейкія жэсты добрай волі ў бок Захаду, каб паказваць сваю незалежнасць ад Масквы, то пасля знішчэння польскіх магілаў у яго не застанецца ні міліметра поля для манеўру, асабліва ў бок Польшчы. Для Масквы такая сітуацыя – ідэальная».

Эксперты лічаць, што на сітуацыю можна паглядзець і ў рэчышчы апошняй рыторыкі прадстаўнікоў рэжыму, які цвердзіць аб «генацыдзе беларускага народу ў часе Другой сусветнай вайны». Узмацняецца і ідэалагічны наратыў рэжыму, які цалкам адмаўляе ці выстаўляе ў непрывабным святле ўсё тое, што не адпавядае «генеральнай лініі».

Паводле Віталя Цыганкова:

«Ідзе спроба ў лукашыстаў намацаць нейкія новыя рысы ідэалогіі, яна становіцца больш прарасейскай, больш шавіністычнай. Ставяцца пад пытанне такія гістарычныя фігуры, якія яшчэ ў савецкі час былі прызнаныя ў Беларусі, як Касцюшка, Каліноўскі. І ў рамках гэтага антыпольскасць – частка прарасейскай ідэалогіі».

Паміж Беларуссю і Польшчай дзейнічае пагадненне аб ахове пахаванняў і месцаў памяці ахвяраў войнаў і рэпрэсіяў, падпісанае ў 1995 годзе. На тэрыторыі краіны-суседкі размяшчаюцца блізу дзвюх тысяч пахаванняў, дзе знайшлі свой апошні прытулак як беларускія і расейскія жаўнеры Першай сусветнай вайны, так і жаўнеры Чырвонай Арміі. Такія могілкі застаюцца пад апекаю польскай дзяржавы, абслугоўваюцца за сродкі з дзяржаўнага бюджэту. Акты вандалізму на могілках Чырвонай Арміі ў Польшчы здараюцца, але яны і блізка не нагадваюць тое, што робяць цяпер з пахаваннямі польскіх жаўнераў у Беларусі.

Уладзіслаў Корсак, «Белсат»