Расейскі самалёт сарваў прэс-канферэнцыю


Прэсавая канферэнцыя літоўскага прэзідэнта Гітанаса Наўседы ды іспанскага прэм‘ер-міністра Пэдро Санчэса была перарваная тэрміновай неабходнасцю паветранага перахопу.

Канферэнцыю экстранна спынілі, а літоўскі прэзідэнт ды іспанскі прэм‘ер былі вымушаныя пакінуць ангар. Прычына – над Балтыйскім морам быў заўважаны расейскі вайсковы самалёт, які ўзляцеў з тэрыторыі Калінінградчыны. Пілот не адказваў на запыты літоўскіх дыспетчараў, таму было пастаноўлена выслаць знішчальнікі НАТО на перахоп.

Пасля інцыдэнту прэм‘ер-міністр Іспаніі заявіў, што гэты выпадак падкрэслівае важнасць прысутнасці войскаў НАТО ў рэгіёне.

Прэзідэнт у турме

Экс-прэзідэнт Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі эскартаваны сёння ў турму для адбыцця пакарання. У канцы чэрвеня Джэйкаб Зума быў прыгавораны да 15-ці месяцаў пазбаўлення волі за непавагу да органаў юстыцыі. Нягледзячы на судовыя позвы, Зума неаднаразова адмаўляўся прыйсці на допыт у антыкарупцыйную камісію, што займаецца расследаваннем парушэнняў у часы ягонага прэзідэнцтва 2009–2018 гадоў.

«Вы ведаеце, была карупцыя. Я лічу, што ён сапраўды гэтага заслугоўвае».

«Гэта вельмі дарэчы. Ён гадамі пазбягаў арышту, але я вельмі сумняюся, што ён будзе сядзець у камеры, мы думаем, што ён цяпер недзе там у раскошы», – такія меркаванні выказваюць жыхары ПАР.

Зума павінен быў пачаць адбыццё пакарання яшчэ 4-га ліпеня, аднак адмовіўся гэта рабіць, заявіўшы, што ня лічыць неабходным «сёння садзіцца ў турму». Пытанне развязалася пасля папярэджання аб прымусовым прыводзе. У найноўшай гісторыі ПАР гэта першы былы кіраўнік дзяржавы, які атрымаў турэмны тэрмін.

Турыстычная Мекка

У падарожнікаў з Саудаўскай Аравіі – новая турыстычная Мекка. Украіна. Гэткую папулярнасць нашыя паўднёвыя суседзі атрымалі дзякуючы адмене Украінаю візаў для грамадзянаў шэрагу краінаў Персідскай Затокі, прызнанню міжнародных сертыфікатаў вакцынацыі, адмене патрабавання тэставання і адкрыццю новых наўпроставых авіярэйсаў.

«Гэта як іншыя краіны, як Швейцарыя. Толькі трошачкі падцягнуць. Людзі вельмі ветлівыя, тут добрыя кошты», – кажа турыст з Саудаўскай Аравіі.

Сярод асноўных цікавінак усходнія госці адзначаюць украінскую кухню, незвычайную для іх колькасць зеляніны навокал, мяккі клімат і шмат турыстычных аб’ектаў.

Украінскі ж сэрвіс дастаткова хутка ўбудоўваецца ў новую рэальнасць – гатэлі ва ўсёй краіне пачалі замаўляць сертыфікаваныя халяльныя прадукты і перакладаць меню на арабскую мову.

Уладзімір Старыковіч, «Белсат»