Прысутныя на судзе: «Напалоханыя больш сам суд і пракурор»


Каля двух дзясяткаў асобаў прыйшлі ў суд Цэнтральнага раёну падтрымаць Данілу Ганчарова. 30-гадовага прадпрымальніка, затрыманага 26-га сакавіка, вінавацяць у тым, што ён парушыў рух дзясяткаў маршрутаў грамадскага транспарту.

«Пракурор казаў хуткагаворкай, мала што было зразумела, па сутнасці пералічыў усе маршы і пакуль нічога асабліва не сказаў», – кажа сябра Данілы Ганчарова Арцём Рыбак.

Паводле прысутных на судзе, абвінаваўца пералічыў шэраг акцыяў, што адбываліся ў сталіцы. Нібыта ў кожнай з іх Даніла Ганчароў разам з нявызначанымі асобамі выходзіў на праезную частку, а таксама займаў зялёную зону, чым груба парушаў грамадскі парадак.

Яшчэ адзін пералік акцыяў пратэсту ў сталіцы прагучаў у тым жа судзе Цэнтральнага раёну на паседжанні ў іншай справе. Уладзімір Мацюх і трое палітвязняў – Уладзіслаў Барысаў, Ян Фалькін ды Мікіта Літвіненка – абвінавачваюцца ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. А Фалькін яшчэ і ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках. Паводле абвінавачвання, яны дамаўляліся ў чаце выходзіць на акцыі пратэсту і ўдзельнічалі ў менскіх акцыях у жніўні і верасні, выкрыквалі лозунгі, пляскалі, перашкаджалі руху транспарту.

«Гэта ўсё жахліва. Я не ведаю, што адбываецца. Нібыта я апынуўся ў іншай рэальнасці, назіраю і не магу паверыць. Вельмі шкада яго маму, проста ламаюць людзей. Ламаюць лёсы», – кажа хлопец, што прыйшоў на суд падтрымаць абвінавачваных.

Тыя, хто прыходзіць на суды падтрымаць абвінавачваных, лічаць, што судовыя працэсы што ўжо каторы месяц ідуць у краіне – спроба застрашыць нязгодных з тым, што адбываецца.

«Але так не будзе, мы не павінны маўчаць. Напалоханыя больш сам суд і пракурор. У яго голас дрыжыць, калі ён зачытвае паказанні. А абвінавачваныя ў добрым настроі», – адзначае аднакурснік Мікіты Літвіненкі Сяргей.

У судзе Менскага раёну за абразу прадстаўніка ўлады пакаранне ў паўтара года «хатняй хіміі» атрымала жыхарка Ждановічаў Алена Новікава. Жанчына напісала зняважлівы каментар пад матэрыялам у «тэлеграм»-канале, дзе намеснік міністра ўнутраных справаў Генадзь Казакевіч назваў пратэстоўцаў наркаманамі, алкаголікамі і дармаедамі. Суддзя Анжаліка Казлова задаволіла таксама пазоў на тысячу рублёў кампенсацыі.

Пакаранне на 1450 рублёў штрафу за аркуш паперы на шыбе на 12-м паверсе атрымала ў судзе Савецкага раёну мянчанка Анастасія Емяльянава. Пратакол на яе склалі яшчэ 15-га чэрвеня.

700 рублёў за маральную шкоду запатрабаваў у гэтым жа судзе пацярпелы міліцыянт ад Алега Барысаўца.

«Ён так, ён задзірысты такі. Хацелася б каб нейкая палёгка была», – Васіль Барысавец, бацька падсуднага.

Вінавацяць Алега Барысаўца ў пагрозе ці гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Вырак у справе маюць абвесціць заўтра.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»