Ператрус незалежных медыяў, таксама «Белсату» і «Нашай Нівы»


Дзяржава працягвае сістэматычнае знішчэнне незалежнай інфармацыі. Пад удар сёння трапіла адное з найбуйнейшых выданняў Беларусі – «Наша Ніва». Ператрусы ў рэдакцыі і ў кватэрах скончыліся выманнямі электронных прыладаў і допытамі. З ператрусамі таксама прыйшлі ў рэдакцыі баранавіцкага выдання «Intex-press», «Берасцейскай газеты», да журналіста і рэдактара сайту Orsha.eu.

Няма доступу да найстарэйшай беларускай газеты «Наша Ніва». Міністэрства інфармацыі заблакавала старонку «у сувязі з размяшчэннем забароненай для распаўсюду інфармацыі». Ператрусы прайшлі ў рэдакцыі, у кватэрах рэдактараў Ягора Марціновіча, Андрэя Скурко і Андрэя Дынько, бухгалтаркі Вольгі Раковіч.

Карэспандэнт выдання Арцём Гарбацэвіч, пракаментаваў «Белсату»:

«Я так разумею што зацікаўленасць была кіраўніцтвам выдання і мы ведаем, што ў Ягора Марціновіча, Андрэя Скурко і Андрэя Дынько адбыліся вобшукі. Мы таксама ведаем, што іх з незразумелымі мэтамі перавозяць па Менску. Марціновіч то ў рэдакцыі, то дома».

Галоўрэда Ягора Марціновіча затрымалі на 72 гадзіны ў якасці падазраванага паводле часткі першай арт. 342 КК РБ (грубае парушэнне грамадскага парадку). Змясцілі ў ізалятар на Акрэсціна. Туды ж прывезлі таксама затрыманага на трое содняў рэдактара «Нашай Нівы» Андрэя Скурко.

Другі артыкул, паводле якога «органы» праводзілі ператрусы і допыты – 293 КК (масавыя беспарадкі), адказнасць паводле якога – да 15 гадоў няволі.

«Сёння гаворка ідзе ўжо не пра ціск, а пра знішчэнне незалежных медыяў. Мы бачым, што ўлады выкарыстоўваюць дзеля гэтага ўжо сістэмна ўсе механізмы – ад блакавання сайтаў да замыкання за крамамі журналістаў і медыя спецыялістаў», – кажа Андрэй Бастунец, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Гэтак каля шостай гадзіны раніцы супрацоўнікі Дэпартаменту фінансавых расследаванняў пагрукаліся ў кватэры рэдактара сайту orsha.eu Ігара Казмерчака і і фатографа выдання Дзяніса Дубкова. Прававы статус і месца знаходжання журналістаў – на дадзены момант не вядомыя.

Ператрэслі таксама рэдакцыі рэгіянальных выданняў «Intex-press» (Баранавічы) і «Брестская газета», друкаваныя версіі якіх, гэтаксама як «Нашай Нівы», сёлета выключылі з сістэмы распаўсюду.

З ператрусам у Бабруйску наведаліся да журналісткі Алесі Лацінскай, якая супрацоўнічае з мясцовым медыя bobr.by. У Лунінцы – рэдакцыю рэгіянальнага выдання Медыя-Палессе.

Прыходзілі і да іншых нашых калегаў…

У Віцебску – да журналіста-фрылансера, які супрацоўнічае з «Белсатам» – Змітра Казакевіча, якога не засталі ўдома. На 72 гадзіны пасля допыту ў Следчым камітэце затрымалі віцебскага журналіста-фрылансера Віталя Скрыля. А журналіста Змітра Лупача затрымалі наўпрост у санаторыі «Пліса», дзе ён адпачываў.

«Вельмі шырока выкарыстоўваецца заканадаўства аб супрацьдзеянні экстрэмізму. Экстрэмісцкімі абвяшчаюць любыя выказванні, якія супярэчаць генеральнай думцы. Прычым такія, якія прагучалі некалькі гадоў таму. А між тым дзяржмедыі распаўсюджваюць мову варожасці», – падкрэслівае старшыня БАЖ.

Блакаваць нецэнзураваны дзяржаваю кантэнт у Беларусі пачалі яшчэ летась увосень. Спачатку Тэлеграм-каналы – пад соусам «экстрэмізм», потым – і незалежныя медыі, у тым ліку www.belsat.eu. У апошнія некалькі месяцаў узяліся за найбуйнейшыя медыі.

Закрылі партал TUT.by у суправаджэнні пакету крымінальных справаў. Затрымалі 15 супрацоўнікаў. Куды пасля гэтага перайшла аўдыторыя парталу (а гэта траціна ўсіх медыя наведнікаў з Беларусі)?

«Не бачна, каб быў пераход на праўладныя сайты ці сайты тыпу mail.ru, папулярны яшчэ да таго як тут.бай быў зачынены. Можна сказаць, што закрыццё Тут.бай і ягоная адсутнасць на медыйным полі адбілася на тым, што людзі перайшлі ў Тэлеграм», – кажа Серж Харытонаў, медыяэксперт.

У Тэлеграме кантэнтам каналу ТUT.by займалася частка яго былых супрацоўнікаў. Праз крымінальны пераслед медыя-брэнду і пераход у іншую нішу – вырашылі стварыць новы праект – Zerkalo.io. Прадстаўніца «Зеркала» Аляксандра Пушкіна кажа:

«Зеркало» будзе асвятляць у першую чаргу палітычныя і сацыяльныя навіны. На жаль нас не так шмат – нас каля 30 асобаў, таму мы не зможам ахапіць усю павестку, якую раней ахапляў ТUT,by».

Zerkalo.io будзе працаваць да моманту вяртання tut.by сіламі каманды, якая працуе з-за мяжы. Падобным чынам – у сацыяльных сетках часовы прытулак знайшлі дзясяткі медыяў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»