Пастаўка нафты ў Беларусь – мутнае пытанне


Пасля еўрапейскіх і амерыканскіх санкцыяў Менск шукае альтэрнатыўныя пастаўкі вуглевадароднай сыравіны. Напярэдадні ізноў паўстала пытанне наконт паставак нафты з Казахстану. Дарэчы, не ўпершыню. Апошнім разам – летась увесну. Бакі тады блізка падышлі да падпісання пагаднення, але зноў не зраслося. 28-га чэрвеня ў Нур-Султане падпісалі пагадненне паміж урадамі дзвюх краінаў аб гандлёва-эканамічнай супрацы ў галіне паставак нафты і нафтапрадуктаў. Аднак ніякай канкрэтыкі няма.

«Абуральнае грэбаванне правамі чалавека» – з такім тлумачэннем трэцяга чэрвеня ЗША ўзнавілі санкцыі супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў : «Белнафтахім» і яго амерыканскае прадстаўніцтва, «Белшына», «Горадня азот», «Горадня хімвалакно», «Лакафарба», «Нафтан», «Полацк-шкловалакно» і «Беларускі нафтавы гандлёвы дом».І хаця Расея абяцала Беларусі дапамагаць выжыць пад санкцыямі, буйныя расейскія кампаніі спынілі пастаўкі нафты на наваполацкі «Нафтан». Нафта на прадпрыемства ўсё ж паступае праз дробныя кампаніі, якія не працуюць на міжнародных рынках. Такое меркаванне выказала выданню «Навіны.бай» эканамічная аглядальніца Таццяна Манёнак:

«Для буйных нафтавых кампаніяў, якія працуюць на міжнародным рынку – гэта рызыка, яны могуць падпасці пад санкцыі, пастаўляючы нафту на «Нафтан». Але нельга выключыць, што бакі маглі прыдумаць нейкую схему, паводле якой нафта пастаўляецца».

Афіцыйны Менск шукае альтэрнатыўныя пастаўкі вуглевадароднай сыравіны. У траўні прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка нагадаў, што пагадненне з Казахстанам аб пастаўках нафты мае – цытата – «высокую ступень гатовасці». Што праўда, без канкрэтыкі адносна абʼёмаў, тэрмінаў і пастаўшчыкоў. Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Крэмль не дасць дазволу для казахаў і беларусаў гандляваць праз свае трубапровады: «стратэгічна казахстанская нафта ніколі не заменіць расейскую».

«Калі б гэта так лёгка можна было б зрабіць, яшчэ ў 2010 годзе можна было б выкарыстоўваць казахстанскаю нафту, але яе не пусцілі, азербайджанскую, але таксама не пусцілі. Венесуэльская – але таксама нічога не зрабілася. Таму што тут бізнес на розніцы цэнаў, на схемах з НДС… Гэта незвычайны бізнес, гэта бізнес, які мае двайное-трайное дно. Таму Казахстан не будзе мець магчымасці працаваць на беларускіх НПЗ», – дадае Яраслаў Раманчук.

Паводле міністра энергетыкі Казахстана Нурлана Нагаева, пастаўкі казахстанскай нафты ў Беларусь пачнуцца не раней за восень. Таму што казахстанскаму боку трэба будзе ратыфікаваць гэтае пагадненне ў парламенце, і толькі пасля будзе складзены індыкатыўны план і пералік відаў і абʼёмаў нафтапрадуктаў. Пакуль жа «ёсць толькі добрая воля двух бакоў», – адзначае эканаміст Сяргей Жбанаў.

«Заўсёды, калі Беларусь хацела атрымліваць нафту з Казахстану, усё ўпіралася ў дзве праблемы (з боку Казахстану): першае – Казахстан ніколі не хацеў пастаўляць нафту без экспартнага мыта, а мы яе прывыклі атрымліваць з Расеі без экспартнага мыта…Была і другая праблема, з боку Расеі. Вядомая расейская кантора «Транснефть» ніколі не давала гарантыяў, што будзе транспартаваць казахстанскую нафту насуперак сваім эканамічным інтарэсам», – кажа эканаміст Сяргей Жбанаў.

Таму далей за размовы пра пастаўку казахстанскай нафты і не заходзіла. Пытанне ў тым, чаму зноў пра яе загаварылі?

«На жаль, у нас вельмі палітызаваны нафтавы бізнес і таму краіна, замест таго, каб рабіць стаўку на чалавека, на вытворчы капітал. Яны ізноў думаюць, што на вуглевадародах можна ўвайсці ў светлую будучыню», – адзначае эканаміст Яраслаў Раманчук.

Паводле эканаміста Жбанава, нават калі казахстанская нафта трапіць у Беларусь і мы яе перапрацуем, адкрытым застаецца пытанне – каму гэтыя нафтапрадукты пастаўляць.

Каця Малей, «Белсат»