З кім надалей Лукашэнка збіраецца весці гандаль?


Калі ў красавіку мінулага года ў Расею завезлі тавары на суму 27 морд, то сёлета ў красавіку – толькі на $ 5 млрд, падлічылі эксперты Блумбэрг. Скарачаюць пастаўкі краіны, якія падтрымалі санкцыі і не (як, напрыклад, Кітай). Беларусь не разгубілася і нарасціла імпарт ва ўсходнюю суседку, ды так, што упершыню ў гісторыі прадала больш, чымся Нямеччына. Ці гэта азначае, што лукашэнкаўскаму ўраду удалося павысіць выніковасць працы на экспарт?

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Гандаль Расеі з большаю часткай Еўропы – на паўзе. Беларусь, да чаго і імкнуўся Лукашэнка, стала адным з галоўных бенефіцыяраў. Экспартуе ў Расею ўсё, што тая гатовая прыняць – ад харчоў і кармоў для жывёлы да будаўнічых матэрыялаў. У красавіку экспарт вырас удвая – піша Блумбэрг:

«Упершыню ў гісторыі Беларусь паставіла ў Расею больш тавараў, чым Нямеччына, эканоміка якой у 60 разоў большая».

Ці гэта азначае працяг леташняга «беларускага экспартавага цуда»? Мінфінансаў Беларусі рапартавала, што з улікам інфляцыі рэспубліканскі бюджэт у красавіку набраў на траціну менш паступленняў ад падатку на дададзеную вартасць і ад знешнеэканамічнай дзейнасці чым у красавіку мінулага года. Гэта адзначае, што ўпала дзелавая актыўнасць і вынікі працы на экспарт. У тым жа месяцы бюджэт выдаткаваў на 63,2 % больш бюджэтных грошай. З улікам інфляцыі – гэта ў паўтара разу перавышае леташнюю суму.

«Першы квартал быў забяспечаны эканомікаю мінулага года – гэтым экспартным бумам. А вось першае паўгоддзе – будзе ў глыбокім мінусе. Я думаю – 3-5 % ВУП будзе ў першым паўгоддзі. А другое паўгоддзе будзе адным з найгоршых у гісторыі Беларусі», – лічыць кіраўнік навукова-даследчага цэнтру «Мізэса» Яраслаў Раманчук.

Згодна з прагнозам Сусветнага Банку, ВУП Беларусі па выніках года скароціцца на 6,5 %. Выдаткі бюджэту – могуць працягнуць рост. Таксама праз абаронную галіну. Цяпер рэгулярная армія Беларусі налічвае 45 тысяч вайскоўцаў і 20 тысяч персаналу. Генштаб ЗСУ цвердзіць:

«У межах стварэння Паўднёвага аператыўнага камандавання прадугледжваецца павелічэнне колькасці Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь да 80 тысяч чалавек. Камплектаванне вайсковых частак тэхнікаю і ўзбраеннем плануецца ажыццявіць за кошт тэхнічных сродкаў, якія ёсць на захоўванні».

Вайсковы аглядальнік Аляксандр Алесін сумняецца, што беларуская армія вырасце на дзясяткі тысячаў асобаў. Па-першае – няма столькі прызыўнікоў. Па-другое – столькі грошай. Гадавыя выдаткі на абарону складаюць каля 800 мільёнаў долараў.

«Калі гэта будзе 80 тыс чалавек, гэта нам абыдзецца ў $ 09- 1 млрд. І, канешне, ва ўмовах санкцыяў, калі ў нас скарачаецца экспартная выручка, я думаю што знайсці дадатковыя $ 200 млн будзе вельмі цяжка», – кажа Аляксандр Алесін.

Месяц таму міністр Хрэнін казаў агенцыі «Белта», што абаронны бюджэт не будзе расці: «У дадатковых нейкіх выдатках не будзе патрэбы». Як, калі на баланс арміі паступаюць новыя ўзбраенні, у тым ліку ракетныя сістэмы і зенітна-ракетныя комплексы, а ва ўсіх вобласцях краіны праходзяць вучэнні, узмацняецца мяжа?

«Лукашэнка папрасіў яшчэ раней Пуціна, каб частку зэканомленых грошай з АЭС пераключыць на закуп узбраенняў і вайсковую дзейнасць», – тлумачыць Алесін.

З той жа кубышкі – не атрымаецца ўзяць на пагашэнне і абслугоўванне пазыкаў і падтрыманне дабрабыту людзей. У траўні золатавалютныя рэзервы краіны скараціліся на $ 350 млн долараў. Каб упісацца ў гадавы план Нацбанку, ЗВР могуць да новага года скараціцца яшчэ на 400 мільёнаў долараў.

«Будзем памятаць, што іншых крыніцаў фінансавання выдаткаў, апроч рэзерваў Нацбанку, па сутнасці ў Беларусі няма. Расея не спяшаецца на дапамогу беларускаму прамысловаму комплексу, банкам, таму будзе яшчэ горш. Гэта пачатак. Цяпер мінула каля 2 месяцаў, калі мы сутыкнуліся з гэтым сістэмным збоем», – рэзюмуе кіраўнік цэнтру «Мізэса».

Яраслаў Раманчук лічыць, што да канца года адчувальна ўпадуць заробкі беларусаў, вырасце беспрацоўе – праз вымушаныя звальненні на прадпрыемствах. Тым, у сваю чаргу, будзе бракаваць сыравіны для вырабу прадукцыі, і рынкаў для яе збыту.

Юлія Цяльпук, «Белсат»