Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Чэхіі і кіраўніцтвам Сенату


У Чэхіі прымаюць прадстаўніцу Беларусі на найвышэйшым узроўні, як адзінага абранага лідара беларускага народу. Працягваецца працоўны візіт Святланы Ціханоўскай у Прагу.

Сёння ў межах працоўнага візіту ў Чэхію Святлана Ціханоўская сустрэлася з Мілашам Зэманам. Чэшскі прэзідэнт адзначыў, што беларускае пытанне – адзінае, якое аб’ядноўвае ўсе палітычныя сілы ягонай дзяржавы, і выказаў гатовасць памагаць дэмакратычным сілам Беларусі, у тым ліку ў справе ізаляцыі прадстаўнікоў Аляксандра Лукашэнкі ды ціску праз санкцыі Еўразвязу. Галоўная мэта – спыненне ґвалту і вызваленне палітвязняў у Беларусі.

У плане Святланы Ціханоўскай – сустрэчы з прэмʼер-міністрам Чэхіі ды міністрам замежных справаў, а таксама спікерам ніжняй палаты парламенту.

А разам з Іржы Ружычкам, віцэ-спікерам Сенату, верхняй палаты парламенту, Святлана Ціханоўская ўсклала кветкі на Альшанскіх могілках Прагі да магілаў старшыняў Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Пятра Крэчэўскага і Васіля Захаркі.

«Гэта быў чалавек, які ўсё жыццё працаваў дзеля Беларусі і спадзяваўся пабачыць яе незалежнасць. На жаль, ён не змог дажыць да гэтага дня. І пазней мы бачылі, што незалежная краіна не абавязкова азначае свабодная. І таму нашае змаганне працягваецца. І ў нас нарэшце ёсць шанец здзейсніць тое, за што змагаўся Пётр Антонавіч», – заявіла Святлана Ціханоўская ў прамове ля магілы Крэчэўскага.

Напярэдадні Святлана Ціханоўская сустрэлася з кіраўніцтвам Сенату.

«Той факт, што Сенат парламенту Чэшскай Рэспублікі запрасіў галоўную прадстаўніцу Беларусі Святлану Ціханоўскую як галоўную госцю, я асабіста расцэньваю як факт, што Сенат Чэхіі і я прызнаём Святлану Ціханоўскую прэзідэнт-электам Беларусі», – заявіў у Сенаце ягоны старшыня Мілаш Выстрчыл.

Таксама беларуская лідарка сустрэлася з Дагмар Гаўлавай, удавой першага прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гаўла, сустрэлася з амбасадаркамі розных краінаў свету ў Празе, з удзельнікамі праграмы рэабілітацыі ахвяраў рэпрэсій у Беларусі «Мэдэвак» і выступіла на мітынгу ў цэнтры чэшскай сталіцы каля помніку Францыску Скарыну.

Вось што кажуць удзельнікі акцыі салідарнасці з Беларуссю:

  • «Я сёння тут, каб падтрымаць адзіную абраную прэзідэнтку Беларусі, якую мы выбралі на выбарах, але дыктатар Лукашэнка ў нас гэты выбар забраў».
  • «Я з Украіны, і хачу выказаць падтрымку нашым братам-беларусам, бо ў нас была такая ж сітуацыя з Януковічам, як цяпер у Беларусі з Лукашэнкам і Пуціным».

Падчас кожнага замежнага візіту Святлана Ціханоўская намагаецца зрабіць так, каб беларускае пытанне было актуальным па ўсім свеце і каб знайсці саюзнікаў беларускага народу ў справе спынення палітычнага і гуманітарнага крызісу.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»