Пратэстоўцы на мяжы з Беларуссю пачалі блакаваць дарожны рух. Як гэта было


У Польшчы і Літве на мяжы з нашаю краінай беларусы перакрываюць дарогі. Пратэстоўцы патрабуюць ад Еўразвязу паскорыць увядзенне санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі, ад уладаў Беларусі – вызвалення палітвязняў і адкрыцця наземных межаў.

На чацвёрты дзень акцыі на беларуска-польскай мяжы справа дайшла да блакавання дарожнага руху. Што праўда, пакуль больш фармальнага – удзельнікі акцыі проста ходзяць па пераходзе ды замінаюць цяжкавікам працягваць рух у бок Польшчы.

«Мы робім гэта, каб паказаць яшчэ раз рэжыму, што мы не здаемся, што беларусы будуць змагацца да перамогі. Еўрапейскі саюз павінен прымаць радыкальныя крокі дзеля таго, каб пакараць злачынцаў, якія сёння кіруюць на нашай зямлі. Жорсткімі прынцыповымі эканамічнымі і прававымі інструментамі», – кажа Павел Латушка.

Акцыя каля памежнага пераходу Баброўнікі працягваецца з мінулай суботы, але на праезную частку ўдзельнікі пікетавання выйшлі толькі сёння.

Рух цяжкавікоў актывісты перакрываюць прыкладна на 10 хвілін у гадзіну. Астатні час увагу да пікету прыцягваюць плакатамі, сцягамі ды жывою музыкай.

Падобная акцыя прайшла і на літоўскай мяжы, побач з пунктам пропуску Мядзінінкай – Каменны Лог.

Удзельнікі акцыі хацелі блакаваць рух, аднак зрабіць гэта не дазволіла паліцыя.

Арганізатары абяцаюць працягваць пікетаванне на памежных пунктах што найменей яшчэ тыдзень. Акрамя пікетаў у Мядзінінкаі ды Баброўніках бліжэйшым часам плануецца акцыя яшчэ на адным кавалку беларуска-польскай мяжы – пункце Брузгі – Кузніца Беластоцкая.

Алесь Баразенка, Белсат