Пад якімі сцягамі аб'яднаюцца беларусы?


У Беларусі ўрачыста адзначылі дзень дзяржаўных герба і сцяга. Улады заяўляюць, што мадэрнізаваныя савецкія сімвалы – чырвона-зялёны сцяг і герб з зоркаю – аб’ядноўваюць беларусаў. Але нацыянальныя сімвалы, сімвалы незалежнай Беларусі – бел-чырвона-белы сцяг і старажытны герб «Пагоня» – у краіне забароненыя. Дык пад якімі сцягамі абʼяднаюцца беларусы?

Дзяржаўны гімн, вялікае зялёна-чырвонае палотнішча з белым арнаментам, зялёныя і чырвоныя парасоны і прысяга вернасці. У Менску адзначаюць дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Голас дыктара паведамляе, што яны яднаюць беларускі народ, а Аляксандр Лукашэнка сцвярджае, што белы і чырвоны – нацыянальныя колеры, і чаму сваім супернікам забараніў выкарыстоўваць нацыянальны бел-чырвона-белы сцяг: «Скажыце, калі ласка, як мы маглі пакланяцца БЧБ-сцягам і іншым? Як, калі на гэтых сцягах кроў кожнага трэцяга беларуса?!»

«Пра заплямленасць… А што такое чырвона-зялёны сцяг пасля жніўня 2020-га года, тым больш пасля 24 лютага 2022 года? Гэта сцяг, пад якім спачатку катавалі людзей, расчышчаючы Пуціну пляцоўку для агрэсіі, у якую ператварылася мая Беларусь», – падкрэслівае паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

Бел-чырвона-белы сцяг і старажытны герб Вялікага Княства Літоўскага, Пагоня, сталі дзяржаўнымі сімваламі Беларусі ў 1991 годзе неўзабаве пасля абвяшчэння незалежнасці краіны.

«Бел-чырвона-белы сцяг і «Пагоня»? Гістарычныя сімвалы паказваюць свету, што мы зʼявіліся не проста цяпер, а ў нас ёсць даўняя, вельмі даўняя гісторыя, якая сягае ў стагоддзі», – падкрэсліў дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі ў 1990=1996 гадах, аглядальнік «Радыё свабода» Сяргей Навумчык.

Але ўжо ў 1995 годзе Аляксандр Лукашэнка правёў рэферэндум і дамогся дэмантажу нацыянальных сімвалаў і вяртання мадэрнізаваных савецкіх сцяга і герба.

Але бел-чырвона-белыя колеры сталіся сімвалам пратэсту. У 2020 годзе сотні тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы супраць татальнай фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і за лепшую будучыню сваёй краіны з вялізнымі бел-чырвона-белымі палотнішчамі. У адказ рэжым абвясціў спалучэнне белага і чырвоных колераў экстрэмісцкімі.

Сотні людзей былі аштрафаваныя ці арыштаваныя за бел-чырвона-белыя стужачкі і нават за чырвона-белыя шкарпэткі. А тысячы – незаконна асуджаныя, патрапілі ў турмы, зазнавалі катаванні і здзекі ад сілавікоў пад зялёна-чырвонымі палотнішчамі.

«Калі мы бачым чырвона-зялёны сцяг, мы бачым перш за ўсё савецкую настальгію ва ўсіх яе відах. Дзесьці будуць прывіды Леніна і Сталіна, дзесьці будзе КДБ, якое не пераназываецца, рэпрэсіі, якія трываюць», – падкрэсліў Андрэй Хадановіч.

Апошнім часам рэжым дамагаецца, каб у дзяржаўных дзіцячых садках і школах слухалі дзяржаўны гімн, уздымалі дзяржаўны сцяг і нават увялі асобны прадмет пра генацыд беларускага народу. Але паэт Андрэй Хадановіч перакананы, што боль і пакуты беларусаў, перажытыя за апошнія два гады, падштурхнуць зрабіць выбар на карысць нацыянальнай сімволікі.

Антон Каменскі, «Белсат»