«Не магу ўявіць, што Расея напала на Украіну». Ветэраны не разумеюць пуцінскай агрэсіі


Сёння, у дзень памяці трагедыі Другой сусветнай вайны, мы чуем і галасы тых, хто гэтую вайну бачыў на свае вочы: хто змагаўся тады супраць фашызму, хто праходзіў праз жах і боль, каб свет больш не ведаў войнаў. На жаль, для гэтых людзей гісторыя сёння паўтараецца зноў.

«Вы ведаеце, я адчуваю сябе зараз вельмі дрэнна. Я сем гадоў служыў, абараняючы радзіму. Чыю? Рускую ці Украінскую? Нас насельніцтва – 5 тысяч. Я застаўся адзін у райцэнтры. Больш няма ў мяне таварышаў, няма з кім нават размаўляць. Цяпер яшчэ ганебней адбываецца. З часоў камандавання Пуціным, калі ён стаў прэзідэнтам, яшчэ горш стала. Ну хіба ж так можна? Здзекі такія? І ў нас, і ў Харкаве таксама… Цяпер мы знаходзімся на тэрыторыі майго старога дому, дзе я нарадзіўся, дзе выхоўваўся з бацькамі. І займаюся зараз, як бачыце, перабудовай… пасля бамбёжкі сваёй гаспадаркі», – кажа Іван Лысун.

Іван Лысун распавядае, як вызваляў захопленыя нацыстамі землі. Вызвалялі польскія гарады, але самыя цяжкія баі вяліся за Беларусь: за Гомель, Асіповічы, Баранавічы. Тады Іван атрымаў медаль «За адвагу». А цяпер ветэрану страшна. І не верыцца, што Украіну, за свабоду якой ён змагаўся 77 гадоў таму, ізноў ахапіла вайна.

«Калі б былі сілы – я б пайшоў першы ў абарону. Я б тут памагаў нашым войскам. Нават брыдка дзівіцца. У мяне ёсць сваякі там… Яны абзываюцца. «Вось мы нічога не ведаем…» Як нічога не ведаем? А мы вось так пакутуем зараз», – кажа ветэран Другой сусветнай вайны Іван Лысун.

Фёдар Кіраў, ветэран Другой сусветнай вайны, распавядае, што для яго напад Расеі на Украіну стаў страшным ударам:

«Усё перанёс, усё я адчуваў… Цяпер я не магу ўявіць сабе, што сёння Расея магла напасці на Украіну… Не магу. Ніколі нават у думках не было гэтага… Ваявалі ж разам за бацькаўшчыну, за тое, каб зямля наша была вольная», – кажа ветэран Другой сусветнай вайны Фёдар Кіраў.

Жонка спадара Фёдара, спадарыня Валерыя, якая сама перажыла Другую сусветную малым дзіцём, распавядае, што памятае падзеі тых гадоў, як цяпер. І не можа сабе ўявіць, як выйшла так, што расейцы не памятаюць пра жахі вайны, якая не мусіла больш паўтарыцца ніколі – але, паводле страшнай іроніі, вярнулася цяпер на ўкраінскую зямлю.

«Хіба не памятаюць тыя расейцы, якія там… Хаця мы бачым, што ўвесь свет зараз супраць. Але не даходзіць да гэтага чалавека. Гэта не чалавек, гэта не жывёла, гэта невядома хто… Якая маці нарадзіла яго…», – кажа Валерыя Кірава.

Раней ва ўкраінскім Марыупалі ад бамбёжак памерла 91-гадовая Ванда Аб’едкава – жанчына, якая калісьці перажыла ў сваім родным горадзе Галакост. Яна была сведкаю акупацыі Марыупалю нацыстамі. А ў выніку абстрэлу Харкава загінуў 96-гадовы Барыс Раманчанка, які быў вязнем нямецкіх лагераў смерці. Цяпер жа, у 2022 годзе расейская ракета трапіла ў ягоную кватэру.

Напярэдадні Дня памяці ахвяраў Другой сусветнай вайны яе ветэраны аб’ядналіся, каб распавесці пра свае эмоцыі і папрасіць скончыць цяперашнюю вайну, а таксама выпусціць абаронцаў Марыупалю з тэрыторыі «Азоўсталі».

«Гэта знішчэнне народу. Усё. Асабліва зараз гэтая каманда Пуціна. Я не ведаю. Ну як? Гэтак жа не робіцца. Навошта знішчаюцца народы?» – кажа Аляксей Ткачэнка.

Вось так, праз 77 гадоў пасля завяршэння Другой сусветнай вайны, тыя людзі, якія яе прайшлі, працягваюць змагацца за свабодную будучыню сваёй краіны.

Аляксандра Шапаліна, «БЕЛСАТ»