Кампанія, якая змяніла краіну


Роўна год таму назад, 8 траўня, у Беларусі стартавала прадвыбарчая кампанія на пост прэзідэнта, пасля якой, здаецца, ні людзі, ні краіна, ужо не будуць ранейшымі.

Яшчэ год таму Павел Журык быў індывідуальным прадпрымальнікам і не цікавіўся палітыкаю. Сёння ён вымушаны мігрант, жыве ў Вільні. Змяніла лёс Паўла, як і лёс мноства нашых суайчыннікаў, выбарчая кампанія, што распачалася роўна год таму. А палітычную актыўнасць мужчыны абудзіў блог Сяргея Ціханоўскага.

«Гэта не зняты сюжэт на БТ – гэта жывыя трансляцыі, калі людзі прыходзяць і распавядаюць свае гісторыі нажыва. Гэтыя гісторыі зачапілі настолькі, што я вырашыў – і мая сям’я мяне падтрымала, – што трэба штосьці змяняць», – узгадвае Павел Журык, сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай.

Восьмага траўня 2020 года Палата прадстаўнікоў прызначыла дату прэзідэнцкіх выбараў. На рэгістрацыю ініцыятыўных групаў для вылучэння кандыдатаў на прэзідэнцтва цэнтральная выбарчая камісія прызначыла ўсяго тыдзень і з 55-ці заяваў ад групаў зарэгістравала толькі 15. Сярод іх – групу Святланы Ціханоўскай. Яна падала заяўку замест мужа, якому ўвесь час падаўжалі тэрмін адміністратыўнага арышту.

«Пікеты праходзілі ўсіх кандыдатаў разам, і чэргі стаялі аграмадныя. Дзе я быў – Марʼіна горка, Слонім Бабруйск, Кобрын, шмат дзе былі, па ўсёй рэспубліцы ездзілі, і чэргі велізарныя былі паўсюль», – кажа Павел Журык.

Да пачатку прэзідэнцкай кампаніі беларускае грамадства падышло моцна мабілізаваным, адзначае палітолаг Арсен Сівіцкі, бо падчас першае хвалі каронавіруса дзяржава паказала няздольнасць развязваць пытанні аховы здароўя:

«Значная частка павінна была развязваць эпідэмічныя праблемы сваймі сіламі, гэта падштурхнула гэтую частку да беспрэцэдэнтнай мабілізацыі і палітызацыі».

Памылкай Лукашэнкі палітолаг лічыць арышты канкурэнтаў на пасаду прэзідэнта. Сяргея Ціханоўскага затрымалі 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі, а 18-га чэрвеня арыштавалі патэнцыйнага кандыдата на прэзідэнцтва Віктара Бабарыку. Яшчэ адзін крок, што спрацаваў не на карысць уладаў, – рэгістрацыя кандыдаткаю на прэзідэнцтва Святланы Ціханоўскай, якую не расцэньвалі як сурʼёзную суперніцу.

Абʼяднаны штаб Святланы Ціханоўскай і незарэгістраваных кандыдатамі Віктара Бабарыкі ды Валерыя Цапкалы даў людзям надзею на змены.

«Стратэгія кампаніі веры ў сябе, што кожны з нас можа, што не трэба чакаць, што хтосьці прыйдзе і ўратуе, – яна спрацавала», – адзначае сябра прэзідыуму каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова.

На тое, каб паказаць рэальны выбар беларусаў, скіравалі шэраг акцыяў – белыя бранзалеты, чэргі ў ЦВК, ланцугі салідарнасці і падлік галасоў праз анлайн-платформу. А ў дзень выбараў людзі сабраліся ля выбарчых участкаў, каб дачакацца абвяшчэння вынікаў галасавання.

«Для нас было важна, каб не дэмакратычныя лідары казалі, што вас падманулі, а каб людзі прыйшлі на выбарчыя ўчасткі і гэты падман убачылі сваймі вачамі», – падкрэслівае Вольга Кавалькова.

А ці паўплывала выбарчая кампанія на свядомасць беларусаў? Ці пачалі мы больш цікавіцца палітыкай? Адказваюць жыхары Віцебску:

«Стаў цікавіцца, каб было лепш, каб прэзідэнт памяняўся».

«Не, я па-за палітыкай».

«Як і быў, заўсёды цікаўлюся палітыкай, жыццё такое палітычнае наўкола».

Новаю ж кропкаю мабілізацыі грамадства, на думку Арсена Сіліцкага, сталася непрапарцыйна жорсткая рэакцыя ўладаў на выхад людзей на вуліцы дзявятага жніўня.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»